Наваградак
| Наваградак | |||||
Руіны замкавай вежы |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1044 | ||||
| Магдэбурскае права: | 26 ліпеня 1511 | ||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Наваградзкі | ||||
| Насельніцтва: | 29 336[1] (2009) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1597 | ||||
| Паштовы індэкс: | 231241, 231243, 231244, 231246, 231400 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°35′ пн. ш. 25°49′ у. д. / 53.583° пн. ш. 25.817° у. д.Каардынаты: 53°35′ пн. ш. 25°49′ у. д. / 53.583° пн. ш. 25.817° у. д. | ||||
|
Наваградак на мапе Беларусі
Наваградак
|
|||||
| Афіцыйны сайт(рас.)(анг.) | |||||
Нава́градак — места ў Беларусі, на ўзвышшы ў басэйне ракі Нёман. Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 29 336[1] чал. (2009). Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).
Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[2][3][4][а 1], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Да нашага часу тут захаваўся шэраг помнікаў гісторыі і архітэктуры.
Зьмест |
Назва[рэдагаваць]
Тапонім «Нава́градак»[5][6][7] утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок»[8].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород-Литовский і інш. — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча[9].
Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва «Наваградак» узыходзіць да XIII стагодзьдзя, а форма «Новагародак», якая дала сучасную афіцыйную назву «Навагрудак» (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI стагодзьдзі) пад польскім уплывам[10]. Зь цягам часу традыцыйнае беларускае вымаўленьне «Нава́градак» пад уплывам польскага варыянту «Nowogródek» трансфармавалася ў цяперашнюю афіцыйную назву «Навагру́дак»[2].
Гісторыя[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Наваградку
Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у кан. Х ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сяр. ХІ ст.[11] Першы імаверны пісьмовы ўспамін пра Наваградак датуецца 1044[12][13], аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў[14].
Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у ХІІ ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У ХІІІ—XIV стст. ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1235 згадваецца князь Ізяслаў Наваградзкі. Зь сяр. 1240-х, на запрашэньне мясцовых баяраў, тут пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у Наваградку. У 1249—1242 галіцка-валынскія князі ў кааліцыі зь Інфлянцкім ордэнам учынілі шэраг ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньнем з ордэнам. У 1253 ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[2] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 у выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.
Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іx хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506).
З 1329 Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 — ягонага сына Фёдара, з 1386 — Карыбута. Станам на 1392 места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У кан. XIV — пач. XV стст. вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.
Яшчэ ў 1316[15] Наваградак зрабіўся цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330)[16]. У 1415 тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 у Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Ульяне.
У студзені 1507 Наваградак зрабіўся сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776. У 1518 і 1534 Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскац дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. Станам на 1568 тут дзейнічалі 10 цэркваў[15]. З XVІ ст. места зрабілася адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. У выніку Берасьцейскай вуніі (1596) Літоўская мітрапаліцкая катэдра зрабілася грэка-каталіцкай.
- Геральдычныя сымбалі Наваградчыны
-
Герб Наваградзкага ваяводзтва, каля 1720
-
Герб Наваградку часоў Расейскай імпэрыі, 1845
18 сакавіка 1595 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[17], а ў 1597 ён надаў мяшчанам прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.
У 1648 Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў верасьні 1655 яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньням скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 рокі. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.
Ваенныя падзеі XVI—XVIII стст. і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652, найбольш моцны — у 1751, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідыэміі 1590, 1592, 1603, 1708) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVІІІ ст. у месьце дзейнічалі 3 вуніяцкія царквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 зрабіўся цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 Гарадзенскай, з 1842 Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 у самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсю нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.
- Даўнія графічныя выявы места
-
Замкавая гара. А. Алес, 1835
-
Замак з акварэлі невядомага мастака, сяр. XIX ст.
-
Барысаглебская царква — катэдральны сабор Літоўскай праваслаўнай мітраполіі[18]
-
Дом Адама Міцкевіча
У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. Станам на 1817 у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.
За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 на Наваградзкую гімназію. Станам на 1837 у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.
У 1862 у Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 — банк, у 1895 — друкарню. Паводле перапісу (1897), у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі сабор, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, габрэйская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.
У 1905 у Наваградку зьявіліся першыю вулічныя газавыя ліхтары. Станам на 1910 у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 — 6 навучальных установаў.
- Наваградак: работы Напалеона Орды, 2-я палова XIX стагодзьдзя
-
Фара з боку апсіды
-
Занядбаная царква
У Першую Сусьветную вайну з 22 верасьня 1915 Наваградак займалі нямецкія войскі (у гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку). 27 сьнежня 1918 у места ўвайшлі бальшавікі, з 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 і з 1 кастрычніка 1920 — польскія войскі.
25 сакавіка 1918 Наваградак, як і ўся этнічная тэрыторыя буларусаў, абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 траўня 1919 тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Наваградак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920-я—1930-я ў месьце выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 адкрыўся ягоны музэй. Станам на 1931 у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзейнічалі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.
