Міхась Забэйда-Суміцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Забэйда-Суміцкі
Партрэт Міхася Забэйды-Суміцкага, аўтар Анатоль Крывенка
Дата нараджэньня 14 чэрвеня 1900(1900-06-14)
Месца нараджэньня Шэйпічы
Дата сьмерці 21 сьнежня 1981(1981-12-21) (81 год)
Месца сьмерці Прага
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Прафэсія сьпявак
Вакал тэнар[d]
Інструмэнты голас[d]

Міха́сь Іва́навіч Забэ́йда-Сумі́цкі (14 чэрвеня [ст. ст. 1 чэрвеня] 1900, в. Шэйпічы Пружанскага раёну — 21 сьнежня 1981, Прага) — беларускі сьпявак, тэнар. Сьпявак імкнуўся выконваць усе творы ў арыгінале і на памяць, каб як найбольш прыблізіць выканальны твор да слухача і як найбольшы сьлед пакінуць у яго душы. Акрамя клясычнага рэпэртуару М. Забэйда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленьне народныя песьні і вакальныя творы беларускіх кампазытараў. Папулярызаваў беларускую народную песьню ў сьвеце.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца нараджэньня Забэйды-Суміцкага. Вёска Шэйпічы Пружанскага раёну

Нарадзіўся сьпявак 14 чэрвеня 1900 году, як сам расказваў, у адной з трох вёсак — Шэйпічы (цяпер Пружанскі раён), Падароск ці Несьцеравічы. Ахрышчаны ў Сядзельніцкай царкве каля Падароску[1].

Двайное прозьвішча (узяў ужо ў сталым веку) у яго ад бацькі (па мячы) — Івана (Яна) Андрэевіча Забэйды зь вёскі Несьцяровічы, і маці (па кудзелі) — Аляксандры Феліксаўны Суміцкай зь вёскі Шэйпічы. Дзяцей у сям’і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Валодзя памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара году, памёр яго бацька. Паводле расказаў вяскоўцаў, Іван Андрэевіч добра сьпяваў.

Гадоў з 8—9 Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднаклясную школу, потым двухклясную царкоўна-прыхадзкую вучэльню ў Галоўчыцах, якую скончыў у 1914 годзе.

У тым жа 1914 годзе ён паступае ў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю. Праз год, калі набліжаўся фронт першай сусьветнай вайны, сэмінарыя эвакуявалася ў Смаленск, куды пераехаў таксама Міхась Забэйда. Скончыў сэмінарыю ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сыбір, куды эвакуявалі маці.

Сыбір, Манчжурыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1918—1920 гг. — праца настаўнікам у сяле Усьць-Калманскае, што каля Барнаулу. Ствараў хоры і драматычныя гурткі.

У 1920 годзе ў выніку грамадзянскае вайны Забэйда-Суміцкі апынуўся ў Харбіне, на станцыі Вэйшахэ Кітайскай усходняй чыгункі, потым — у Вэйшахэ. У Харбіне ён пачаў вучыцца музыцы. Яго настаўніцай была Ю. К. Платніцкая, былая супрацоўніца Шаляпіна, добрая артыстка і пэдагог. У 1929 годзе пасьпяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расейскага ўнівэрсытэту з дыплёмам другой ступені і правам атрыманьня дыплёму першае ступені. Аднак жыць бязь сьпеваў ня змог і замест прапанаванага месца ў асыстэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай опэры. У гэты час у яго ўжо ёсьць вопыт і пяяньня ў дзіцячых хорах, і самастойнага авалодваньня музычнымі інструмэнтамі (скрыпка, гітара, мандаліна, балалайка, губны гармонік). Дэбютаваў у ролі Ленскага ў опэры «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага. За тры гады, аддадзеных Харбінскай опэры, ён выканаў 15 партыяў: Фаўста ў «Фаўсьце» Ш. Гуно, Альфрэда ў «Травіяце», Герцага ў «Рыгалета», Уладзімера ў «Князі Ігары» А. Барадзіна і іншых, — а ўсяго падрыхтаваў пятнаццаць партыяў, прычым нязьменна сьпяваў на мове арыгіналу. Пры гэтым яшчэ працаваў у школе. Крытыка добра прыняла маладога сьпевака, ён паверыў у сябе, захацеў удасканаліць свае здольнасьці і зьехаў у Мілян.

