Напалеон Орда
| Напалеон Орда | |
| Імя пры нараджэньні: | Напалеон Мацей Тадэвуш Орда[1] |
|---|---|
| Нарадзіўся: | 11 лютага 1807[1] Варацэвічы, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
| Памёр: | 26 красавіка 1883 Варшава, Расейская імпэрыя |
| Заняткі: | жывапіс (малюнак) |
Напалео́н О́рда (11 лютага [ст. ст. 19 лютага] 1807 — 26 красавіка [ст. ст. 8 траўня] 1883) — беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага, летувіскага, польскага і ўкраінскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках — пэйзажы большасьці краін Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны[2].
Н. Орда захапляўся музыкай. Сябраваў з Ф. Шапэнам, спачатку займаўся пад яго кіраўніцтвам, пасьля чаго ўжо сам выдатна граў на фартэпіяна і нават выкладаў[3]. Адзін сэзон (1847) зьяўляўся дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы[4]. Быў асабіста знаёмы і сябраваў з А. Міцкевічам, І. Дамейкам, Ф. Лістам[5].
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
[рэдагаваць] Дзяцінства і юнацтва
Нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька — Міхал, паводле адукацыі інжынэр-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай зьяўляўся маршалкам Кобрынскага павету.
Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. З існых крыніц дакладна невядома[6] ці былі ў іх доме гувэрнэры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцьця была маці — Юзафіна — дачка пінскага судзьдзі й мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала францускай мовай і была таленавітай піяністкай[6]. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазытару дала менавіта яна.
[рэдагаваць] Вучоба і пачатак грамадзка-палітычнай дзейнасьці
[рэдагаваць] Сьвіслацкая гімназія
У 1819 годзе (у аўтабіяграфіі самога Н. Орды — у 1818 г., аднак лічыцца, што гэтую дату ён адмыслова сказіў на сьледзтве) паступіў у Сьвіслацкую гімназію[7]. У гэты час у гімназіі пачалі стварацца навуковыя гурткі, удзельнікі каторых стваралі таемныя студэнцкія таварыствы. У адно з такіх таварыстваў — «Заране», якое было зьвязана з рэвалюцыйным «Таварыствам ваенных сяброў», ўступіў Напалеон. Назва арганізацыі паходзіла ад формы сходаў гімназістаў, якія патаемна зьбіраліся надвячоркам, калі ўсходзілі зоркі[8].
«Заране» марылі пра незалежнасьць зямель былой Рэчы Паспалітай, адкрыта выказвалі свой пратэст супраць палітыкі царскіх уладаў, запальвалі рэвалюцыйнымі настроямі вучняў і пэдагогаў.
Напрыканцы вучобы Орды ў гімназіі «Заране» трапілі пад увагу паліцыі. Жандары схапілі шэраг выпускнікоў, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. У адносінах да Н. Орды і ягоных сяброў былі ўжытыя захады тлумачальнага характару, якія адпаведны сьледчы камітэт палічыў дастатковымі для вынішчэньня духу «рэвалюцыйнай заразы». Гімназістаў вызвалілі ад сьледзтва, але іх справы захоўваліся ў сэйфах царскай ахранкі.
Атрымаўшы дыплём з выдатнымі адзнакамі, 17-гадовы Напалеон вярнуўся дамоў. Пачалася яго падрыхтоўка да паступленьня ў Віленскі ўнівэрсытэт.
[рэдагаваць] Віленскі ўнівэрсытэт
У 1823 г., пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, на фізыка-матэматычнае аддзяленьне. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ува ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ува ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў[9].
[рэдагаваць] Арышт
Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх — у ліпені 1826 г. ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.
[рэдагаваць] Творчасьць
[рэдагаваць] Лінгвіст
У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.
Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.
[рэдагаваць] Музыка
Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.
Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.
[рэдагаваць] Паўстанец
Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.
Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.
Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.
[рэдагаваць] Мастак
У Парыжы Н. Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.
У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб’яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.
Малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю, праз што маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках.
Н. Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў, больш 200 літаграфіяў.
З 1873 году Напалеон Орда распачаў ня менш манумэнтальную справу — выданьне ўласным коштам «Album Widokow Historycznych». Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфіяў у васьмі сэрыях (каля 120 па беларускіх губэрнях), гравіраваных на камені Алаізам Місяровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве.
Напалеон Орда зрабіў тысячы малюнкаў і падчас сваіх вандраваньняў па Эўропе. Ён наведаў Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр.
- Галерэя работаў Напалеона Орды
[рэдагаваць] Апошнія гады
Апошнія гады жыцьця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Янаве. Аб гэтым ён прасіў у сваім запавеце.
[рэдагаваць] Памяць
У горадзе Янаў (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду ўсталяваны помнік, які стварыў скульптар Іван Голубеў.
Імем Орды названыя вуліцы ў Менску[10] і Горадні[11].
6 лютага 2007 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятную манэту «Напалеон Орда. 200 год».
11 лютага 2010 году кампанія Google адзначыла народзіны Н. Орды, зьмясціўшы адмысловае лёга з малюнкам мастака палаца Чацьвярцінскіх у Горадні на сваім пошукавым сэрвісе[12].
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ a b Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 14.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 96.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 38.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 55.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 40.
- ^ a b Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 18.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 21.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 23.
- ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 24.
- ^ У Менску зьявіліся мікрараён Брылевічы і вуліца Ігнатоўскага // «Наша Ніва», 2 ліпеня 2007.
- ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
- ^ «Google» павіншаваў беларусаў з угодкамі Напалеона Орды // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 11 лютага 2010.
[рэдагаваць] Літаратура
- Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагодзьдзя. — Мн.: Ураджай, 2001. — ISBN 985-04-0497-3.
- Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — ISBN 978-985-02-1031-9
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Напалеон Орда — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Артыкул Сяргея Харэўскага ў «Нашай Ніве»
- Біяграфія на старонцы «Гісторыя Беларусі. Асобы.» Таварыства Беларускай Мовы
- Галерэя Напалеона Орды, сайт «Павет» (197 малюнкаў)
- Галерэя Напалеона Орды, сайт «Юркаў куточак»
- «Album Widoków Historycznych Polski»
- «Глобус Беларусі», фотаздымкі помніка Н. Орду ў Янаве
- Падарожжы Напалеона Орды на мапе
- Музейны комплекс Напалеона Орды ў Варацэвічах