Міхаіл Каяловіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Каяловіч.
Міхаіл Каяловіч
Дата нараджэньня 2 кастрычніка 1828
Месца нараджэньня мястэчка Кузьніца, Сакольскі павет, Беластоцкая вобласьць, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 4 верасьня 1891 (62 гады)
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Месца пахаваньня
Месца вучобы Санкт-Пецярбургкая духоўная акадэмія (1855)
Занятак гісторык
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы Санкт-Пецярбургкая духоўная акадэмія
Вядомы як адзін з пачынальнікаў заходнерусізму
Навуковая ступень доктар багаслоўя[d]
Вучні Платон Жуковіч, Ян Катовіч, Рыгор Кіпрыяновіч, Канстанцін Харламповіч
Дзеці Міхаіл Каяловіч[d]

Міхаіл Восіпавіч Каяловіч (2 кастрычніка [ст. ст. 20 верасьня] 1828, м. Кузьніца, Сакольскі павет, цяпер Падляскае ваяводзтва, Польшча — 4 верасьня [ст. ст. 23 жніўня] 1891, Санкт-Пецярбург, цяпер Расея) — беларускі і расейскі гісторык, славянафіл. Адзін з пачынальнікаў ідэалёгіі заходнерусізму на Беларусі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхаіл Каяловіч нарадзіўся ў мястэчку Кузьніца Гарадзенскай губэрні ў сям’і ўніяцкага сьвятара. Першую асьвету М. Каяловіч прайшоў у супрасьльскай школе. У 1851 годзе ён паступіў у Пецярбурскую духоўную акадэмію. Пасьля сканчэньня акадэміі (у 1855 годзе) ён некаторы час працаваў настаўнікам у Рыскай і Пецярбурскай сэмінарыях, а потым з 1859 году да канца жыцьця займаў катэдру гісторыі ў самой Пецярбурскай акадэміі. Гуртаваўся вакол рэдакцыі «Кур’ера Віленскага»[1]. Зьяўляецца аўтарам шэрагу працаў аб гісторыі Беларусі: «Литовская церковная уния (1859—1862 гг)», «Документы, объясняющие историю западно-русского края и его отношения к России и к Польше (1865 г.)», «Лекции по истории Западной России» (1884 г.) і г. д.

Таксама Міхаіл Каяловіч выдаў дасьледаваньні: «Аб расьсяленьні плямёнаў Заходняга краю Расеі», «Аб этнаграфічным атлясе заходніх губэрняў» і «Аб этнаграфічнай мяжы паміж Заходняй Расеяй i Польшчай». У 1885—1887 гадах апублікаваў нататкі пра падарожжа па Беларусі і Летуве. Выдаў гістарычныя крыніцы «Дзёньнік апошняга паходу Стэфана Баторыя на Расею» і «Дзёньнік Люблінскага сойму 1569 году»[2].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле А. Цьвікевіча, Міхаілу Каяловічу належала адно зь першых месцаў у гісторыі заходнерусізму як адметнай гістарычнай плыні ў Беларусі. Дзякуючы Каяловічу ў Беларусі пачаўся новы этап гістарычнай думкі, вынікам якога стала прыняцьце назваў «беларус» і «Беларусь» як нацыянальнай назвы жыхароў гэтага краю [3].

Згодна з вышэй памянёным А. Цьвікевічам, Міхаіл Каяловіч паставіў праблему заходнерусізму як адну з найважнейшых праблемаў ня толькі беларускага, але і ўсяго расейскага жыцьця, імкнуўся канчаткова яе вырашыць і апраўдаць перад мясцовымі жыхарамі. Пры гэтым ён разумеў, што ягонымі разважаньнямі над гісторыяй Паўночна-Заходняга Краю яшчэ нічога ня вырашана, ня толькі ў адзінстве з Расеяй, але й ня толькі ў адзінстве з Польшчай ляжыць гістарычны лёс краіны. Ён бачыў, што перад Беларусьсю можа быць і трэці шлях — шлях беларускай асобнасьці як ад Расеі, так і ад Польшчы. У яго вачах такая магчымасьць была — і ён яе таксама баяўся.

Як у кожнай тутэйшай сям’і, у Каяловіча захаваўся амаль у незакранутым выглядзе беларускі быт, старадаўнія звычаі і ўспаміны. Разам з тым у яго сям’і выхавалася надзвычайна хваравітае замілаваньне да Расеі як абаронцы Беларусі ад польскага ўціску.


« «Вам, маскалём, незразумела,— піша М. Каяловіч да А. С. Суворына ,— адкуль у нас, западна-русаў, бярэцца зазноба да Расіі» »

[4] і расказвае выпадак са сваёй сямейнай хронікі:

« «пасьля трэцяга падзелу Польшчы мой бацька, тады ўжо сарака трох год, апынуўся за граніцай Расеі, у прускай дзяржаве. Яго маці, а мая бабка, абурылася, што сям’я засталася ня толькі ў Польшчы, але і

пад ўладай немцаў і, нягледзячы на забарону перасяляцца ў Расею асобам мужчынскай плоці, ноччу, у куфры з прасьвідраванымі дзіркамі, кантрабандным шляхам перавезла майго бацьку празь Нёман і ўрачыста выпусьціла на расейскую зямлю»

»

[5].

