Несьцерка (п’еса)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Несьцерка»
Вокладка выданьня «Несьцерка», 1951 год
Жанр: п’еса
камэдыя
Аўтар: Віталь Вольскі
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1940
Публікацыя: 1951
Электронная вэрсія

«Несьцерка» — п’еса Віталя Вольскага (камэдыя ў трох дзеях, сямі карцінах), напісаная ў 1940 годзе. Першая пастаноўка адбылася 18 траўня 1941 году на сцэне Другога Беларускага дзяржаўнага тэатру[1] падчас гастроляў у Петразаводзку (Карэла-Фінская ССР, СССР)[2].

У 1941 годзе п’еса была адзначаная першай прэміяй на Ўсесаюзным конкурсе на лепшы драматургічны твор. І па сёньняшні дзень спэктакль па п’есе Вольскага, перажыўшы ўжо не адну рэдакцыю, зьяўляецца свайго роду візыткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа — зь п’есы «Несьцерка» нязьменна адкрываецца кожны чарговы яго сэзон)[3]. У 1946 годзе твор адзначылі Дзяржаўнай прэміяй СССР. Першапачатковы спэктакль ставіўся без замены дэкарацыяў і рэжысуры да 1986 году. Сучасную пастаноўку ў 2006 годзе стварыў Віталь Баркоўскі[2].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сюжэт камэдыі «Несьцерка», пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў, якія здараюцца з галоўнымі пэрсанажамі.

Галоўны герой, селянін Несьцерка, жадае дапамагчы хлопцу Юрасю ажаніцца з Насьцяй. Дзеля гэтага яму даводзіцца пераадолець нямала перашкод: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце шкаляра, ашукаць судзьдзю, а таксама прымусіць шкаляра адмовіцца ад шлюбу.

На працягу ўсёй п’есы прасочваецца некалькі сюжэтных ліній: лінія Несьцеркі, які ратуецца ад шляхцюкоў, якія абвінавачваюць яго ў наўмысным шкодніцтве, лінія каханьня Юрася і Насьці, лінія шкаляра Самахвальскага, які прэтэндуе на найхутчэйшае ўзыходжаньне да кар’ерных вяршынь. І яшчэ сюжэтная лінія пошуку справядлівасьці, зьвязаная з судзьдзёй, шляхцюкамі і панам Бараноўскім.

Усе гэтыя лініі і выяўляюць вобраз галоўнага героя[1].

Жанр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

П’еса «Несьцерка» зьяўляецца народна-лубачнай сатырычнай камэдыяй. Віталь Вольскі паспрабаваў у ёй выкарыстаць формы старадаўняга народнага тэатра, беларускай інтэрмэдыі, балаганных прадстаўленьняў, сцэны са скамарохамі. Ён таксама ўмела выкарыстаў паданьні, якія існавалі ў народзе — пра шамякаў суд, «вучоны» дыспут, рашэньне трох загадак на кемлівасьць і інш.[1].

Аўтар пра п’есу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сам аўтар п’есы, вядомы беларускі драматург Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль-Вольскі так пісаў пра сваю задуму:

« Я паставіў перад сабой задачу стварыць камэдыю з напружаным і выразна акрэсьленым сюжэтам, вясёлую і лёгкую, тэатральна-прыўзьнятую, асьветленую іскрамі народнага гумару, упрыгожаную яркімі фарбамі, музыкай, сьпевамі і танцамі. Мне хацелася даць тэатру драматычны матэрыял для спэктаклю яркага, жывога і маляўнічага, каб глядач увесь час адчуваў сябе ў атмасфэры народнага відовішча, каб няспыннымі хвалямі ліўся са сцэны ў залю жывы струмень народнага мастацтва. »

«Літаратура і Мастацтва» 24 траўня 1941

Папулярнасьць п’есы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра папулярнасьць п’есы і яе галоўнага героя сьведчыць тое, што, апроч пастановак п’есы на тэатральных падмостках вясёлы, кемлівы і дасьціпны Несьцерка перабраўся на цыркавую арэну, на эстраду, ў кіно, увасобіўся ў шматлікіх беларускіх сувэнірах[1]. Назвай «Несьцерка» названая кавярня ў Нясьвіжы[4], крама прамтавараў у Менску[5], і іншыя прадпрыемствы гандлю.

На студыі «Беларусьфільм» зьняты поўнамэтражны мультфільм «Прыгоды Несьцеркі» з васьмі гісторыяў рэжысэра Ігара Воўчака[6][7]. На 70-ую гадавіну першай пастаноўкі, 18 траўня 2011 году, п’есу ўжо сыгралі 600 разоў[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Вольскі Віталь. Несцерка Праверана 24 лютага 2013 г.
  2. ^ а б в Вольга Чайкоўская. «Несьцерка» назаўжды // Зьвязда : газэта. — 18 траўня 2011. — № 90 (26963). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ «Двойчы з першапраходцаў(недаступная спасылка)». // Літаратура і Мастацтва 16 верасьня 2011
  4. ^ Нестерка кафэ КУП магазин № 3 (рас.) Жёлтые страницы. СООО "Белфакта Медиа". Праверана 24 лютага 2013 г.
  5. ^ Магазин "Нестерка", ОДО (г. Минск) (рас.) полная информационная база по предприятиям республики. BizBy.ru. Праверана 24 лютага 2013 г.
  6. ^ Приключения Нестерки (рас.). Беларусьфільм. Праверана 24 лютага 2013 г.
  7. ^ Первый белорусский анимационный полнометражный фильм вышел в Беларуси (рас.). Беларусьфільм. Праверана 24 лютага 2013 г.