Ніжні Ноўгарад
| Ніжні Ноўгарад | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1221 | ||||
| Горад з: | 1221 | ||||
| Раён: | Волга-Вяцкі | ||||
| Вобласьць: | Ніжагародзкая | ||||
| Насельніцтва: | 1 334 249 | ||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+3 UTC+4 |
||||
| Тэлефонны код: | +7 831 | ||||
| Аўтамабільны код: | 52, 152 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 56°20′ пн. ш. 44°00′ у. д. / 56.333° пн. ш. 44° у. д.Каардынаты: 56°20′ пн. ш. 44°00′ у. д. / 56.333° пн. ш. 44° у. д. | ||||
|
Ніжні Ноўгарад на мапе Расеі
Ніжні Ноўгарад
|
|||||
Ні́жні Но́ўгарад (па-расейску: Нижний Новгород) — чацьверты па колькасьці насельніцтва (1 334 249 чалавек) горад у Расеі пасьля Масквы, Санкт-Пецярбургу й Новасыбірску. Эканамічны і культурны цэнтар Волга-Вяцкага рэгіёну, адміністрацыйны цэнтар Ніжагародзкай вобласьці.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Сядзіба князёў [рэдагаваць]
Горад быў заснаваны вялікім князям Юрыем Усеваладавічам у 1221 годзе на зьліцьці дзьвюх буйных рэкаў — Волгі і Акі. Назва гораду літаральна азначае «Ніжэйшы Ноўгарад», каб адрозьніваць яго ад старога Вялікага Ноўгараду.
У 1350 годзе ў Ніжні Ноўгарад была перанесеная сталіца Ўладзіміра-Суздальскага княства. Вялікі князь Дзьмітры Канстанцінавіч (1323—1383) намагаўся зрабіць сваю сталіцу канкурэнтам Маскве і пабудаваў каменную фартэцыю і некалькі цэркваў.
Наймацнейшая фартэцыя Масковіі [рэдагаваць]
Пасьля таго, як горад быў далучаны да Маскоўскага княства ў 1392 годзе, мясцовыя князі ўзялі прозьвішча Шуйскія і перасяліліся ў Маскву, дзе занялі важныя пасады і нават на некаторы час апынуліся на чале расейскай дзяржавы (Васілій IV). Ніжні Ноўгарад выкарыстоўваўся Расеяй як моцны апорны пункт у вайне з Казанскім ханствам. Моцны Крэмль з чырвонай цэглы, адна з найстарэйшых фартэцыяй у Расеі, быў пабудаваны ў 1508—1511 гадах пад кіраўніцтвам італійскага архітэктара. Фартэцыя здолела адолець татарскія аблогі ў 1520 і 1536 гадах.
У 1612 годзе гэтак званае «народнае апаўчэньне» пад кіраўніцтвам мясцовага купца Кузьмы Мініна і князя Дзьмітрыя Пажарскія разьбіла і выгнала з Масквы польска-беларускія войскі, кладучы канец «Смуце» ў Расеі, пасьля чаго на чале дзяржавы сталася дынастыя Раманавых. Галоўная плошча гораду перад крамлём названая ў гонар Мініна, сам ён пахаваны на тэрыторыі фартэцыі.
Цягам наступнага стагодзьдзя, горад стаўся важным гандлёвым цэнтрам, і быў абраны сям’ёю Строганавых (найбагацейшай купецкай фаміліяй Расеі) як база для іхных апэрацыяў. У 17 і 18 стагодзьдзях атрымаў разьвіцьцё адмысловы стыль у іконапісу і архітэктуры, вядомы як Строганаўскі стыль.
Гандлёвы цэнтар [рэдагаваць]
У 1817 годзе ў Ніжні Ноўгарад быў перанесены сусьветна вядомы Макар’еўскі кірмаш, які стаў прыцягаць мільёны наведнікаў штогод. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя Ніжні Ноўгарад лічыўся гандлёвай сталіцай Расейскай імпэрыі. Разьвіваліся і іншыя галіны эканомікі, і напачатку 20 стагодзьдзя горад быў адным з эканамічных цэнтраў краіны ўвогуле.
Знакаміты пісьменьнік Максім Горкі нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў 1868 годзе. Яшчэ за ягоным жыцьцём камуністычныя ўлады перайменавалі горад у Горкі (Горький), пасьля вяртаньня пісьменьніка ў СССР у 1932 годзе. Гістарычная назва была вернутая толькі ў 1991 годзе.
У часы існаваньня СССР горад быў закрыты для наведваньня асобамі, не пражываючымі ў ім, дзеля забесьпячэньня сакрэтных ваенных распрацовак, якія вяліся на ніжагародзкіх прадпрыемствах. Фізык і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Андрэй Сахараў быў сасланы ў Горкі да 1986 году, каб абмежаваць ягоныя кантакты з замежнікамі.
Эканоміка і інфраструктура [рэдагаваць]
Прамысловасьць [рэдагаваць]
Ніжні Ноўгарад — буйны цэнтар аўтамабіле- і машынабудаўніцтва. Таксама прадстаўленая мэталюргія, лёгкая, паліграфічная прамысловасьць.
У горадзе зьмяшчаецца аўтамабільны завод ГАЗ.
Транспарт [рэдагаваць]
Горад мае сыстэму мэтрапалітэну, трамвайных і аўтобусных лініяў, міжнародны аэрапорт.
Па рэках горад спалучаецца з Касьпійскім, Балтыйскім, Белым, Чорным і Азоўскім марамі. Ніжні Ноўгарад ляжыць на Транссыбірскай чыгуначнай магістралі, якая тут перасякае Волгу.
Адукацыя і культура [рэдагаваць]
Ніжні Ноўгарад мае два акадэмічных тэатры (Опэры і балета імя Пушкіна і Тэатар Лялек), тэатры Камэдыі, Драмы і іншыя, шэраг музэяў, некалькі дзесяткаў вышэйшых навучальных установаў.
Места ўнесеная UNESCO ў сьпіс 100 гарадоў сьвету, уяўляючых усясьветную гістарычную і культурную каштоўнасьць.
Гарады-пабрацімы [рэдагаваць]
- Дзінань, Кітай
- Лінц, Аўстрыя
- Тампэрэ, Фінляндыя
- Ўотфард, Вялікабрытанія
- Філядэльфія, ЗША
- Харкаў, Украіна
- Эсэн, Нямеччына
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Ніжні Ноўгарад — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Адміністрацыя Ніжняга Ноўгарада (рас.)
- Віды гораду (рас.)
- Архітэктура Ніжняга Ноўгарада (рас.)