Міхаіл Саакашвілі
| Міхаіл Саакашвілі | |
| 3-і Прэзыдэнт Грузіі | |
|---|---|
| 20 студзеня 2008 — цяперашні час | |
| Прэм’ер-міністар: | Ладо Гурджанідзэ |
| Папярэднік: | Ніно Бурджанадзэ (в.а.) |
| 2-і Прэзыдэнт Грузіі | |
| 25 студзеня 2004 — 25 лістапада 2007 | |
| Папярэднік: | Ніно Бурджанадзэ (в.а.) |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 21 сьнежня 1967 |
| Нацыянальнасьць: | |
| Партыя: | Адзіны Нацыянальны Рух |
| Жонка: | Сандра Рулафс |
| Рэлігія: | праваслаўе |
Міхаіл Саакашві́лі (па-грузінску: მიხეილ სააკაშვილი, нарадзіўся 21 сьнежня 1967 году ў Тбілісі) — грузінскі палітычны і дзяржаўны дзяяч. Прэзыдэнт Грузіі з 25 студзеня 2004 году, старшыня партыі Адзіны нацыянальны рух, адзін з лідэраў рэвалюцыі ружаў, у выніку якой быў адхілены ад улады Эдуард Шэварнадзэ. Самы малады дзейсны кіраўнік дзяржавы ў Эўропе (уступіў на пасаду ў веку 36 гадоў).
Біяграфія [рэдагаваць]
У 1984 годзе скончыў з залатым мэдалём сярэднюю школу № 51 г Тбілісі.
У 1992 годзе з адменнасьцю скончыў факультэт міжнароднага права Кіеўскага інстытута міжнародных адносін.
Як стыпэндыят кангрэса ЗША, быў накіраваны на навучаньне ў Калюмбійскі ўнівэрсытэт (Нью-Ёрк), дзе ў 1994 годзе атрымаў ступень магістра права.
У 1995 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю ва Ўнівэрсытэце імя Джорджа Вашынгтона (Вашынгтон). Вучыўся ў Страсбурскім інстытуце правоў чалавека, а таксама ў Акадэміі эўрапейскага права ва Флярэнцыі і ў Гааскай акадэміі міжнароднага права.
Працаваў у Нарвэскім інстытуце правоў чалавека ў Осла, у нью-ёрскай юрыдычнай фірме Patterson, Belknap, Webb & Tyler, якая займалася прававым забесьпячэньнем нафтагазавых праектаў у СНД.
У 1995 годзе вярнуўся ў Грузію па запрашэньні свайго сябра Зураба Жванія. Быў абраны дэпутатам парлямэнта ад яго партыі «Саюз грамадзянаў Грузіі», якая падтрымлівала ў той час прэзыдэнта Эдуарда Шэварнадзэ.
У 1996 годзе заняў пост старшыні парлямэнцкага камітэту па канстытуцыйных і юрыдычных пытаньнях.
У жніўні 1998 году ўзначаліў парлямэнцкую фракцыю «Саюзу грамадзянаў Грузіі».
Са студзеня 2000 году — прадстаўнік Грузіі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ). У кастрычніку 2000 году быў прызначаны міністрам юстыцыі Грузіі.
У верасьні 2001 году падаў у адстаўку, абвінаваціўшы Эдуарда Шэварнадзэ і чальцоў яго ўрада ў карупцыі, пасьля чаго стварыў апазыцыйную палітычную арганізацыю «Нацыянальны рух», колькасьць якой пасьля вырасла да 20 тыс.
З 2002 году — старшыня заканадаўчага сходу Тбілісі.
23 лістапада 2003 году ў выніку акцыяў пратэсту, арганізаваных партыяй «Нацыянальны рух» Міхаіла Саакашвілі сумесна з Зурабам Жванія і сьпікерам парлямэнта Ніно Бурджанадзэ, Эдуард Шэварнадзэ быў змушаны сысьці ў адстаўку. На выбарах прэзыдэнта Грузіі 4 студзеня 2004 году за Міхаіла Саакашвілі прагаласавалі 96,27% выбарнікаў.
25 лістапада 2007 сышоў у адстаўку ў сувязі з пачаткам кампаніі па падрыхтоўцы да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, абвешчаных пад ціскам апазыцыі.
5 студзеня 2008 году на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах набраў 53,33% галасоў.
Міхаіл Саакашвілі жанаты на Сандры Рулафс, выхоўвае дваіх сыноў — Эдуарда і Нікалоза.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Міхаіл Саакашвілі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная старонка (анг.)