Мілецкія натурфілёзафы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мілецкія натурфілёзафы

Першыя філязофскія тэорыі абумоўленыя думкаю, што ва ўсяго існага ёсьць адзіны супольны першапачатак (архэ), які ў якасьці адзінай першаматэрыі ляжыць у аснове рэчаў і як першапрычына абумоўлівае досьведна пазнаваныя працэсы.

Першым філёзафам лічыцца Фалес зь Мілету (каля 624 – 547 гг. да н.э.), які лічыў гэтай першаматэрыяй ваду. То бок усё складаецца з вады і, паколькі архэ лічыцца жывым і рухомым, зьяўляецца жывым.

Акрамя таго Фалес пакінуў свой сьлед у матэматыцы (тэарэма Фалеса) і астраноміі.

Яго вучань Анаксімандр (каля 610 – 546 гг. да н.э.) вызначае першапрынцып больш абстрактна – як апэйрон, то бок няскончанае, бязьмежнае і нявызначанае. Зь яго палярнымі парамі выходзяць усе рэчы сьвету і зноў у яго вяртаюцца.

У Анаксімена (каля 585 – 525 гг. да н.э.) першапачатак таксама вызначаецца як матэрыяльны – ён лічыць ім паветра. Калі паветра становіцца больш шчыльным, узьнікае халоднае (да прыкладу, вада, зямля, каменьне), калі яно становіцца больш рэдкім – цёплае (да прыкладу, агонь). Такім чынам якасныя вызначэньні ён тлумачыць колькаснымі зьменамі. Людзі таксама падлягаюць таму прынцыпу, паколькі і душа складаецца з паветра.