Наста Дашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Наста Дашкевіч
Намесьніца старшыні Маладога Фронту
9 сакавіка 2008 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася: 2 жніўня 1990 (33 гады)

Менск, БССР
Партыя: Малады Фронт
Сужэнец: Зьміцер Дашкевіч
Адукацыя: н/вышэйшая
Узнагароды: Міжнародная жаночая прэмія за мужнасць (Дзяждэпартамэнт ЗША)

На́ста Дашке́віч (у дзявоцтве Палажа́нка; нар. 2 жніўня 1990, Менск) — беларуская моладзевая дзяячка, намесьніца старшыні «Маладога Фронту». Жонка Зьмітра Дашкевіча[1].

14 ліпеня 2022 году Зьмітру і Насьце Дашкевічам агучылі прысуды паводле ч.1 арт. 342 КК (Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Зьмітра асудзілі да 1,5 года калёніі, як і прасіў бок абвінавачваньня, а Насту — да 3 гадоў «хатняй хіміі»[2].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1997 па першую палову 2008 году навучалася ў менскай 73-ай школе, з паглыбленым вывучэньнем нямецкай мовы. З другой паловы 2008 году перавялася ў 37-ую школу з эстэтычным ухілам. З 2008 студэнтка ЭГУ, факультэта філязофіі й палітычных навук.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 2004 году зьяўлялася сяброўкай моладзевага руху «Малады Фронт». У 2007 годзе асуджаная па артыкуле 193.1 КК за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі[3][4]. Суд вынес папярэджаньне. Удзельнічала ў многіх акцыях і кампаніх Маладога Фронту, дзясяткі разоў затрымоўвалася. 7 лістапада 2008 году, за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля КДБ, была арыштаваная на 3-е сутак[5].

На VI Сойме МФ 9 сакавіка 2008 году абраная намесьніцай старшыні Маладога Фронту.

25 сакавіка 2009 году (Дзень Волі) былі затрыманыя актывісты «Маладога Фронта» Наста Палажанка й Дзяніс Карноў і вывезеныя за горад. Дзяніс Карноў быў зьбіты. Актывісты апазналі чалавека, які кіраваў выкраданьнем, ім быў супрацоўнік «Алмазу» Аляксандар Лявоненка[6].

За падзеі 19 сьнежня 2010 году была асуджаная на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 1 год. Насту Палажанку арыштавалі 20 сьнежня ва ўласнай кватэры. Яна стала адной з абвінавачаных па артыкуле 293 КК «Масавыя беспарадкі». Амаль два месяцы яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. 17 лютага яе выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.[7]

19 верасьня 2011 году Насту арыштавалі (разам з былым палітвязьнем Уладзімерам Яроменкам) на 11 сутак адміністрацыйнага арышту за вывешваньне ў Менску нацыянальных сьцягоў. Яе зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня і арганізацыі масавага мерапрыемства. Сваю акцыю яны, разам зь Яроменкам, прымеркавалі да 20-й гадавіны абвяшчэньня «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі. Пакараньне Наста Палажанка адбывала ў турме на вуліцы Акрэсьціна[8]

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 сакавіка 2011 году Наста Палажанка атрымала прэстыжную Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць, якую Дзяждэпартамэнт ЗША прысуджае штогод 10 жанчынам розных узростаў і нацыянальнасьцяў. Наста стала першай беларускай, якая была ўзнагароджана гэтай прэміяй. Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла ў Вашынгтоне. Ва ўступнай прамове спадарыня Гілары Клінтан выказала шкадаваньне ў сувязі з тым, што Наста Палажанка і Ёані Санчэз з Кубы ня здолелі прыехаць на цырымонію па той прычыне, што ўлады іх краінаў ім гэтага не дазволілі.[7]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]