Міхаіл Таніч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Міхаіл Таніч
Міхаіл Танхілевіч
Род дзейнасьці паэт-сьпеўнік
Дата нараджэньня 15 верасьня 1923
Месца нараджэньня Таганрог, СССР
Дата сьмерці 17 красавіка 2008
Месца сьмерці Масква, Расея

Міхаі́л Іса́евіч Та́ніч (сапраўднае прозьвішча Танхілевіч; 15 верасьня 1923, Таганрог17 красавіка 2008, Масква) — савецкі й расейскі паэт-сьпеўнік.

Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Таганрогу ў габрэйскай сям’і. Бацька Таніча, які кіраваў камунальнай гаспадаркай гораду, быў расстраляны ў 1938 годзе. У 1942 годзе Міхаіла прызваны ў дзейснае войска. Ваяваў на 1-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. У складзе 33-й зьнішчальна-процітанкавай брыгады мінуў шлях ад Беларусі да Эльбы ў якасьці камандзіра процітанкавай гарматы. Апошнія 11 месяцаў непасрэдна ўдзельнічаў у баях.

Пасьля заканчэньня вайны паступіў у Растоўскі інжынэрна-будаўнічы інстытут, скончыць які не пасьпеў, паколькі ў 1947 годзе быў арыштаваны па 58 артыкуле пункт 10 («за шпіянаж», падставай да арышту стала выказваньне аб нізкай якасьці савецкіх радыёпрымачоў у параўнаньні зь нямецкімі). У турмах і лягерах (у асноўным у раёне Салікамску, на лесапавале) Таніч правёў шэсьць гадоў і быў вызвалены па амністыі толькі ў 1953 годзе.

Творчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вызваленьня адправіўся ў Маскву і працаваў на радыё і ў прэсе. Тады жа зьмяніў прозьвішча. Першая складанка вершаў выйшла ў 1959 годзе. У пачатку 1960-х гадоў набыла вядомасьць яго песьня, напісаная ў суаўтарстве зь Янам Фрэнкелем — «Текстильный городок», якая выконвалася шматлікімі сьпявачкамі, сярод якіх Раіса Няменава, Мая Крысталінская.

У наступным здабыў іншых суаўтараў, сярод якіх былі Юры Саўльскі, Аркадзь Астроўскі, Вадзім Гамалія, Оскар Фэльцман, Мікіта Багаслоўскі, Уладзімер Шаінскі.

У наступным Таніч працаваў зь Ігарам Мікалаевым, Аркадзем Укупнікам, Вячаславам Малежыкам, а таксама арганізаваў групу «Лесоповал» на чале зь Сяргеем Каржуковым, які трагічна загінуў у 1994 годзе. Група атрымала другое нараджэньне ў 1995 годзе з прыходам маладых музыкаў. З тых часоў «Лесоповал» — галоўны праект Міхаіла Таніча.

Чалец Саюза пісьменьнікаў з 1968 году, аўтар 15 кніг, уключаючы песенныя. Апошнія датаваныя 1998 годам: «Жизнь» (вершы) і «Погода в доме» (песьні).

Аўтар такіх вядомых песень, як ««Любовь-кольцо», «Что тебе сказать про Сахалин?», «Черный кот», «Зеркало», «Как хорошо быть генералом», «Идет солдат по городу», «Черное и белое», «Возьми меня с собой», «Не забывай», «На дальней станции сойду», «Проводы любви», «Птичий рынок», «Комарово», «Узелки», «Погода в доме».

Аўтар шматлікіх знакамітых дзіцячых песень, такіх як «Когда мои друзья со мной», «По секрету всему свету», «Из чего наш мир состоит», «Песенка про папу» і іншых.

Міхаіл Таніч памёр у 3:10 17 красавіка 2008 году ў Маскве, прычынай сьмерці стала нырачная недастатковасьць. Міхаіла Таніча пахавалі ў суботу 19 красавіка 2008 году на Ваганькаўскім цьвінтары ў Маскве.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жонка — паэт-сьпеўнік Лідзія Мікалаеўна Казлова. Дачкі — Сьвятлана і Іна, унукі Леў і Вэніямін.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ляўрэат прэміі МУС Расеі (1997)
  • Ляўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі «Авацыя» (1997)
  • Ляўрэат Юбілейнага конкурса «Песьня году»
  • Ордэн Чырвонай Зоркі
  • Ордэн Славы III ступені
  • Ордэн Айчыннай вайны I ступені
  • Ордэн Пашаны (1998)
  • Заслужаны дзеяч мастацтваў Расейскай Фэдэрацыі (2001)
  • Народны артыст Расеі 2003
  • Ганаровы прафэсар Растоўскага дзяржаўнага будаўнічага ўнівэрсытэту

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]