Італія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1932 годзе, атрымаўшы візу, пераехаў у Італію. Вучыўся ў маэстра Фэрнанда Карпі, які раней канкураваў з Каруза і іншымі славутымі сьпевакамі. Тут Міхась Забэйда-Суміцкі ўпершыню пачуў Ф. Шаляпіна, пазнаёміўся зь Леанідам Собінавым. Пасьпяхова выступаў у Мілянскай опэры, сьпяваў на 16 мовах. Канцэртуе ў Мілянскай кансэрваторыі, гастралюе па Італіі, выконвае тэнаровыя партыі ў опэрах «Травіята», «Рыгалета», «Сэвільскі цырульнік» на сцэне «Ля Скаля». Яму прадказвалі вялікую артыстычную будучыню.

Польшча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Але ў гэты час сьпявак атрымаў з Шэйпіч вестку, што ягоная маці, зь якой ён ня бачыўся 16 гадоў, моцна хварэе і хоча яго бачыць. Так у 1935 годзе Міхал Іванавіч пераяжджае ў Заходнюю Беларусь. Цягам 1935—1936 гадоў М. Забэйда-Суміцкі выступае ў беларускіх гарадох (Ружаны, Беласток, Баранавічы, Берасьце, Горадня), па ўсёй Польшчы (Варшава, Познань) і далей, шырэй — Летува, Латвія, Чэхаславаччына. Ягоны першы канцэрт з нагоды прыезду на бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах, блізкіх з Шэйпічамі, роднай вёскай сьпевака. У канцэрце сярод клясычных твораў прагучала і беларуская калыханка, якую калісьці сьпявала яго маці. Ад яе ён і ўзяў тады другую частку прозьвішча — Суміцкі[1].

На 1935—1936 гады заключыў кантракт з познанскім опэрным тэатрам. Там сьпяваў усё па-польску. Пашырыў свой рэпэртуар новымі опэрамі: «Выкраданьне з Сэралю» В. Моцарта, «Юлій Цэзар» Г. Ф. Гендэля, «Барыс Гадуноў» М. П. Мусаргскага і інш. Хаця на працягу сэзону ён блішчэў у галоўных партыях опэр «Галька» С. Манюшкі, «Яўген Анегін» П. І. Чайкоўскага і іншых, адносіны дырэктара опэры зь Міхасём Іванавічам былі ня лепшыя. Канфлікт паўстаў на глебе нацыянальнага пытаньня: Міхась Забэйда-Суміцкі ніяк не жадаў называць сябе вялікім польскім сьпеваком, прызнаючы толькі адно права — звацца беларускім. На ягоныя ролі часьцей сталі ставіць палякаў. З гэтае прычыны на другі год сьпявак ад далейшага супрацоўніцтва з тэатрам адмовіўся і пераехаў у Варшаву.

У 1936 годзе прэзэнтацыі клясычнага беларускага рэпэртуару адбыліся ў культурнай сталіцы краю — Вільні — на запрашэньне Рыгора Раманавіча Шырмы. Тут Забэйда-Суміцкі пазнаёміўся з Максімам Танкам. Сумесныя канцэрты М. Забэйды і хору Р. Шырмы адбыліся: першы — у рамках вечару беларускай паэзіі і песьні 15 сакавіка, другі — на сьвяце «Дня беларускай культуры» 13 сьнежня. «Віленскія гастролі» Забэйды адбыліся і ў 1937 годзе.

З 1937 працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Займаўся актыўнай канцэртнай дзейнасьцю, гастраляваў па гарадах Польшчы (у тым ліку Заходняй Беларусі), Латвіі, Эстоніі. Акрамя клясычнага рэпэртуару М. Забэйда-Суміцкі абавязкова ўключаў у кожнае сваё выступленьне народныя песьні і вакальныя творы беларускіх кампазытараў. Польскае радыё не жадала прапускаць беларускія песьні менавіта як беларускія, яны маглі гучаць толькі пад назвай «палескія», «рэгіянальныя», «людовыя». Цэнзураваньне рэпэртуару выдатнага сьпевака не аднойчы прыводзіла да выкрэсьліваньня з канцэртных праграм «Лявоніхі», «Маладога дубочку» і іншых, часьцяком не пакідаючы ніводнай беларускай песьні.

1938 год стаў вельмі плённым на шматлікія радыёканцэрты, гастрольныя туры (Баранавічы, Беласток, Берасьце, Горадня, Вільня, Ліда, Камянец, Сасноўка). Беларуская частка канцэртаў складалася з рамансаў і песень Манюшкі, Туранкова, Чуркіна, Аладава, Галкоўскага, Грачанінава, Казуры. Радыёвыступы Забэйды-Суміцкага трансьляваліся ў Парыжы, Празе, Нью-Ёрку, Лёндане і іншых гарадох.

Менавіта ў гэты пэрыяд сьпеваку ўдалося наладзіць у польскім аддзяленьні фірмы «Odeon» запіс першай з шэрагу грампласьцінак з апрацоўкамі беларускіх народных песень «Малады дубочак», «Чаму ж мне ня пець», «Ляціць сарока», «Конь бяжыць, зямля дрыжыць», «Шчука, рыба ў моры», «Ой, рана-рана куры запелі», «Рабіна-рабіначка», «Як памёрла матулька», «Ой, у лесе, лесе», «Лявоніха». Аднак ужо з канца 1938 году яго нацыянальна-асьветніцкая дзейнасьць усё болей і болей абмяжоўвалася польскімі ўладамі. У сьнежні быў забаронены канцэрт сьпевака ў Вільні. Выступленьне ўдалося арганізаваць ва ўнівэрсытэцкай «Зале Сьнядэцкіх» толькі з дапамогаю Беларускага студэнцкага саюза Ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторы, які скарыстаў права «экстэрытарыяльнасьці» віленскага ўнівэрсытэту. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны канцэртная дзейнасьць М. Забэйды-Суміцкага на тэрыторыі польскай дзяржавы спынілася.

У 1939 годзе плянавалася турнэ сьпевака па Эўропе і Амэрыцы, але перашкодзіў пачатак ваенных дзеяньняў, якія пачаліся з бамбаваньняў у першую чаргу Варшавы. Падчас бамбардаваньня гітлераўцамі Варшавы Міхась Забэйда быў кантужаны. Стрыечны брат сьпевака Язэп Урбановіч з адным са сваіх таварышаў прабраўся цераз акружэньне і спрабаваў вывесьці Забэйду-Суміцкага з Варшавы, але той быў настолькі хворы, што ня здолеў ісьці зь імі. Там ён пражыў да траўня 1940 году.

Вясною, атрымаўшы запросіны ад Народнага тэатру з Прагі, пераехаў туды.

Чэхія і Нямеччына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З траўня 1940 году і да канца жыцьця родным горадам для яго воляю лёсу стала Прага. М. Забэйду-Суміцкага запрашаюць на сталую працу ў Нацыянальны тэатар. 12 кастрычніка 1940 году адбыўся першы канцэрт беларускага сьпевака ў Празе. Вымушаны ён быў канцэртаваць, ня маючы сродкаў да жыцьця. Пазьней яшчэ выкладаў сьпевы ў музычнай акадэміі.

А рэпэртуар М. Забэйды-Суміцкага на той час ужо складала і сусьветная клясыка (Моцарт, Шубэрт, Бэтговэн, Чайкоўскі, Манюшка), і творы чэскіх кампазытараў (Дворжак, Новак, Сьметана), і сваіх суайчыньнікаў (Мікалай Аладаў, Канстанцін Галкоўскі, Рыгор Пукст, Аляксей Туранкоў, Мікалай Чуркін), і беларускі ды ўкраінскі фальклёр. Ён сьпяваў на 16 мовах, а на працягу аднаго канцэрту нярэдка выконваў песьні на дзесяці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэксты.

Але Бэрлін глядзеў на трыюмф М. Забэйды інакш. Сьпеваку прапанавалі як беларусу ўзначаліць беларускія радыёперадачы з Бэрліну на Савецкі Саюз (тады Нямеччына ўжо распачала вайну з СССР). Міхаіл Іванавіч адмовіўся.

Апошні падчас вайны канцэрт быў у віленскім Гарадзкім тэатры ў 1944 годзе. Пасьля вяртаньня ў Прагу Міхал Іванавіч быў выкліканы ў гестапа па даносе, што ён — бальшавіцкі агент. Нават выдалі распараджэньне выселіць сьпевака з Прагі як непажаданую асобу. Але здароўе сьпевака моцна пагоршылася, з дапамогаю дактароў ён трапіў у шпіталь, хоць гестапаўцы забралі яго і адтуль. Сядзеў у Пэчкавым палацы(cs) — «гнязьдзе гестапа», у Панкрацкай турме, урэшце апынуўся ў Бэнешаве. Абвінавачваўся ў тым, што сьпяваў расейскія і беларускія творы. Быў вызвалены адтуль у 1945 годзе з прыходам Чырвонай арміі. І адразу ж КДБ распачаў на яго палітычную справу, абвінавачваючы ў супрацы з фашыстамі. Абвінавачаньне было афіцыйна скасаванае толькі ў 1950 годзе.

Чэхаславаччына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вайне славуты геній сцэны застаўся жыць у Чэхаславаччыне, выступаў з канцэртамі, запісваўся ў студыях, займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Выконваў беларускія, чэскія, славацкія, украінскія, расейскія песьні. Многія творы савецкіх кампазытараў упершыню прагучалі ў Празе ў ягоным выкананьні.

1960-ыя гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магіла М. Забэйды-Суміцкага на Альшанскіх могілках у Празе

Толькі адзін раз, падчас хрушчоўскай адлігі ў 1963 годзе, яго запрасілі ў Савецкую Беларусь. Яго апекуны клапаціліся, каб у касах практычна не было квіткоў, і тады ў паўпустыя залі прыводзілі салдатаў тэрміновай службы. І ўсё-ткі гэта быў проста фурор: аншлягавыя канцэрты ў Менску, Горадні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілеве, Гомлі.

У верасьні 1965 году ГП БГКТ запрасілі на Беласточчыну Міхала Забэйду-Суміцкага для выступаў. Ён жыў у Празе ў Чэхаславаччыне. 15 кастрычніка 1965 году М. Забэйда-Суміцкі прыехаў у Варшаву на цягніку. Яго сустрэлі Г. Валкавыцкі, яго жонка Вера і Ўладзімер Юзьвюк. Вечарам Г. Валкавыцкі і М. Забэйда-Суміцкі гаварылі. М. Забэйда-Суміцкі ўспамінаў свае жыцьцё. Быў двойчы арыштаваны. За часы Сталіну кожны дзень чакаў арышту. Наняў кватэру ў якую можна зайсьці толькі на вачах суседзяў. Страхаваўся перад тайным арыштам. Думаў аб самагубстве. Злаваўся на польскіх музыкаў з Лодзі віленчука Эдуарда Цюкшу й яго мандаліністаў, якія дрэнна зрабілі гукавае суправаджэньне сьпеваў М. Забэйды-Суміцкага.

За тыдзень Міхал Забэйда-Суміцкі аб’ехаў месты Беласточчыны: Міхалова, Мілейчыцы, Бельск, Гайнаўка, Саколка, Гарадок, Беласток. Ён мог сьпяваць на дзесяці мовах. Сьпявак прыехаў са сваім акампаніятарам чэхам Здэнкам Кожынам. У канцэртнай залі Варшаўскай філярмоніі з спэцыялістамі «Польскіх награнь» і акампанэмэнтам славутай лодзінскай капэлы мандаліністаў пад кіраўніцтвам Эдуарда Цюкшы запісвалі грампласьцінку беларускіх народных песень у выкананьні Забэйды па заказе ГП БГКТ, выдадзеную чэскай фірмай Suprafon у 1968. Міхась Забэйда-Суміцкі сьпяваў для запісу сваіх песень. Ён апісвае запіс:

Пытаеце, ці падабаецца пласьцінка? Ведаеце, што адчуваю, калі слухаю яе? Добры конь у цесным хамуце. Сьпявак зьвязаны з акампаніямэнтам. Успомніў я, як прыходзілася «вучыць» голасам аркестар, які зусім ня быў падрыхтаваны да найграньня. Прыходзілася паўтараць 5, 7, нават 10 разоў адну песьню. А было ж адзінаццаць песень! Можаце сабе ўявіць, якая гэта была праца? Пад канец у мяне ўжо пайшла з носа кроў з натугі.

— Георгі Валкавыцкі. «Віры. Нататкі рэдактара». 1991 год[2].

Пласьцінка зь песьнямі М. Забэйды-Суміцкага раздавалі на розных мерапрыемствах, а тым часам пласьцінкі гадамі ляжалі на складзе ў ГП БГКТ. Кніга «Загоны» таксама не прадаваліся ў дзяржаўным «Доме кнігі». Яе прадаў пісьменьнік С. Яновіч 2250 асобнікаў кніг на сустрэчах.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяжка і доўга хварэў. У Празе яго наведвалі: Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч, Алег Лойка, А. Гарадзіцкі, Сяргей Грахоўскі. Ён ліставаўся зь Янкам Брылём, Уладзімерам Караткевічам, Нілам Гілевічам. І ўвесь час марыў пра Беларусь, хацеў дажыць век на роднай зямлі. Не дазволілі.

Памёр у Празе 21 сьнежня 1981 году. Пахаваны на праскіх Альшанскіх могілках побач зь Пётрам Крэчэўскім і Васілём Захаркам — прэзыдэнтамі Беларускай Народнай Рэспублікі. На магіле помнік з надпісам на чэскай і беларускай мовах.

Запісы песьняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Свой багаты архіў ён разам зь бібліятэкаю паводле запавету пакінуў Беларусі. Цяпер некалькі тысячаў дакумэнтаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю Забэйды, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры й мастацтва. Вялікая калекцыя грамплястынак і магнітафонных запісаў зь песьнямі, рамансамі, арыямі ў выкананьні Забэйды-Суміцкага на беларускай, расейскай, чэскай, украінскай, польскай, нямецкай, італьянскай, гішпанскай, фінскай і ангельскай мовах захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву кінафотафонадакумэнтаў (БДАКФФД)[3].

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • дыск, дзе славуты тэнар сьпявае ў суправаджэньні аркестра (MUZA, 1965).
  • лонгплэй Забэйды-Суміцкага выдавала ў 60-х гадох яшчэ й тамтэйшая фірма «Pahonia-records». Гэта было, бадай, самае дыхтоўнае выданьне — з выдатным гукам, у зграбнай кардонавай вокладцы.
  • Міхась Забэйда-Суміцкі прэзэнтаваў самому Ўладзімеру Караткевічу, а той — Станіславу Цярохіну, з рук якога спадчыну ўжо ўзяў сын Уладзімер, два выданьні Забэйдавых сьпеваў ад чэскіх фірмаў («Suprafon», 1968). Адзін зь іх (фармату grand) утрымлівае 6 гішпанскіх і 6 беларускіх народных песень, а другі (фармату giant) складаецца з 17 беларускіх песень і рамансаў, дзе захаваны таксама ўласны твор сьпевака на вершы Максіма Танка. На абодвух гэтых кружэлках нашаму земляку акампануе чэскі піяніст Альфрэд Голечак.
  • «Ластаўкі ў стрэсе» (Беларуская музычная альтэрнатыва)

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Забэйды-Суміцкага названая вуліца ў Маладэчне[4], дзе ён скончыў настаўніцкую сэмінарыю.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Аляксандар Горбач. (23 траўня 2014) Песняй даваў людзям радасць. Міхась Забэйда-Суміцкі Куляны Праверана 16 чэрвеня 2014 г.
  2. ^  Валкавыцкі, Георгі Віры. Нататкі рэдактара / Я. Чыквін. — Беласток: Ортдрук, 1991. — С. 120. — 184 с. — (Бібліятэка БЛА Белавежа).
  3. ^ Алена Паляшчук. «…Ніколі не разлучуся зь беларускай песьняй» // Звязда. — 15 чэрвеня 2005. — № 109 (25441).
  4. ^ // Рэгіянальная газета. — 4 лютага 2000. — № 5 (250). — С. 5.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Горбач. Песняй даваў людзям радасць. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — (Нашы славутыя землякі).
  • Здановіч І. Забэйда-Суміцкі Міхась Іванавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 37—39.
  • На мове песні // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 408—411.
  • Л.Ф. Голікава. Забэйда-Суміцкі Міхаіл Іванавіч // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: у 2 т. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. Т. 1: «А досвіткі…» — Кучынская. — С. 418—420. — ISBN 985-11-0255-5 (т. 1)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]