У 1939 Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 зрабіўся цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 у Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй у складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі.
У часе нямецкай акупацыі ў Навагрудку манашкі з Ордэну Сьвятой Сям'і з Назарэту зарганізавалі на просьбу бацькоў польскіх дзецей сакрэтнае навучанне польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існнаванне пасля таго, як 1 жніўня 1943 года 11 манашак, у тым ліку галоўна арганізатарка школы, была разстреланых немцамі[19].
- Места на старых фатаздымках
Насельніцтва[рэдагаваць]

- XV стагодзьдзе: каля 1500 — 3—4 тыс. чал.[15]
- XVI стагодзьдзе: каля 1550 — 2—5 тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1795 — каля 3 тыс. чал.[20]
- XIX стагодзьдзе: 1817 — 1571 чал., у тым ліку 726 жыдоў і 319 татараў[21]; 1837 — 3679 чал.; 1860 — 5844 чал.[22]; 1861 — 6379 чал.; 1886[21] — 13 656 чал. (6965 муж. і 6691 жан.), у тым ліку паводле веры: каталікоў 2976, праваслаўных 1788, пратэстантаў 83, юдэяў 8137, магамэтанаў 545, іншых 65; паводле стану: шляхты 948, духоўнага стану 42, ганаровых грамадзянаў і купцоў 58, мяшчанаў 12 135, вайсковага стану 311, іншых 52[23].; 1897 — 7887 чал., зь іх роднай мовай назвалі беларускую 1676, польскую 401, расейскую 319, украінскую 16, габрэйскую 4992, татарскую 475, нямецкую 5 жыхароў; паводле веры праваслаўных і адзінаверцаў 1573, каталікоў 790, пратэстантаў 14, юдэяў 5015, магамэтанаў 494[24].
- XX стагодзьдзе: 1910 — 8414 чал.; 1921 — 6367 чал.; 1931 — 9567 чал.; 1939 — 11 335 чал.; 1974 — 21 тыс. чал.[25]; 1991 — 30,5 тыс. чал.[26]; 1995 — 31 тыс. чал.[4]; 1998 — 30,7 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 30 803 чал.; 2006 — 30,7 тыс. чал.; 2009 — 29 336[1] (перапіс).
Адукацыя[рэдагаваць]
У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце маюцца два каледжы:
- Наваградзкі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж — адна з прэстыжных сярэдніх адмысловых навучальных установаў Гарадзенскай вобласьці. Каледж прапануе наступны шэраг спэцыяльнасьцяў: Банкаўская справа; Бухгальтарскі ўлік, аналіз і кантроль; Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці (спэцыялізацыя: эканоміка і арганізацыя вытворчасьці на прадпрыемствах гандлю); Камэрцыйная дзейнасьць. Таксама працуюць падрыхтоўчыя курсы.
- Наваградзкі дзяржаўны аграрны каледж — установа адукацыі ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. Каледж забясьпечвае падрыхтоўку адмыслоўцаў сярэдняга зьвяна і працуе па інтэграванай бесьперапыннай сыстэме навучаньня з Гарадзенскім дзяржаўным аграрным унівэрсытэтам. Установа мае чатыры навучальныя карпусы, два інтэрнаты на 570 месцаў, багатую бібліятэку з чытальнай заляй. Фізычнай культурай навучэнцы Наваградзкага аграрнага каледжа займаюцца ў абсталяванай спартовай залі, у трэнажорнай залі і на адкрытых пляцоўках. Важным аб’ектам таксама зьяўляецца клюб з актавай заляй на 500 пасадкавых месцаў. За ўвесь час яго існаваньня ўстанова мае больш за 14 тыс. выпускнікоў. Каледж прапануе наступныя спэцыяльнасьці: Аграномія; Землеўладкаваньне; Камэрцыйная дзейнасьць.
Мэдыцына[рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надае меская лякарня і 4 паліклінікі.
Культура[рэдагаваць]
Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.
Мас-мэдыя[рэдагаваць]
Выдаецца газэта «Новае жаццё».
Эканоміка[рэдагаваць]
У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўцы, харчовай, лёгкай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Наваградку |
|---|
|
Транспарт[рэдагаваць]
Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі: Р5 (Баранавічы — Наваградак — Іўе), Р10 (Любча — Наваградак — Дзятлава), Р11 (Парачаны (ад М6) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная автамабільная дарога.
Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе даччынае УП «Аўтобусны парк №5».
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць]
Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства[27]. У месьце рэгулярна праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак».
- Музэі: Дом-музэй Адама Міцкевіча; Наваградзкі гістарычна-краязнаўчы музэй.
- Помнікі: Адаму Міцкевічу; Якубу Коласу.
- Гатэлі: «Наваградак»; «Панскі дом».
Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.
Выдатныя мясьціны[рэдагаваць]
- Будынак былой Наваградзкай Беларускай гімназіі
- Гандлёвыя рады (1812)
- Гара Міндоўга
- Дом-музэй Адама Міцкевіча (XIX ст.), які правёў у Наваградку дзіцячыя і юнацкія гады
- Замак, руіны (XIII—XVI стст.)
- Капліца-пахавальня Альбрэхта Заборскага (1890-я)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1724)
- Касьцёл і кляштар францішканаў (1780, цяпер сабор Сьв. Мікалая)
- Касьцёл Перамяненьня Пана (Фарны; XІV ст.)
- Курган Бесьсьмяротнасьці Адама Міцкевіча (1924—1931)
- Могілкі: габрэйскія (XV—XX стст.); старыя хрысьціянскія; татарскія (Мізар)
- Мячэт (1855)
- Парк (1930-я)
- Царква Сьвятых Барыса й Глеба (XVI ст.)
Страчаная спадчына[рэдагаваць]
- Кляштар баніфратаў (XVII ст.)
- Кляштар езуітаў (1624)
- Палац Радзівілаў (XVIII ст.)
- Ратуша (XVII ст.)
- Сынагога Вялікая (XVII ст.)
- Царква Сьвятых Барыса й Глеба (XIX ст.)
- Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы (Замкавая; XIV ст.)
Галерэя[рэдагаваць]
- Сакральныя збудаваньні
-
Помнік забітым у 1943 сёстрам-назаратанкам каля Фарнага касьцёла
- Іншыя выдатныя мясьціны
Месты-сябры[рэдагаваць]
Вядомыя асобы[рэдагаваць]
- Людміла Ананька (нар. 1982) — беларуская біятляністка
- Юзэф Бака (1707—1780) — сьвятар-езуіт, місіянэр, паэт позьняга барока
- Ігнат Дамейка (1802—1809) — навуковец, геоляг, мінэроляг, мэмуарыст
- Андрэй Залескі (нар. 1991) — беларускі футбаліст
- Зыгмунт Лазінскі (1870—1932) — каталіцкі сьвятар, біскуп менскі (1918—1925) і пінскі (1925—1932)
- Майсей Лейбоўскі (1876—1942/43) — габрэйскі мастак
- Міхась Наўмовіч (1922—2004) — дзяяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага згуртаваньня ў Францыі «Хаўрус» і сябра рады БНР
- Рэгіна Салямэя Пільштынова (1718 — пасьля 1760) — першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-лекарака
- Віктар Рахманько (нар. 1953) — беларускі чыгуначны дзяяч і палітык
- Барыс Тураеў (1868—1920) — гісторык, вядомы дасьледнік Старадаўняга Ўсходу
Глядзіце таксама[рэдагаваць]
Заўвагі[рэдагаваць]
- ^ Летувіскі гісторык Томас Баранаўскас называе гэтае сьцьвярджэньне «мітам». — Крыніца: Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: зборнік науковых прац. — Баранавічы, 2002. С. 29—44.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 357
- ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 85—86.
- ^ а б Navahradak // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 164.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
- ^ Нава́градак // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Нава́градак // Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 260.
- ^ Піваварчык С. А. Гарадзішча Радагошча — магчымы папярэднік Наваградка // «Белорусский Сборник» № 2. — Санкт-Петербург, 2003.
- ^ Чамярыцкі, В. Аповесць пра Міндоўга і Войшалка // Спадчына. — Мн.: Полымя, 1990. — № 3. — С. 50—51.
- ^ Гурэвiч Ф. Летапiсны Новгородок (старажытнарускi Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003.
- ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999.
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000.
- ^ Гурэвiч Ф. Летапiсны Новгородок (старажытнарускi Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003.
- ^ а б в Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 358.
- ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 20.
- ^ Наваградак // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Марозава С. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (ХІV — XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
- ^ Tajne nauczanie polskie w czasie okupacji niemieckiej 1941–1944 // Oświata... — С. 67.
- ^ Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 359.
- ^ а б Nowogródek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 255.
- ^ Nowogródek // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Новогрудок // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Гайба М. Навагрудак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 255.
- ^ Новогрудок // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Новогрудок // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Новогрудок // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура[рэдагаваць]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Гурэвiч Ф. Д. Летапiсны Новгородок (Старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003. — 324 с.
- М. Гайба. Навагрудак: гады і падзеі. — Навагрудак, 1996.
- Наваградак // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Navahradak // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Nowogródek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 255—263.
- Агнешка Грэндзік-Радзяк Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001. — Торунь: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. — 441 с. — ISBN 978-83-60738-09-2 (пол.)
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Наваградак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Наваградак на Radzima.org
- Афіцыйная старонка Наваградзкага райвыканкаму(рас.)
- Сайт па гісторыі г. Навагрудка і Навагрудчыны
- Наваградак зь неба
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||