Няміга
Няміга — рака ў Менску, якая цяпер заключаная ў трубу.
Першая згадка Нямігі датуецца 1067 годам, калі Кіеў разграміў на берагах ракі войска Полацкага княства. Апісаньне бітвы знаходзім у «Слове аб паходзе Ігара». Месца ўпадзеньня Нямігі ў Сьвіслач лічыцца месцам, дзе быў заснаваны Менск.
Калісьці Няміга была паўнаводнай, але да пачатку 19-га стагодзьдзя абмялела. У 1926 годзе частку Нямігі заключылі ў трубу, а вуліцу Нямігу пакрылі брукаванкай. У 1955 годзе рака была цалкам заключаная ў бэтонную трубу.
Няміга працякала ад Грушаўкі, праз сучасны праспэкт Дзяржынскага, вуліцу Мясьнікова, вуліцу Нямігу, а далей упадала ў Сьвіслач каля Траецкага прадмесьця. З маста можна ўбачыць трубу, зь якой Няміга ўліваецца ў Сьвіслач.
Нягледзячы на бэтонныя трубы, Няміга прыносіць нечаканыя сюрпрызы і сёньня. 25 ліпеня 2004 году ў Менску па шляху ракі (праспэкт Дзяржынскага, вуліца Нямігі) здарылася вялікая паводка.
Аднаіменная станцыя менскага мэтро сталася месцам трагічных падзеяў 30 траўня 1999 году. Трагедыя адбылася ў пераходзе станцыі мэтро «Няміга», калі тысячы гледачоў канцэрту гурта «Манга-манга» ў часе правядзеньня рэклямнае кампаніі цыгарэтаў «Магна» і піва «Аліварыя» кінуліся ў пераход ратавацца ад раптоўнага моцнага дажджу й граду. У жудаснай цісканіне загінулі 53 чалавекі — пераважна падлеткі. Сотні людзей былі параненыя.