Мікола Равенскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Равенскі
Нарадзіўся 5 сьнежня 1886(1886-12-05)
маёнтак Капланцы, Расейская імпэрыя
Памёр 9 сакавіка 1953(1953-03-09) (66 гадоў)
Лёвэн, Бэльгія
Гады творчасьці 1903—1953

Міко́ла Я́каўлевіч Раве́нскі (5 сьнежня 1886, маёнтак Капланцы, Ігуменскі павет, цяпер Бярэзінскі раён Менскай вобласьці — 9 сакавіка 1953[1], Лёвэн, Бэльгія) — беларускі кампазытар, дырыгент, музычны крытык.

Напісаў музыку да шэрагу вершаў беларускіх паэтаў, аўтар музыкі да гімну «Магутны Божа», кампанаваў рэлігійную музыку.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 5 сьнежня 1886 г. у маёнтку Капланцы Ігуменскага павету (цяпер Бярэзінскі раён). Бацька — садоўнік.

Зь пяці гадоў сьпяваў у царкоўным хоры, навучаўся ў вясковай школе. У 1895 прыняты на поўнае ўтрыманьне ў Менскі архірэйскі хор, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю[2]. У 1903 г. быў накіраваны ў Менскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору.

У 1905 г. атрымаў ад архірэя накіраваньне ў Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору й выкладаў музыку ў школах. У 1912—1914 гг. прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве. З пачаткам Першай сусьветнай вайны эвакуяваны з Наваградку, працаваў канторшчыкам, загадчыкам складамі ў вайсковым будаўніцтве. З 1917 — выкладчык сьпеваў і музыкі ў Ігумене[3].

У 1919 пераехаў у Менск, працаваў дырыгентам царкоўнага хору, школьным выкладчыкам. У 1920 г. пачаў працаваць кіраўніком хору пры Беларускім работніцкім клюбе (эсэраўскім) у Менску. У гэты час зьяўляюцца ягоныя першыя кампазыцыі — песьні на вершы Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, уступ да паэмы «Гапон» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, песьня «Ах ты, Нёман-рака» на словы Цішкі Гартнага. У 1922 г. у Менску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны песьневы рэпэртуар М. Равенскага — «Зборнік песьняў з нотамі». Пасьля забароны дзейнасьці эсэраў арыштаваны, па вызваленьні пэўны час працаваў хормайстрам у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры (1923).

У 1923 г. выехаў у Маскву працягваць сваю музычную адукацыю, дзе жыў сем гадоў, закончыўшы ў 1927 годзе музычны тэхнікум імя Стасава і ў 1930 годзе кампазытарскі аддзел кансэрваторыі. Адначасна ў 1924—1930 быў сябрам-карэспандэнтам Беларускай Акадэміі навук. У Маскве Мікола Равенскі піша песенныя кампазыцыі на словы Ўладзімера Дубоўкі і Янкі Купалы. Пад уплывам У. Дубоўкі зьвярнуўся да музычнае крытыкі й напісаў два крытычныя артыкулы ва «Ўзвышша».

3 1930 выкладаў у музычным тэхнікуме, Беларускай кансэрваторыі. У 1938 выключаны з Саюзу кампазытараў як брат расстралянага Антона Равенскага[4]. У 1940 пераехаў у Магілёў, але праз год вярнуўся ў Менск, дзе і застаў акупацыю. Тут 23 чэрвеня згінулі ў пажары ўсе ягоныя рукапісы і друкі[5].

З 1943 — рэгент царкоўнага хору ў г. Ігумене[5], у 1944 вярнуўся ў Менск. 3 надыходам савецкіх войскаў эміграваў у Нямеччыну, жонка зь дзецьмі засталася ў БССР[6]. Працаваў рабочым на тартаку пад Мюнхэнам, выкладаў у беларускіх гімназіях у Рэгенсбургу і Остэргофэне[4]. Быў сябрам Рады БНР у выгнаньні[7].

З 1950 у Бэльгіі, у Лювэнскім унівэрсытэце стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі. У апошнія гады захварэў на рак[6][1]. Пахаваны ў Лёвэне.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. БагдановічаПагоня», «Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я. Купалы, Я. Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К. Буйло («Люблю наш край», гістарычная сюіта «Курган» паводле аднайменнага верша), Ц. Гартнага, З. Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), У. Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына»); беларускай опэры «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; не завершанае); беларускай апэрэты «Залёты» (паводле В. Дунін-Марцінкевіча); музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсеньневай).

Кампанаваў рэлігійную музыку. Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).

У канцы жыцьця кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Бэльгіі, зь ім даў шмат канцэртаў у краінах Заходняй Эўропы[8], запісаў грамафонныя кружэлкі зь беларускімі сьвецкімі і рэлігійнымі песьнямі[5]. Па сьмерці на гэтай пасадзе яго зьмяніў Канстанцін Кіслы(be).

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Меў братоў Аляксандра (расстраляны нацыстамі ў пачатку нямецка-савецкай вайны) і Антона (расстраляны сталіністамі ў 1937)[9].

Зь першай жонкай меў дачок. Адна зь іх, Лёля, была сувязной Ісаі Казінца і расстраляная гестапа пасьля ягонага арышту[6]. Яшчэ адна, Вольга (у замужжы Аляксеенка) — салістка хору Беларускага радыё і тэлебачаньня[10].

Пляменьнік Міколы Равенскага Аляксандар Аляксандравіч Равінскі жыве ў Жодзіне[9].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Станкевіч Я. † Сьв. памяці Мікола Равенскі // За родную мову й праўдзівы назоў: выбранае. — Смаленск: 2013. — С. 328.
  2. ^ Юрэвіч 1999. С. 193.
  3. ^ Юрэвіч 1999. С. 193—194.
  4. ^ а б Арлоў, Уладзімер (26 сьнежня 2006) Мікола Равенскі (17.12.1886—3.3.1953) Імёны Свабоды. Радыё «Свабода»Праверана 4 траўня 2016 г.
  5. ^ а б в Ян Максімюк. Мікола Равенскі // Спадчына. — 1995. — № 4. — С. 176—178.
  6. ^ а б в Дзіяна Чаркасава. Цярністы шлях Міколы Равенскага // Салідарнасьць. — 2 сьнежня 2011.
  7. ^ Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч. Рада БНР (1947—1970). Падзеі. Дакументы. Асобы. — Мінск, 2013, с. 221
  8. ^ Календарыюм // «Czasopis» № 12, 2006.
  9. ^ а б Бартосік, Зьміцер (2 траўня 2016) «Ён ня наш чалавек быў». Радзіма Міколы Равенскага Падарожжы Свабоды. Радыё «Свабода»Праверана 4 траўня 2016 г.
  10. ^ Янка Жучка. Лёсы музыкаў // Чырвоная зьмена. — 24 сакавіка 1990.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]