Міхаіл Мураўёў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Міхаіл Мураўёў (1863)

Міхаіл Мікала́евіч Мураўё́ў, па мянушках Вешальнік і Людаед[1] (па-расейску: Михаил Николаевич Муравьёв; 1 (12) кастрычніка 1796 — 10 верасьня 1866) — расейскі вайсковец, дзяржаўны дзеяч, граф, генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю ў часы задушэньня нацыянал-вызваленчага паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Дзяцінства і маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Маскве ў сям’і марскога афіцэра. Вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце, заснаваў Маскоўскае таварыства матэматыкаў, потым, разам з бацькам — вучылішча калёнаважатых (штабных афіцэраў) — правобраз будучай Акадэміі генэральнага штабу. Удзельнічаў у Вайне 1812 году, за ўдзел у бітве пад Барадзіно атрымаў ордэн Уладзімера IV ступені з бантам. У 1813 годзе ўдзельнічае ў «бітве народаў» пад Дрэздэнам. Пасьля вяртаньня на радзіму зацікаўліваецца тайнымі таварыствамі і ўступае ў «Саюз благадзеяньня» (1816), дзе, падчас голаду ў Смаленскай губэрні, прымае ўдзел у арганізацыі ў раслаўльскім павеце шырокай дапамогі галадаючым.

Пасьля радыкалізацыі руху дэкабрыстаў, калі ў Статут «Саюзу» быў унесены пункт аб забойстве цара, Мураўёў, нязгодны з гэтым рашэньнем, выходзіць зь сябраў арганізацыі. За ўдзел у «Саюзе» быў арыштаваны, але цалкам апраўданы.

Губэрнатарская пасада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1826 годзе Мураўёў прызначаны віцэ-губэрнатарам Віцебскай губэрні, пазьней — у 1828 губэрнатарам Магілёўскай, затым Гарадзенскай губэрні. Прымаў удзел у падаўленьні паўстаньня 1830—1831 гадоў.

У 1835 годзе прызначаны губэрнатарам Курскай губэрні, у 1850 — сябра Дзяржаўнага савету, у 18501857 віцэ-прэзыдэнт Расейска геаграфічнага таварыства, у 18571861 — Міністар дзяржаўных маёмасьцей. Прымаў удзел у распрацоўцы праекту вызваленьня сялянаў.

Задушэньне паўстаньня 1863—64 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карыкатура 1898 году на адкрыцьцё ў Вільні помніка генэрал-губэрнатару М. Мураўёву

Падчас паўстаньня 1863—64 гадоў Мураўёў быў прызначаны генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.

На гэтай пасадзе Мураўёў жорстка змагаўся з паўстанцамі. Расейцамі шырока практыкавалася канфіскацыя маёмасьці, абкладаньне польскай і беларускай шляхты вялікім «ваенным падаткам». Паўстаньне было ў хуткім часе падаўленае.

У дадатку да тысячаў чалавек, якія загінулі ў бойках, паводле прысудаў трыбуналаў было пакарана сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі), ад 2500 да 9423 чалавек паводле розных падлікаў было саслана ў Сыбір[2]. За сваю жорсткасьць Мураўёў увайшоў у гісторыю пад мянушкай вешальнік.

Акрамя гэтага, шырока вядомы ягоны дэвіз у дачыненьні да русіфікацыі Беларусі — «Што не дарабіў расейскі штых — даробіць расейская школа».

Пазьнейшая кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1863 году — генэрал ад інфантэрыі. 1 траўня 1865 году звольнены з пасады губэрнатара Паўночна-Заходняга краю з атрыманьнем тытулу графа і найменьня «Віленскі». У красавіку 1866 — старшыня сьледчай камісіі па справе Каракозава.

Памёр 29 жніўня (10 верасьня) 1866 году ў Пецярбурзе. У 1898 годзе ў Вільні яму быў усталяваны помнік (зруйнаваны польскімі ўладамі на пачатку 1920-х гадоў). Пахаваны ў Аляксандра-Неўскай Лаўры.

Лёс віленскага помніку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1898 годзе ў Вільні яму быў усталяваны помнік. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Польшчы й уключэньня Вільні ў яе склад напачатку 1920-х гадоў польскія ўлады зьдзейсьнілі максымальна магчымы зьдзек — са зьнесенага помніку Мураўёву ў Вільні пабудавалі грамадзкія гарадзкія прыбіральні. Мінімум адна зь іх была цэлай у 1990-х гадах[3]

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 красавіка 1866 году на абедзе ў Ангельскім клюбе Мікалай Някрасаў зачытаў оду, прысьвечаную Мураўёву. У далейшым за гэта паэт быў моцна раскрытыкаваны калегамі: паэтамі, публіцыстамі. Сытуацыю, якая склалася вакол Някрасава пасьля прачытаньня оды апісаў Карней Чукоўскі ў творы "Паэт і кат"[1]:

Цьвердзяць, што двулічча Някрасава ні ў чым не адбілася з такой відавочнасьцю, як менавіта ў гэтай жахлівай одзе. Насамрэч, як мог рэвалюцыйны паэт славіць крывавага душыцеля Польшчы і заахвочваць яго да новых зладзействаў? Чаму чалавек, адно імя якога натхняла змагароў за свабоду, які, здаецца, толькі і рабіў, што паўтараў моладзі: «ідзі ў агонь...», «ідзі і гінь...», «памрэш не дарма: справа трывае, калі пад ёй струменіцца кроў», « кідайся проста ў полымя і гінь», - чаму пасьля таго, як моладзь сапраўды кінулася ў полымя, ён аддаў яе Мураўёву? А ён менавіта здрадзіў ёй, бо (як у той час паведамлялі газэты) ён сам пры народзе прасіў Мураўёва ўзмацніць тэрор, заклікаў яго да новых пакараньняў сьмерцю. Моладзі казаў «ідзі і гінь», а Мураўёву «ідзі і губі».

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 257
  2. ^ Паводле расейскіх зьвестак — каля 2500; ўэльскі гісторык Норман Дэвіс падае зьвесткі аб 8000 сасланых — паводле яго меркаваньня, гэта была найбуйнейшая высылка за ўсю гісторыю Расеі
  3. ^ Ф. Аскидов. «За вашу и нашу свободу!» Хроника борьбы за независимость [Польши]. Родина (исторический журнал) № 12 — 1994, стр. 75

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]