Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі
| Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі | |
М. Ф. Чартарыйскі. Люі дэ Сыльвэстэр, 1741 |
|
Герб «Пагоня Літоўская» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 26 красавіка 1696 |
| Памёр: | 13 жніўня 1775 |
| Род: | Чартарыйскія |
| Бацькі: | Казімер Чартарыйскі Ізабэла Альжбета з Морштынаў |
| Жонка: | Элеанора Моніка з Валдштайнаў |
| Дзеці: | Антаніна, Канстанцыя, Аляксандра, Антоні |
Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі (26 красавіка 1696 — 13 жніўня 1775) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падстолі вялікі літоўскі (1720—1722), кашталян віленскі (1722—1724), падканцлер (1724—1752) і канцлер вялікі літоўскі (з 1752)[1].
Трымаў Гарадзенскае, Гомельскае і Купіскае староствы. Кавалер шэрагу ордэнаў: Белага Арла (1726), расейскага Андрэя Першазваннага (1754) і прускага Чорнага Арла (1764).
Зьмест |
Біяграфія[рэдагаваць]
З княскага роду Чартарыйскіх гербу «Пагоня», сын Казімера, кашталяна віленскага, і Ізабэлы Альжбеты з Морштынаў.
Быў палітычным кіраўніком «фаміліі» ў 1740—1770-х. У 1720-я наблізіўся да Я. Г. Флемінга, першага міністра Аўгуста Моцнага. Па сьмерці Аўгуста Моцнага (1733) падтрымаў Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам Сасам. У 1744—1750 спрабаваў правесьці рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай з апорай на падтрымку Расеі і Аўстрыі.
Па сьмерці Аўгуста Саса (1763) у 1764 пад аховай расейскіх войскаў зладзіў у Вільні Генэральную канфэдэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, скіраваную супраць К. С. Радзівіла «Пане Каханку», і дамогся яго выгнаньня з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць «фамілію», ініцыявала ў 1767 Радамскую канфэдэрацыю на чале з К. С. Радзівілам.
Да антырасейскай Барскай канфэдэрацыі не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстаньня расейскіх войскаў для яе здушэньня. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб вызнаньні першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—1764 як галава «фаміліі» падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменьніка Адама Казімера Чартарыйскага на сталец Рэчы Паспалітай[1].
Ажаніўся 30 кастрычніка 1726 з Элеанорай Монікай Валдштайн (1712—1795). У шлюбе нарадзіліся 3 дачкі і сын:
- Антаніна (1728—1746), 13 лютага 1744 выйшла замуж за Яна Юрыя Флемінга
- Канстанцыя (1729—1749), 2-я жонка Яна Юрыя Флемінга
- Аляксандра (1730—1798)
- Антоні (памёр у 1753)
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б Грыцкевіч А. Чартарыйскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 740.
Літаратура[рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||||