Мірскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мірскі замак
Mir Castle Complex*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Мірскі замак. Сучасны стан
Краіна Беларусь
Тып Культурны
Крытэры ii, iv
Спасылка 625
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты Каардынаты: 53°27′4.40″ пн. ш. 26°28′22.63″ у. д. / 53.4512222° пн. ш. 26.4729528° у. д. / 53.4512222; 26.4729528
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 2000  (24-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Мі́рскі за́мак — унікальны помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Міры, старажытная рэзыдэнцыя Ільлінічаў і Радзівілаў. Знаходзіцца ў паўноўчна-ўсходняй частцы мястэчка, на правым беразе ракі Міранкі, на рагу Замкавай і гістарычнай Нясьвіскай вуліцаў[a]. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі і сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. З 1992 году тут працуе філія Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі.

Мірскі замкава-паркавы комплекс, апроч замка з абарончымі валамі, таксама ўлучае капліцу Заслаўскіх, капліцу-пахавальню князёў Сьвятаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, пейзажны і рэгулярны паркі з Замкавым ставам, дом аканома.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымоўвае ад Карла V тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі

Па пераходзе маёнтку Міру ў валоданьне Ільлінічаў (1490 год) у 1506—1510 або 1520-я гады з ініцыятывы Юрыя Ільлініча праводзіўся першы этап будаваньня мураванага замка на месцы спаленага татарамі драўлянага фэўдальнага. У гістарычных крыніцах замак упершыню ўпамінаецца пад 1527 годам[1]. 10 ліпеня 1555 году ўнук Юрыя Ільлініча таксама Юры атрымаў тытул графа Сьвятой Рымскай імпэрыі «на Міры», а замак набыў статус адміністрацыйнага цэнтру Мірскага графства.

Мікалай Радзівіл «Сіротка»

У 1568 годзе, паміраючы бязьдзетным, Юры Ільлініч у якасьці падзякі за апёку (яго выхаваньнем займаўся Мікалай Радзівіл «Чорны»), перадаў Мір разам з графскім тытулам сыну свайго апекуна — Мікалаю Радзівілу «Сіротку». За Радзівіламі ў канцы XVI ст. пачаўся другі этап узьвядзеньня замка, калі да яго дабудавалі палацавыя карпусы, а сам замак атачылі сыстэмай бастыённых фартыфікацыяў.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе замак зьведаў аблогу казацкімі загонамі Івана Залатарэнкі і войскамі Міхаіла Трубяцкога, таксама ён моцна пацярпеў ад артылерыйскага абстрэлу швэдзкім аддзелам[2]. Цалкам спустошаны замак аднавілі ў канцы XVII ст.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе замак узялі штурмам і спалілі швэдзкія войскі. У 1730-я гады замак зноў аднавілі. У XVIII ст. у парку зьявіліся ацепленыя зашклёныя аранжарэі з экзатычнымі расьлінамі ў кадках, якія ўлетку выносіліся ў сад[3].

У час паўстаньня 1794 году замкам авалодала прыступам расейскае войска Аляксандра Суворава.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Мір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка. У вайну 1812 году пад мурамі замка 9—14 ліпеня адбыліся жорсткія баі паміж кавалерыяй генэрала М. Платава і коньніцай францускага маршала Л. Даву, 10—11 лістапада — паміж расейскай арміяй адмірала П. Чычагава і французамі. Выбух парахавога склада, які разьмяшчаўся ў паўночна-ўсходняй вежы, раскалоў яе зьверху да нізу, тым часам расейцы разрабавалі багацьці палаца Радзівілаў.

У паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» даецца апісаньне выдуманага «замка Гарэшкаў», які дасьледнікі творчасьці паэта атаясамляюць зь Мірскім замкам[4].

З 1828 году замкам валодалі Вітгенштэйны, потым ён перайшоў да Сьвятаполк-Мірскіх, за якімі заставаўся да 1939 году. У 1870 годзе князь Сьвятаполк-Мірскі пачаў рэканструкцыю замку.

