Міхаіл Барысавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхаіл Барысавіч. Невядомы мастак, кан. XVI — пач. XVII стст.

Міхаі́л Бары́савіч (1453 або 1457, Цьвер — не пазьней за 1505) — апошні вялікі князь сувэрэннага Цьвярскога вялікага княства (14611485), пазьней эмігрант у Вялікім Княстве Літоўскім.

Заняў княскі пасад малалетнім па сьмерці бацькі, Барыса Аляксандравіча і па дасягненьні паўналецьця спрабаваў працягнуць ягоную палітыку на захаваньне незалежнасьці Цьвяры з апорай на Вялікае Княства Літоўскае. Аднак кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484 гадоў, дзейснай падтрымкі Міхаілу Барысавічу не надаў, што наканавала Цьвяры страту незалежнасьці.

У жніўні 1485 году, будучы перакананым у невыкананасьці шматлікіх просьбаў пра ваенную дапамогу з боку Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі гаспадар Іван III распачаў ваенныя дзеяньні і неўзабаве ўзяў Цьвер у аблогу. Цьвярское баярства фактычна здрадзіла вялікаму князю, у большасьці перайшоўшы на бок Масквы. У ноч на 12 верасьня 1485 году Міхаіл Барысавіч здолеў уцячы з абложанага гораду ў Вялікае Княства Літоўскае. Такім чынам апошняя традыцыйна саюзная ВКЛ дзяржава ва Ўсходняй Эўропе спыніла існаваньне, што неўзабаве дало магчымасьць Маскве перайсьці да наступальных дзеяньняў супраць самога ВКЛ (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 гадоў). У 1486 годзе, атрымаўшы невялікі дапаможны атрад ад Казімера, Міхаіл Барысавіч беспасьпяхова спрабаваў вярнуць сабе трон.

Апошнія 20 гадоў жыцьця Міхаіл Барысавіч правёў у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе як кампэнсацыю за страчаныя на ўсходзе ўладаньні атрымаў ад караля і вялікага князя значныя грашовыя сумы, а таксама маёнтак Пячыхвосты на Валыні і вялікую лятыфундыю на поўдні Слонімскага павету (Ласасіная, Бялавічы, Гошчава і іншыя). Не адыгрываў прыкметнай палітычнай ролі.

Першым шлюбам (14701483) ажаніўся з Соф’яй, дачкой кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, другім, паводле няпэўных зьвестак, з дачкой кагосьці з Радзівілаў, аднак застаўся бязьдзетным. Па сьмерці Міхаіла Барысавіча ягоныя ўладаньні на Беларусі перайшлі да князя Васіля Глінскага[1].

У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі захоўваецца партрэт Міхаіла Барысавіча, які паходзіць зь Нясьвіскай галерэі Радзівілаў. Існуе меркаваньне, што падобная атрыбуцыя зьяўляецца хутчэй легендарнай, бо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.[2]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Борзаковский В. С. История Тверского княжества. — СПб., 1876.
  • Жизневский А. К. Портрет тверского великого князя Михаила Борисовича. — Тверь, 1889.
  • Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485) / Пер. с нем. — Тверь, 1994.