Наступствы Чарнобыльскай катастрофы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Колькасьць захворваньняў на сындром Даўна ў Беларусі

Чарнобыльская катастрофа спрычынілася да выкідаў вялізарнай колькасьці радыяцыі ў атмасфэру ў выглядзе як цьвёрдых, так і газападобных радыяцыйных ізатопаў. Да сёньняшняга дню гэта найбольш буйны нязмушаны выкід радыяцыі ў навакольнае асяродзьдзе.

Распаўсюджаньне радыяцыйнага воблака[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выбух і пажар на АЭС ўтварылі радыяцыйнае воблака, якое прайшло над Украінай, Беларусяй, Расеяй, эўрапейскай часткай Турэччыны, Грэцыяй, Малдовай, Румыніяй, Баўгарыяй, Летувой, Фінляндыяй, Даніяй, Нарвэгіяй, Швэцыяй, Аўстрыяй, Вугоршчынай, Чэхаславаччынай, Югаславіяй, Польшчай, Эстоніяй, Швайцарыяй, Нямеччынай, Італіяй, Ірляндыяй, Францыяй[1]), Канадай[2] і Вялікабрытаніяй.

Ліквідатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкі значык, якім былі ўзнагароджаныя больш за 600 000 ліквідатараў

Удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, празваныя «ліквідатарамі», атрымалі вялікія дозы апраменьваньня. Найчасьцей гэтыя выратавальнікі ня мелі індывідуальных дазімэтраў для вымярэньня атрыманага апраменьваньня, таму пра іхнія дозы можна толькі меркаваць.

Цывільнае насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеці ў забруджанай зоне атрымалі дозы да 50 грэеў (Гр) праз радыеактыўны ёд-131, параўнальна кароткажывучы ізатоп з пэрыядам паўраспаду 8 дзён, які ўтрымоўваўся ў мясцовым малацэ. Некаторыя дасьледваньні паказалі, што выпадкі раку шчытападобнай залозы сярод дзяцей у Беларусі, Украіне і Расеі рэзка ўзрасьлі.

Наступствы для Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Колькасьць захворваньня на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі

У зоне радыеактыўнага забруджваньня аказалася больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 местаў, у якіх пражывалі 2,2 млн чалавек — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі. Паступова пераселеныя 137,7 тысячы жыхароў з найбольш забруджаных 470 населеных пунктаў Гомельскай і Магілёўскай абласьцей. Сумарны ўрон ад катастрофы ў разьліку на 30-гадовы пэрыяд пераадоленьня яе наступстваў ацэньваецца ў 235 млрд даляраў. Радыёэкалягічная абстаноўка ў краіне ў будучым будзе вызначацца дзеяньнем доўгажывучых ізатопаў цэзу-137 і стронцу-90.

Забруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Кюры/кв.км амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. кв.км) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. кв.км).

За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 кв.км. У абарот вярнулі амаль 170 кв.км земляў. Невыкарыстоўванымі засталіся 2400 кв.км. На 1 студзеня 2013 г. забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 кв.км), у тым ліку 11,1% выкарыстоўваных сельскагаспадарчых земляў (9819 кв.км) і 18,6% лесу (15 046 кв.км) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 кв.км) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1-5 Кюры/кв.км, 21,9% (6600 кв.км) — 5-15 Кюры/кв.км, 7,4% (2220 кв.км) — 15-40 Кюры/кв.км, 1,4% (420 кв.км, зь іх 370 кв.км у Гомельскай вобласьці і 50 кв.км у Магілёўскай) — звыш 40 Кюры/кв.км.

Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 кв.км, Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Кюры/кв.км[3].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Tchernobyl, 20 ans après(фр.). RFI (24 красавіка 2006). Праверана 24 красавіка 2006 г.
  2. ^ Chernobyl plume: country-by-country summary (Canada)(анг.) RADNET. Information about source points of anthropogenic radioactivity. Davistown museum. Праверана 2 траўня 2011 г.
  3. ^ Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2013 г. Праверана 26 красавіка 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Надзея Дрыла. Лічбы і факты // «Звязда». — 26 красавіка 2011. — № 77 (26941).