Дзеля ўласных патрэбаў з усходу ад замка Сьвятаполк-Мірскія збудавалі новы, эклектычны палац, які згарэў у 1914 годзе. Паміж новым палацам і замкам стварылі пэйзажны парк. З поўдня, на месцы зарослых старых вадаёмаў, у 1898 годзе выкапалі новы вялікі стаў. У парку побач з усходнім абарончым замкавым валам у 1904 годзе збудавалі родавую капліцу-пахавальню Сьвятаполк-Мірскіх.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па Першай сусьветнай вайне Міхал Сьвятаполк-Мірскі пастанавіў аднаўляць замак, а не згарэлы палац. Рэстаўрацыйныя працы пачаліся ў 1920-я гады. Імі кіравалі: варшаўскі кансэрватар Тэадор Буршэ, інжынэр Фэлікс Блёх і мясцовы муляр Ян Пушкарскі. Да 1938 году ўдалося адбудаваць частку ўсходняга палацавага корпуса, гарматную і тынкаваную вежы. Працы праводзіліся і ў іншых месцах.

У канцы 1939 году савецкія ўлады зладзілі ў замку вытворчую арцель. За часамі акупацыі Трэцяга Райху нацысты стварылі ў замку лягер ваеннапалонных і гета. Па Другой сусьветнай вайне, у прыдатных да жыльля памяшканьнях замка да 1956 году жылі местачкоўцы-пагарэльцы.

У 1969 годзе пачалася частковая рэстаўрацыя замка[5]. Архітэктурна-археалягічныя дасьледаваньні тут праводзілі Міхась Ткачоў у 1972 годзе, Алег Трусаў у 1980—1984 і 1989—1991, Ігар Чарняўскі ў 1982 годзе.

З 1992 году замак стаў філіяй Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. У 1994 годзе ЮНЭСКО залічыла замак да найвышэйшай катэгорыі помнікаў сусьветнай культуры, а ў 2000 годзе — улучыла ў Сьпіс сусьветнай спадчыны.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унікальны помнік дойлідзтва Беларусі, у якім адлюстроўваюцца стылі готыкі і рэнэсансу, спалучаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Ад пачатку задумваўся найперш як рэпрэзэнтацыйны будынак, які мусіў сымбалізаваць становішча ўладальніка. Разьмяшчэньне фартэцыі на перакрыжаваньні значных гандлёвых шляхоў мела важнае стратэгічнае значэньне. Асаблівасьці пляну замка (вынясеньне за вонкавы контур абарончых сьценаў чатырох кутніх і адной брамнай вежаў, наяўнасьць гарматных байніцаў), сьведчаць пра тое, што ён будаваўся з улікам вынаходніцтва пальнай зброі і мог быць адной з найлепшых узораў мясцовай фартэцыі свайго часу.

Замкавы комплекс складаецца з чатырохкутніка мураваных сьценаў, на вуглах якіх стаяць чатыры 5-ярусныя вежы. Пятая найбольш высокая і масіўная 6-ярусная вежа была ўязной брамай. Яна мела пад'ёмны мост, краты (герсу), двое варотаў. Пад брамай у сутарэньнях знаходзілася вязьніца, на другім ярусе — капліца. Падмуркі вежаў і сьценаў заглыбляюцца на 5 м. Галоўная вежа ў ніжнім сечыве блізкая да квадрата (11,7 × 12 м), памеры астатніх — 10,7 × 11,5 м; 10,7 × 10 м; 10 × 9,75 м; 10,8 × 9,8 м. Усе 4 вежы з чатырохграннага сечыва пераходзяць у васьміграннае на ўзроўні 4-га паверха, галоўная вежа — на ўзроўні сьценаў. Яе другі і трэці паверхі з скляпеністымі перакрыцьцямі мелі адпаведна 6 і 7 байніцаў дзеля стральбы з гарматаў і мушкетаў, астатнія паверхі — па 8 гарматных байніцаў. Вежы (вышыня 25—27 м) накрываюцца шатрамі, таўчыня сьценаў ад 3 да 1,5 м. Ніжнія іх ярусы маюць мураваныя скляпеньні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Усярэдзіне кутніх вежаў вітыя ўсходы да самага верху, у брамнай — на 3 ярусы[6].

Дэкаратыўны разьвязак засноўваецца на кантрасьце чырвонай цэглы сьценаў і белых атынкаваных нішаў. Найбольш багатую аздобу маюць паўднёва-заходняя і паўночна-ўсходняя вежы. Вонкавыя сьцены дэкаруюцца парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалёнкамі. Замак атачаецца землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой[7].

