Натальля Гінзбург
Натальля Гінзбург (па-італьянску: Natalia Ginzburg; 14 ліпеня 1916, Палерма — 6/7 кастрычніка 1991, Рым) — італьянская пісьменьніца.
Жыцьцяпіс [рэдагаваць]
Натальля Леві нарадзілася ў Палерма ў габрэйскай сям’і, якая паходзіла з Трыесту. Яе бацька Джузэпэ Леві, унівэрсытэцкі выкладчык, і тры браты былі арыштаваныя і асуджаныя па справе антыфашызму.
Дзяцінства і маладосьць Натальля правяла ў Турыне, дзе захапілася літаратурнай дзейнасьцю. Дэбютавала ў 1933 годзе першым расказам «Дзеці» («I bambini»), апублікаваным у часопісе «Solaria». У 1938 годзе пабралася з Леонэ Гінзбургам і ад гэтага часу новым прозьвішчам падпісвала ўсе свае творы.
У гэтыя гады ўсталявала трывалыя стасункі з прадстаўнікамі турынскага антыфашысцкага руху і ў прыватнасьці з інтэлектуаламі вакол выдавецтва «Einaudi», зь якімі яе муж, унівэрсытэцкі выкладчык расейскай літаратуры супрацоўнічаў з 1933 году.
У 1940 годзе сьледам за мужам едзе ў высылку ў Абруцца, дзе засталася да 1943 году. У 1942 годзе піша і друкуецца пад псэўданімам Алесандра Тарнімпартэ. Першы раман «Вуліца, якая вядзе ў горад» («La strada che va in città») выйшаў у 1945 годзе.
У лютым 1944 году пасьля сьмерці мужа ў вязьніцы Натальля вяртаецца ў Турын, дзе да канца другой сусьветнай вайны працуе ў выдавецтве «Einaudi».
У 1947 годзе выходзіць другі раман пісьменьніцы «Так было» («È stato così»), за які яна атрымала літаратурную прэмію «Tempo».
У 1950 годзе выходзіць замуж за англіста Габрыэле Бальдзіні, дырэктара Інстытута італьянскай культуры ў Лёндане. Для Натальлі пачынаецца прадуктыўны творчы пэрыяд, у якім яна арыентуецца збольшага на ўспаміны і псыхалягічны аналіз.
У 1952 годзе выходзяць «Усе нашыя ўчора» («Tutti i nostri ieri»), у 1957 — зборнік доўгіх расказаў і раман «Стралец» («Sagittario»), у 1961 — «Галасы вечара» («Le voci della sera»).
У 1962 годзе выходзіць зборнік эсэ «Маленькія годнасьці» («Le piccole virtù»), у 1963 годзе аўтарка атрымала прэмію «Strega» за «Сямейны лексікон» («Lessico famigliare»).
У 1969 годзе памірае муж пісьменьніцы, і ад таго часу яна прысьвячае сябе выключна літаратуры.
У 1983 годзе балятуецца ў парлямэнт у сьпісах Камуністычнай партыі Італіі.
Памерла ў Рыме ў 1991 годзе.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Натальля Гінзбург — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў