Нікаля Пусэн
| Нікаля Пусэн | |
Нікаля Пусэн (аўтапартрэт) |
|
| Імя пры нараджэньні: | Nicolas Poussin |
|---|---|
| Нарадзіўся: | 15 чэрвеня 1594 Лэс Андэліс, Францыя |
| Памёр: | 19 лістапада 1665 Рым, Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя |
| Нацыянальнасьць: | француз |
| Заняткі: | мастацтва, жывапіс |
| Плынь: | клясыцызм |
| Працы: | Чума ў Ашдодзе (1630), Les Bergers d’Arcadie (1630-я), Суд Саламона (1649) |
Нікаля́ Пусэ́н (па-француску: Nicolas Poussin, нар. 15 чэрвеня 1594 года ў Нармандыі, памёр 19 лістапада 1665 года ў Рыме) – францускі мастак, заснавальнік францускага клясыцызму. Да ХХ стагодзьдзя ён заставаўся асноўным натхняльнікам такіх клясыкаў францускага мастацтва як Люі Давід і Поль Сэзан.
Пусэн нарадзіўся ў мястэчку Лэс Андэліс у Нармандыі. Яго раньнія малюнкі прыцягнулі увагу мясцовага мастака Квенціна Варэна, якія стаў першым мастацкім настаўнікам Пусэна, але праз некаторы час, малады мастак зьбег у Парыж дзе працягваў вучыцца пад кіраўніцтвам Кентэна Варэна і Жана Лалемана. У 1624 годзе ён атрымаў ужо некаторую вядомасьць і накіраваўся ў Італію, дзе, у Рыме, пазнаёміўся з паэтам Джамбатыста Марына. Марына выклікаў любоў Пусэна да італьянскай паэзіі, творы якой далі Пусэну матэрыял для яго кампазыцый. Пасьля сьмерці Марына, Пусэн страціў у Рыме ўсялякую падтрымку. Аднак, хутка яго жыцьцё палепшылася, калі ён знайшоў сабе заступнікаў – Франчэска Барберыні і Касыяна дэль-Поца, для якіх ён напісаў сэрыю карцін «Семь тайнаў». Дзякуючы гэтым творам, у 1639 годзе Пусэн быў запрошаны кардыналам Рышэльё ў Парыж для ўпрыгожваньня Люўрскай галерэі.
Кароль Францыі Людовік ХІІІ прызначыў Пусэна на пасаду прыдворнага мастака. У гэты час Пусэн мае шмат замоваў, аднак хутка ўтварылася кола супернікаў, мастакоў Сімона Вуе, Брэк’ера і Мэрс’е, якія да яго займаліся ўпрыгожваньнем Люўру. Асабліва актыўна, яму шкодзіў Вуе, які карыстаўся заступніцтвам каралевы. У выніку шматлікіх інтрыгаў, Пусэн, ў 1642 годзе, пакінуў Парыж і зноў пераехаў у Рым, дзе жыў да сваёй сьмерці.
Творчасьць Пусэна асабліва выразна праявілася ў пэйзажах. Карыстаючыся працамі балёнскай школы мастакоў і нідэрляндзкіх мастакоў, якія жылі ў Італіі, ён стварыў так званы «гераічны пэйзаж». Творы Пусэна прасягнуты сур’ёзным мэлянхалічым настроем. У адлюстраваньні фігураў, ён прытрымліваўся традыцыяў антычных творцаў, што вызначыла далейшы шлях, па якому пайшло разьвіцьцё францускай школы жывапісу. Як гістарычны жывапісец, Пусэн валодаў глыбокім веданьнем малюнку і дарам кампазыцыі. Ў малюнку, яго творчасьць адрозьніваецца вытрыманасьцю стылю і правільнасьцю формаў.
Галерэя [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Нікаля Пусэн — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў