Напалеон Яленскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Напалеон Яленскі

Герб «Корчак»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1810
вёска Лучыцы, Мазырскі павет, Менская губэрня
Памёр 1883
Цепліцы, Аўстра-Вугоршчына
Пахаваны
Род Яленскія
Бацькі Фелікс Яленскі
Каміла Рдултоўская

Напалеон Яленскі (1810, Лучыцы, Мазырскі павет, Менская губэрня1874, Цепліцы, Аўстра-Вугоршчына) — беларускі грамадзкі дзяяч, удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў і паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Паходжаньне і сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Наваградзкім ваяводзтве й Мазырскім павеце ВКЛ, дзе займалі высокія земскія пасады.

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Лучыцы Мазырскага павету Менскай губэрні ў сям’і Фэлікса Яленскага (нар.1775) і яго жонкі Камілы Рдултоўскай. Яго поўнае імя, дадзенае пры хросьце, Напалеон-Міхал-Ян Фэліксавіч Яленскі.

Стрыечны брат — Антон Яленскі (1818—1874), адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў гімназію ў Вільні й Віленскі ўнівэрсытэт у 1829 годзе.

Удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1831 годзе стаў чальцом таемнага таварыства — Віленскага камітэту. У ходзе паўстаньня 1830—1831 гадоў на Напалеона Яленскага быў напісаны данос аб тым, што ён зьбіраў змоўцаў у сваім доме ў Мазырскім павеце й узбройваў сялянаў для паўстаньня. Аднак Яленскі быў вызвалены сьледчай камісіяй у Мінску з-за недахопу доказаў. Быў заўважаны ў вольнадумных выказваньнях, але супраць расейскага ўраду ня дзейнічаў. Паводле ўласнага прызнаньня на допытах пасьля арышту ў 1838 годзе па справе таемнага таварыства ў Мазырскім павеце, Яленскі ўдзельнічаў у паўстаньні 1830—1831 гадоў у радзівілаўскім апалчэньні, але атрымаў дараваньне сваім дзеяньням з боку расейскіх уладаў. Зь Менску Яленскі вярнуўся адразу ў свае маёнткі ў Мазырскім павеце, дзе пазнаёміўся й пасябраваў з уладальнікам маёнтку Янам Рудзяеўскім, сваім суседам па павеце й будучым мазырскім павятовым маршалкам.

Таемнае таварыства ў Мазырскім павеце (1833—1839)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1833 годзе ў Мазырскім павеце было створанае таемнае таварыства, якое падзяляла ідэі «арыстакратычнай партыі» польска-ліцьвінскай палітычнай эміграцыі на чале з князем Адамам Ежы Чартарыйскім ў Парыжы. Мэтай дзейнасьці таварыства было аднаўленьне Рэчы Паспалітай праз узброенае паўстаньне й стварэньне дзяржавы на канстытуцыйна-манархічных падставах. Пачатак стварэньню таварыства быў пакладзены ініцыятывай Д. Булеўскага, эмісара «арыстакратычнай партыі» Чартарыйскага, прысланага з-за мяжы для вярбоўкі прыхільнікаў у Менскую губэрню.

Першым заахвочаным чальцом і арганізатарам таварыства стаў у 1833 годзе шляхціц Ян Былеўскі, ураджэнец Пінскага павету Менскай губэрні, якому эмісар Булеўскі даручыў стварыць у Пінскім і Мазырскім паветах таемныя таварыствы, для чаго неабходна было прыводзіць завэрбаваных чальцоў да прысягі вернасьці таварыству, завесьці сакратара, назапашваць грошы й зброю й быць гатовым у любы момант далучыцца да паўстаньня. Адным зь першых, з кім павёў размовы Ян Маўрыцавіч Былеўскі аб стварэньні таемнага таварыства, быў Напалеон Яленскі, які падтрымаў ініцыятыву Былеўскага й адразу прынёс прысягу вернасьці таварыству ў доме Яна Рудзяеўскага ў маёнтку Маісеевічы Мазырскага павету.

Таварыства праіснавала да 1838—1839 гадоў, калі былі арыштаваныя і ўтрымліваліся ў вязьніцы ў Вільні яго чальцы (Ян Былеўскі, Напалеон Яленскі, Ян Яленскі, Ян Рудзяеўскі, Пётра Грабоўскі, Генрык Зялёнка і Аляксандар Гутоўскі).

Напалеон Яленскі быў арыштаваны расейскімі ўладамі ў 1838 годзе. На допытах ён трымаўся мужна, прызнальныя паказаньні даваў толькі пад ціскам неабвержных доказаў, вочных ставак, доказаў з боку іншых падсьледных. У прыватнасьці, ён вымушаны быў прызнаць існаваньне ў Мазырскім павеце таемнага таварыства, створанага па правілах эмісара Булеўскага, аднак падкрэсьліваў, што стварэньне таварыства праходзіла ў несур’ёзнай, хутчэй, жартоўнай абстаноўцы, прысягу ніхто не прыносіў і надалей ніякай дзейнасьці не ажыцьцяўляў. На сьледзтве найболей сур’ёзныя абвінавачаньні супраць Напалеона Яленскага паказаў Ігнат Радзевіч, уласьнік маёнтку ў Пінскім павеце. Напалеон Яленскі вымушаны быў згадзіцца, што аднойчы завёў размову аб знаёмым купцы з Бабруйску, ў якога можна было набыць порах, волава й зброю, і цікавіўся, ці сьлед зрабіць такі запас. Сьледчая камісія ў Вільні таксама выявіла, што Напалеон Яленскі прыняў кансьпірацыйнае імя «Ксэард», чытаў арганізацыйныя дакумэнты дэмакратычнага таварыства, якія пазьней спаліў, каб пазьбегчы іх выяўленьня. У паперах Яленскага была знойдзеная ўстава «Садружнасьці польскага народу», перапісаная ўласнай рукой Напалеона Яленскага, што сьведчыла пра інтарэс Яленскага да дзейнасьці дэмакратычнага таварыства «Садружнасьці польскага народу» на чале з Шыманам Канарскім [1].

Фактычна таемнае таварыства ў Мазырскім павеце ў 1833—1839 гадах было невялікай групай людзей, аб’яднаных сваяцкімі й сяброўскімі сувязямі, што былі незадаволеныя расейскім панаваньнем у краі, але імкнуліся скрываць свае думкі ад шырокага навакольля. У гэтых людзей былі свае прадстаўленьні аб годнасьці й гонары. Канкрэтная сутнасьць іх дзейнасьці заключалася ў тым, што, рызыкуючы сваёй небясьпекай, яны дапамагалі былым ўдзельнікам паўстаньня 1830—1831 гадоў, эмігрантам і іх сваякам, якія хаваліся ад палітычнага перасьледу ў беларускіх і ўкраінскіх губэрнях Расейскай імпэрыі. Яны чыталі й распаўсюджвалі ў паветах забароненую расейскімі ўладамі літаратуру, імкнуліся знайсьці сувязі з аднадумцамі ў Менску й Вільні, цікавіліся тым, што адбывалася ў эміграцыйным асяродку, зьбіралі сродкі ў дапамогу бедным суайчыньнікам. Пры гэтым на працягу некалькіх год ім удавалася не прывабліваць увагу мясцовай паліцыі.

Высылка на Каўказ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1839 годзе Яленскі быў асуджаны за ўдзел у таемным таварыстве й антыўрадавай дзейнасьці, аднесены да трэцяга разраду дзяржаўных злачынцаў, пазбаўлены дваранства й сасланы шараговым жаўнерам служыць у расейскае войска ў асобны Каўкаскі корпус. Яго нерухомую маёмасьць было дазволена пакінуць законным спадчыньнікам.

Ваяваў у складзе свайго корпуса на КаўказеЧачэніі). За ўдзел у сутычках і штурме расейскімі войскамі чачэнскага аула Ахульга атрымаў афіцэрскі чын з правам пражываньня ў Пензенскай губэрні Расейскай імпэрыі. Паводле словаў Станіслава Шумскага, Напалеон Яленскі вызначаўся прыкрым характарам, ня меў даверу да суссыльных, падазраваў іх у даносах уладам.

Вяртаньне ў Мазырскі павет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вяртаньня ў 1844 годзе ў родны маёнтак Лучыцы ў Мазырскім павеце, займаўся гаспадаркай і нідзе не служыў. У 1836 годзе паводле рэвізіі яго маёнтак Лучыцы налічваў 450 мужчынскіх і 490 жаночых душ. Яленскі арганізаваў у сваіх маёнтках школу для сялянскіх дзяцей, якіх і сам там вучыў.

У 1844 годзе менскі губэрнскі маршалак Леў Оштарп прасіў у менскага губэрнатара Аляксея Васільевіча Сямёнава пашпарт для праезду Напалеона Яленскага ў Вількамірскі павет Ковенскай губэрні да сваякоў Яленскіх.

