Міхал Вітушка
| Міхал Вітушка | |
|---|---|
| 5 лістапада 1907 — 27 красавіка 2006 | |
![]() |
|
| Месца нараджэньня | Нясьвіж, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
| Месца сьмерці | Мюнхэн, Нямеччына |
| Прыналежнасьць | «Чорны кот» |
| Званьне | Генэрал |
| Бітвы/войны | Другая сусьветная вайна |
Міха́л Віту́шка (5 лістапада 1907, Нясьвіж, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 27 красавіка 2006 Мюнхэн, Нямеччына) — беларускі палітычны дзяяч, кіраўнік беларускага антысавецкага руху.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў Нясьвіжы. Атрымліваў адукацыю ў Клецкай, а пасьля Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1930 годзе. Вучыўся ў Праскім і Варшаўскім унівэрсытэтах, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў і Асьветнага таварыства беларусаў у Варшаве.
У жніўні 1941 году Міхал Вітушка — камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай Самааховы на Заходнім Палесьсі, дзе Беларуская Самаахова праводзіла сумесную з Палескай сеччу УПА антысавецкую апэрацыю. Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Менску, да восені 1941 быў намесьнікам камэнданта паліцыі. У 1942—1943 гадох займаўся стварэньнем аддзелаў Беларускае Самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генэрала. У чэрвені 1944 году ўдзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў плянаванага антынямецкага выступу ў Менску, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. З лета 1944 году — афіцэр дэсантнага батальёну «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.
Паводле адных зьвестак, 17 лістапада 1944 году дэсантаваўся на Віленшчыне на чале аддзелу парашутыстаў і 7 студзеня 1945 году быў забіты ў баі. Паводле іншых зьвестак пад яго імем дэсантаваўся іншы чалавек, а Вітушка зьявіўся ў Беларусі пазьней. Гэтыя, апошнія, зьвесткі, магчыма, атрымалі пацьверджаньне ў апошні час.
Актыўную дзейнасьць у Беларусі Вітушка пачаў у 1946 годзе, рэарганізаваўшы антысавецкі партызанскі рух Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Спыніў партызанскую барацьбу, але ўзначальваў падпольле. Паводле адных зьвестак, загінуў у баі з карным аддзелам НКУС. Паводле іншых зьвестак, якія, магчыма, атрымалі пацьверджаньне ў апошні час, перабраўся ў Польшчу, а пасьля ў Заходнюю Нямеччыну. Яго справа ў КДБ дасюль не зачыненая. Паводле няспраўджаных зьвестак «Эўрапейскага радыё для Беларусі», памёр 27 красавіка 2006 году.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Вітушка Міхал // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.ISBN 985-6374-07-3.
- Сяргей Ёрш. Міхал Вітушка памёр двойчы // Наша Ніва № 23