Збудаваны за Радзівіламі 3-павярховы зь лёхамі палац складаецца з двух карпусоў. Будаваньне палаца адбілася на мураваных сьценах і вежах, якія страцілі сваё абарончае значэньне: байніцы заклалі, у сьценах прабілі вялікія аконныя праёмы, верхнюю частку сьценаў разабралі і змуравалі нанова. Увесь комплекс у цэлым фактычна пераўтварылася ў палац. Функцыю абароны ўзялі на сябе ўзьведзеныя ў той жа час земляныя валы з бастыёнамі. Перад галоўнай вежай збудавалі барбакан, сьцены якога мелі таўшчыню 1,25 м, у вышыню дасягалі ўзроўню замкавых сьценаў. Усярэдзіне барбакана быў катлаван, які закрываўся пад’ёмным мостам памерамі 9,75 × 9,5 м. Ён падымаўся і поўнасьцю закрываў браму. Наверсе была баявая галерэя — памост для стралкоў. У галоўнай вежы ўсталявалі вялікі гадзіньнік з званамі.

Лёхі і першы паверх палаца мулі гаспадарчае прызначэньне і адводзіліся ў асноўным пад каморы. Другі паверх прызначаўся для прыслугі, тым часам найвышэйшы трэці паверх выконваў парадную магнацкую функцыю. Адпаведна афармляліся інтэр’еры пакояў розных узроўняў. У лёхах падлога была брукаванай, сьцены не тынкаваліся, з ацяпляльных прыстасаваньняў мелі месца толькі каміны — простыя нішы ў сьценах з каналам для коміна. На першым і другім паверхах падлога выкладвалася керамічнай пліткай, сьцены тынкаваліся і бяліліся, уладкоўваліся печы, прытым на першым паверсе абкладзеныя, як правіла, непаліванай кафляй, а на другім — паліванай, але аднатоннай (часьцёў за ўсё зялёнай). Тым часам у апісаньнях трэцяга паверху сустракаюцца ўпаміны пра францускае малярства на сьценах, кесонныя столі з разьбой, ляпнінай, расфарбоўкай і пазалотай, паркетныя падлогі, багата аздобленыя каміны і печы з паліванай кафляй рознай формы і колераў. Абабітыя каштоўнымі пародамі дрэва дзьверы ставіліся ў прафіляваныя каменныя (зь пяскоўца) абрамленьні. Кампазыцыю інтэр’ераў дапаўняла багатая мэбля, творы мастацтва ды іншыя прадметы раскошы. Агулам у палацы было больш за 40 пакояў, аздобленых ляпнінай, мармурам, шпалерамі[8].

У замку існаваў патаемны падземны ход. Магчыма, яго пачатак у час раскопак у 1912 годзе выявіў Юзэф Ядкоўскі.

Паркі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўдзень, за замкавымі валамі месьціцца закладзены ў XVII ст. рэгулярны парк італьянскага тыпу «Італьянскі сад» з сыстэмай прысадаў і баскетаў, аранжарэямі і ставамі. Пэрымэтар парку адзначаецца пасадкамі ліпаў. Трапіць у парк можна было беспасярэдне з палаца перакінутым з другога паверха праз вал мастком.

Створаны ў канцы XIX ст. пэйзажны парк займае плошчу 25 га і ўлучае ў сваю кампазыцыю рэшткі рэгулярнага парку ў заходняй частцы. Ляндшафтавая кампазыцыя ўсходняй часткі падзяляецца на тры зоны. У паўднёвай зоне месьціцца стаў, абмежаваны з поўдня хваёвымі прысадамі, а з захаду насыпной дамбай. У паўночнай зоне засяроджваюцца асноўныя паркавыя насаджэньні. Галоўны маршрут пачынаецца ад сьценаў замка, праходзіць цераз дамбу, хваёвай алеяй, берагам става і падводзіць да палаца. У паўночнай частцы ячшэ тры маршруты да шпацыраваньняў.

Лісьцевыя пароды дрэваў растуць у масівах, хваёвыя — асобнымі групамі. У парку шмат экзотаў: лістоўніца (сыбірская, эўрапейская, шыракалускаватая), хвоя чорная, дугласія шэрая, чаромха віргінская, явар пэнсыльванскі, яблыня сыбірская, дуб звычайны пірамідальны ды іншыя.

З поўдня і паўднёвага захаду ад замка ўтварылася сыстэма ставаў з вадзянымі млынамі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Чырвонаармейская, 2

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 208.
  2. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 209.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 314.
  4. ^ Бубновский Д. «На скрыжаванні ўсіх шляхоў…» История создания мирского замка // Архитектура и строительство. № 2, 2012. С. 14.
  5. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 348.
  6. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 313.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 469.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 470.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000317