14 студзеня 1857 году мазырскі земскі спраўнік прасіў Напалеона Яленскага прыбыць у маёнтак Капцэвічы Мазырскага павету ў сувязі з хваляваньнямі й непавінавацтвам сялянаў.

Дзейнасць напярэдадні й у час паўстаньня 1863—1864 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напалеон Яленскі (зьлева) і Геранім Кяневіч, уласьнікі маёнткаў у Мазырскім павеце

20 лістапада 1857 году былі падпісаныя першыя рэскрыпты расейскага імпэратара Аляксандра ІІ на імя Віленскага генэрал-губэрнатара Ўладзімера Іванавіча Назімава й Санкт-Пецярбурскага генэрал-губэрнатара Паўла Мікалаевіча Ігнацьева, дзе была напісаная праграма расейскага ўрада аб адкрыцьці губэрнскіх камітэтаў па сялянскай справе (для падрыхтоўкі дваранамі праектаў сялянскай рэформы), што дало пачатак працы па вызваленьні сялянаў ад прыгону й паставіла дваранства Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губэрняў у авангард гэтага працэсу. Пасьля гэтага губэрнскія камітэты па сялянскай справе пачалі арганізоўвацца й у іншых губэрнях, пачалася актыўная праца дваранаў за распрацоўку мераў і формаў вызваленьня сялянаў. 30 жніўня 1858 году быў створаны Менскі губэрнскі камітэт па сялянскай справе, на чале якога стаў менскі губэрнскі маршалак Людвік Слатвінскі. У склад камітэту ад Мазырскага павету ўвайшоў Напалеон Яленскі. Як і многія ўладальнікі маёнткаў у літоўска-беларускіх губэрняў Расейскай імпэрыі, Яленскі выказваўся за скасаваньне прыгону, але за вызваленьне сялянаў без наданьня іх зямлёй. У канечным выніку гэтая прапанова дваран «заходніх губэрняў» была адхіленая царскім урадам — было вырашана вызваляць сялянаў зь зямельным надзелам.

У пачатку 1860-х гадоў напярэдадні паўстаньня 1863—1864 гадоў далучыўся да таемнай арганізацыі — групоўкі «белых» у літоўска-беларускіх губэрнях і стаў адным зь яе кіраўнікоў.

17 лістапада 1862 году ў Менску губэрнскі дваранскі сход на чале зь менскім губэрнскім маршалкам Аляксандрам Лапам меў намер прадставіць на імя расейскага імпэратара Аляксандра ІІ афіцыйны зварот аб неабходнасьці злучыць Менскую губэрню з польскімі губэрнямі. Плянавалася прадставіць такія ж звароты ад усіх губэрнскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі генэрал-губэрнатар Уладзімер Іванавіч Назімаў забараніў падачу звароту, але менскія дваране ўнесьлі яго тэкст у пратакол пасяджэньня губэрнскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся менскі губэрнскі маршалак Аляксандар Лапа, а таксама падпісалі слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Вайніловіч, дзяцька вядомага Эдварда Вайніловіча, віцэ-старшыні Менскага сельскагаспадарчага таварыства й іншыя. Напалеон Яленскі таксама выказваўся за паданьне дваранамі Менскай губэрні звароту да імпэратара Аляксандра ІІ аб далучэньні Менскай губэрні да польскіх губэрняў. У сувязі з гэтым у 1863 годзе быў сасланы ў Вятку Вяцкай губэрні Расейскай імпэрыі. Паводле ўказу 10 сьнежня 1865 году Напалеон Яленскі быў вымушаны прадаць свае маёнткі.

Вяртаньне зь Вяткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вярнуўся ў 1868 годзе са ссылкі й пасяліўся ў Варшаве. Памёр 11 траўня 1883 году ў Цепліцах (Аўстра-Вугоршчына). У сваім тэстамэнце запісаў 23 800 рэйнскіх залатых на асьвету й стыпэндыі для сялянскіх дзяцей свайго былога маёнтка ў Мазырскім павеце. За сваё жыцьцё ніколі не ажаніўся й афіцыйных нашчадкаў не пакінуў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники" / С. Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2010. — С. 297—315]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Berghauzen, J. Jeleński Napoleon Jan / J. Berghauzen // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1964. — T. XI/1. Zesz. 48 : Jarosław — Jelowicki Aleksander. — S. 144.
  • Ramotowska, F. Tajemne państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warszawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Луговцова, С. Л. «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники / С. Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Менск : БДУ, 2010. — С. 297—315.