«Боязь Польшчы» была самай характарнай адзнакай усіх заходнерусістаў наогул. Адных яна прыводзіла ў лягер рэнэгатаў і зацятых русіфікатараў Беларусі, другіх, якія адважваліся глянуць на справу больш спакойна, набліжала да прызнаньня нацыянальнай ідэі.

Каяловіч таксама спачатку не ўсьведамляе сабе, хто ён на нацыянальнасьці, і лёгка зжываецца з тэрмінам «ліцьвін». Так называў сябе яго хросны бацька — Язэп Ярашэвіч, аўтар славутае працы «Obraz Litwy», таксама па традыцыі называе сябе і Каяловіч. Пасьля сканчэньня акадэміі ён піша ў лісьце да аднаго з сваіх крэўных — Яраслава Анацэвіча:


« «Вам, напэўна, вядома, што студэнты акадэміі на чацьвёртым курсе пішуць курсавыя працы на навуковую ступень. Я працаваў над гісторыяй вуніі ў Літве, бо гэтая тэма была здаўна роднай і блізкай майму сэрцу як ліцьвіна» »

[6].

М. Каяловіч выказваўся пра сяброўскае яднаньне Беларусі і Летувы, пры тым, зноў галоўнай памылкай усё беларускай гісторыі зьяўляецца стварэньне зьвязу між Літвой і Польшчай, згодна зь якім гістарычным беларусам было кепска жыць у такіх умовах. Пры гэтым у якасьці галоўных інтэлігентных сілаў, якія павінныя былі рухаць краем, ён разглядаў беларусаў, расейцаў, жыдоў. Пры гэтым галоўны націск рабіўся на праваслаўе. Калі гэта быў каталік, то гэта азначала, што ён аддаў перавагу Польшчы[7].

Апынуўшыся ў складзе Расейскай імпэрыі, беларускі народ мусіў прачнуцца і пачаць жыць вольна, бо менавіта ў еднасьці з Расеі М. Каяловіч бачыў выратавальны шлях:


« «У нас, на Беларусі, — піша Каяловіч у «День», — адбываецца цяпер вырашэньне вялікага пытаньня: на гістарычную сцэну выходзіць народ, які на працягу доўгага часу здольны быў проціставіць напору чужых яму стыхіяў толькі пасіўную сілу, — народ бедны, прыгнечаны, загнаны, здробнены фізычна і моральна. Паглядаеце на змучаны твар тутэйшага селяніна, на яго нізкі рост і худое цела, на лахманы, у якія ён апрануты, на пасьпешнасьць, зь якой ён кідаецца вам пад ногі, а пасьля цалуе руку,— паглядаеце, і вам будзе зразумелай тая процьма зьнявагі, у якой ён апынуўся… Пакінуты грамадзтвам, якое ў сваю чаргу пакінула сваю народнасьць, — грамадзтвам, у руках якога была калісьці і ўлада, і сіла, ён цярпеў моўчкі і ніхто ня чуў яго стогнаў. Толькі ў апошні час у сувязі з посьпехам сялянскае справы народ беларускі зьвярнуў на сябе ўвагу польскае партыі. Крыхапа-крысе яна пачала разумець, што гэты загнаны, цярплівы народ складае сілу вельмі грунтоўную, зь якой ёй ня шкодна пасябраваць» »

.[8].

« Ітак, факт адбыўся, — упэўнена кажа Каяловіч, — народ беларускі, які доўга быў палучаны з Польшчай духам і крывёю, паўстаў проці гэтае самае Польшчы; ніхто не падгаворваў, ніхто не навучаў гэтаму сялян; гэта было поўнае і разам з тым нястрыманае выяўленьне глыбока-ўтоенай, вякамі ўзгадованай нянавісьці да чужаземнага ярма, гэта было першае імкненьне да ўласнага адраджэньня народу, які адчуў сваю сілу »

[8].

У сувязі з гэтым, дасьледчык заходнерусізму А.Цьвікевіч лічыць, што ўся сутнасьць разважаньня М. Каяловіча зыходзіць да апрыёрнага палажэньня, быццам усе тры народы ўсходнеславянскага племя — беларусы, украінцы й вялікарусы — ствараюць "один русский народ", аднак разам з тым у працах М. Каяловіча не вызначаецца панятак нацыі й не бяруцца ва ўлік шырокія этнаграфічныя адрозьненьні трох этнасаў, абыходзячы ўсе магчымыя шурпатасьці ды няяснасьці ў гэтай галіне й сьвядома іх не закранаючы, што такім чынам сьведчыла аб слабасьці ягонай тэарэтычнай аргумэнтацыі [9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандар Цьвікевіч, «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. стр.148.
  2. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 2 кастрычніка 2013. — № 185 (27550). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Аляксандар Цьвікевіч, «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. стр.142.
  4. ^ Перапіска М. Каяловіча з А. Суворыным, са збору А. Суворына, які захоўваецца ў Публічнай бібліятэцы ў Ленінградзе
  5. ^ Народное движение в Западной России, 1863, №91
  6. ^ И. Пальмов, Памяти М. О. Кояловіча. Речь в собрании Славянского Общества 1 декабря 1891 г. стр. 6
  7. ^ Аляксандар Цьвікевіч, «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. стр. 223—224
  8. ^ а б Несколько слов о народном движении, «День», 1863, №18
  9. ^ Аляксандар Цьвікевіч. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. стр.225.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міхаіл Каяловічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў