Ніна Тарас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ніна Тарас
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ніна Міхайлаўна Жданук
Нарадзілася 15 траўня 1916(1916-05-15)
в. Запольле, цяпер Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці
Памерла 12 сьнежня 2006(2006-12-12) (90 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладніца, паэтка, пісьменьніца
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны II ступені

Ні́на Міхайлаўна Та́рас (15 траўня 1916, в. Запольле, цяпер Наваградзкі раён Гарадзенскай вобласьці — 12 сьнежня 2006) — беларуская пісьменьніца. Сябра СП СССР з 1940 г.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Сапраўднае прозьвішча — Жданук. У час нямецка-савецкай вайны дакумэнты былі згубленыя, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі, узяў сабе прозьвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям’і Жданук былі тры малодшыя сястры і брат.

Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другую клясу, якая складаўся з трох вучняў. Навучаньне было толькі на польскай мове.

Свой першы верш — «Пастушка» — яна напісала прыкладна ў трэцяй клясе. Верш трапіў да дырэктара школы і ён, разам з бацькам Ніны Міхайлаўны, вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Празь некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам, пра прыроду). Бацька падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынаньні. І ў 1930 годзе Ніна, пасьля здачы іспытаў, паступае ў трэцюю клясу наваградзкай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку[1].

У 1934 годзе гімназію зачынілі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям’і было вельмі дрэннае, але, нягледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню — закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасьля закрыцьця наваградзкай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградчане з розных клясаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газэты «Наша воля». Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газэты «Наша воля». Так упершыню быў надрукаваны яе верш «Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…»[1]

У 1936 годзе пасьля пасьпяховай здачы выпускнога іспыту Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (тубэркулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэньне сястры, таму пра паступленьне ва ўнівэрсытэт не магло быць і размовы.

Восеньню яна прымае рашэньне пакінуць назаўсёды родны дом, і другога верасьня выяжджае ў Вільню ў пошуках працы. Пасьля доўгіх, безвыніковых пошукаў, зьвяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Зьвярынца (па-летувіску: Žvėrynas), якія трэба было прывадзіць у парадак. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала зь сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступленьня на філялягічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступленьня, піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газэты «Наша воля» і «Попросту».

Увесну 1937 году, пасьля атрыманьня паведамленьня ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Прайшло лета, а восеньню сястры Марыські ня стала.

У Вільні пачаліся арышты падпольшчыкаў, таму не ўдалося вярнуцца туды. Таксама, Ніне не ўдалося і паступіць ва ўнівэрсытэт.

Летам 1938 году выходзіць замуж за Федаровіча Янку і пераяжджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.

«Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А празь нейкі час пайшла працаваць у лідзкую газэту „Ўперад“. Гэта была першая праца ў маім жыцьці». «Пачалося новае, вольнае, поўнае захапленьня жыцьцё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газэце. Праца грамадзкая — мяне выбіраюць дэпутатам лідзкага гарадзкога Савету; прымаюць у члены ВЛКСМ — ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленьні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі», — пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас[1].

У 1940 годзе выходзіць першы зборнік — «На ўсход ідучы». Ніну Тарас прымаюць у Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Нямецка-савецкую вайну сустрэла ў Лідзе. У 1942—1944 гг. сувязная лідзкай спэцгрупы партызанскай брыгады імя С. М. Кірава і партызанскага атраду імя Р. І. Катоўскага брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласьці[2]. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Празь некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя ёй матэрыялы.

Пасьля вайны пераехала ў Менск. Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у рэдакцыі газэты «Піянэр Беларусі». У пасьляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесьці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, які так і ня скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «На ўсход ідучы…» — Мн. : Дзярж. выд-ва БССР, 1940. Тыраж 5000 ас.
  • «Суніцы». — Мн. : Дзярж. выд-ва БССР, 1946. Тыраж 5000 ас.
  • «Вершы». — Мінск : Дзяржвыд БССР. Рэд. маст. літ., 1952 — 88 с.
  • «Казкі пра абавязкі»: Вершы: Для малод. узросту. — Мн.: Дзяржвыд БССР. Рэд. дзіцячай і юн. літ., 1955. Тыраж 16 000 ас.
  • «Кветка шчасьця»: Выбр. вершы Мн.: Дзяржвыд БССР. Рэд. мастац. літ., 1958. — 180 с. Тыраж 3000 ас.
  • «Пад белым яварам»: Выбр. вершы. — Мн.: Выд-ва «Беларусь» 1966. — 247 с.
  • «Наш бор»: [паэзія: для малодшага ўзросту]. — Мн.: «Беларусь», 1968 — 29 с. Тыраж 8000 ас.
  • «У тапаліную замець»: Вершы [і паэма «Сінія хвалі»]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. — 79 с.
  • «Прамэтэю прыйду пакланіцца». — Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 174 с. Тыраж 6000 ас.
  • «Празь вятры-завеі»: Вершы / Прадм. А. Лойкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1986. — 174 с.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Пра час і пра сябе // Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мінск: выдавецтва «Беларусь», 1966. — С. 233-345.
  2. ^ Ніна Тарас // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. С. 532

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тарас Ніна // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X;
  • Тарас Ніна // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]