Нью-Ёрская Фондавая Біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Нью-Ёрcкая фондавая біржа, чэрвень 2003

Нью-Ёрская Фондавая Біржа (па-ангельску: New York Stock Exchange, NYSE) — другая ў сьвеце па велічыні біржа. Яна была найбольшай да 1996 году, калі аб'ём гандлю на ёй быў перавышаны NASDAQ [1]. NYSE цяпер - камэрцыйнае прадпрыемства, пасьля зьліцьця з электроннай гандлёвай пляцоўкаю Archipelago ў красавіку 2005. Нью-Ёрская Фондавая Біржа знаходзіцца на 18 Broad Street, на вуглу з Wall Street, і ёсьць адным з найбольш славутых мейсцаў Нью-Ёрку.

На NYSE гандлююцца каштоўныя паперы больш за 2800 кампаній, агульнай капіталізацыяй у прыкладна 20 трыліёнаў амэрыканскіх даляраў. На ліпень 2004 году, усе кампаніі зь індэксу Dow Jones Industrial Average, акрамя дзьвюх (Intel і Microsoft) гандляваліся на NYSE.

Асаблівасьць NYSE ў тым, што гандаль на гэтай біржы дагэтуль вядзецца рукамі і голасам, у адрозьненьне ад электронных біржаў (як NASDAQ). Акцыі кожнага эмітэнта гандлююцца бракёрам ў пэўным мейсцы, жадаючыя набыць ці прадаць гэтыя акцыі зьбіраюцца вакол гэтага мейсца.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Днём заснаваньня NYSE лічыцца 17 траўня 1792 году, калі дваццацю чатырма нью-ёрскімі бракёрамі было падпісанае гэтак званае Плятанавае пагадненьне (пад плятанавым дрэвам, што расло на месцы сёньняшняга дому №68 па вуліцы Wall street). У адпаведнасьці з пагадненьнем, гешэфты з каштоўнымі паперамі адгэтуль павінны былі заключацца толькі між чальцамі біржы, пры гэтым усталёўваўся фіксаваны памер камісійных збораў.

8 сакавіка 1817 году біржа ўтварыла юрыдычную асобу і назвалася «New York Stock & Exchange Board». У 1863 зьявілася сучасная абрывіятура. У той самы год біржа арэндавала сваё сталае памяшканьне па Wall Street, 40 за 200 даляраў за месяц.

Камэрцыйны сакратар ЗША Дональд Л. Эванс званіць у звон — абвяшчае адкрыцьцё гандлю на NYSE 23 красавіка 2003 году. Таксама на фотаздымку былы старшыня, Рычард Ґраса.

У 1835 годзе пажар зьнішчыў у Нью-Ёрку больш за 700 будынкаў, у тым ліку і фондавую біржу. Гандаль быў перанесены ў іншыя месцы.

У 1844, з вынаходніцтам тэлеграфу, упершыню ў гандлю ўзялі ўдзел інвэстары з па-за Нью-Ёрку.

У 1857 годзе адбыўся першы ў гісторыі абвал біржы, пасьля банкруцтва Ohio Life Insurance & Trust Company.

3 ліпеня 1884 годзе у «Customers' Afternoon Letter» зьявіўся першы ў гісторыі ЗША фондавы індэкс. Ён складаўся з адзінаццаці паказчыкаў. Праз год ён стаў базавацца на кошце 14 акцый: 12 акцый чыгуначных кампаній і 2 — прамысловых. 26 траўня 1896 году зьявіўся знакаміты Індэкс Доў Джонса - Dow Jones Industrial Average Index.

Гандаль быў прыпынены неўзабаве пасьля пачатку Першае Сусьветнае Вайны (ліпень 1914), аднак быў адчынены зноў 28 лістапада таго году, каб падтрымаць вайну гандлям аблігацыямі.

24 кастрычніка 1929 адбыўся буйнейшы ў гісторыі біржавы крах. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як «Чорны чацьвер». Праз тыдзень Амэрыка цалкам пагрузілася ў эканамічную крызу, празваную пазьней «Вялікая Дэпрэсія», якую спыніла толькі зьмена агульнае канцэпцыі эканамічнае палітыкі амэрыканскае дзяржавы з манэтарызму на кейнсіянства.

1 кастрычніка 1934 году Камісія па Каштоўных Паперах і Біржах (Securities and Exchange Commission, SEC) зарэгістравала NYSE ў якасьці агульнанацыянальнае фондавае біржы.

14 ліпеня 1966 году быў створаны NYSE Composite Index.

18 лютага 1971 году біржа была ператвораная ў некамэрцыйную арганізацыю, колькасьць яе чальцоў была скарочаная да 25. Была зацьверджаная структура кіраваньня біржаю: галоўны орган — Рада Дырэктараў з 26 чалавек: старшыня, прэзыдэнт, 12 прадстаўнікоў грамадзкасьці і 12 прадстаўнікоў прафэсійных удзельнікаў рынка каштоўных папераў.

У 1979 годзе для правядзеньня тэрміновых гешэфтаў была створаная «дачка» NYSE - New York Futures Exchange (NYFE). Праз тры гады аб'ём гандлю на NYFE перавысіў 100 мільёнаў даляраў.

17 сьнежня 2003 году SEC зацьвердзіла папраўкі да Канстытуцыі NYSE, закліканыя зьмяніць структуру кіраваньня біржаю і ўзмацніць функцыю самарэгуляваньня. Першапачаткова на NYSE гандляваліся пераважна дзяржаўныя пазыковыя абавязальніцтвы, але паступова асноўным інструмэнтам гандлю сталіся акцыі. Паводле зьвестак на канец студзеня 2004 году, рынкавы кошт усіх кампаній, ліставаных на NYSE, дасягнула $17,8 трлн. Па стане на канец 2003 году сярэдні аб'ём штодзённага гандлю на NYSE складаў прыкладна 1,663 млрд. акцыяў.

ахова вакол NYSE

З 11 верасьня па 17 верасьня 2001 году біржа была зачыненая ў сувязі з тэрарыстычным актам.

17 верасьня 2003 году старшыня NYSE Рычард Ґраса зышоў у адстаўку ў сувязі з скандалам датычна памераў яго ўзнагароджаньня. Замест яго старшынём стаў Джон Тэйн, былы прэзыдэнт ґрупы Goldman Sachs.

21 красавіка 2005 NYSE абвесьціла аб плянах зьліцьця з электроннай гандлёвай пляцоўкаю Archipelago. Гэта будзе азначаць адмову ад традыцыйнага ручнога гандлю і паглыбленьня глябалізацыі рынку каштоўных папераў.

Лічбы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ліставаныя кампаніі: 2758 ([1])
  • Рынкавая капіталізацыя: $19,7 трыліёнаў ([2])
  • Удзельнікаў: 1366 ([3])

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Нью-Ёрская Фондавая Біржасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Параўнальны графік