Ніна Тарас
| Ніна Тарас | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Імя пры нараджэньні | Ніна Міхайлаўна Жданук |
| Нарадзілася | 15 траўня 1916 в. Запольле Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці |
| Памерла | 12 сьнежня 2006 |
Ні́на Та́рас (15 траўня 1916 ў вёсцы Запольле Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці — 12 сьнежня 2006) — беларуская пісьменьніца.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Сапраўднае прозвішча — Жданук. У час Вялікай Айчыннай вайны дакумэнты былі згубленыя, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі, узяў сабе прозьвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям’і Жданук былі тры малодшыя сястры і брат.
Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другую клясу, якая складаўся з трох вучняў. Навучаньне было толькі на польскай мове.
Свой першы верш — «Пастушка» — яна напісала прыкладна ў трэцяй клясе. Нейкім чынам верш трапіў да дырэктара школы і ён, разам з бацькам Ніны Міхайлаўны, вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Празь некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам, пра прыроду). Бацька як мог падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынаньні. І ў 1930 годзе Ніна, пасьля здачы іспытаў, паступае ў трэцую клясу наваградзкай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку[1].
Праз тры гады навучаньня — гімназію зачынілі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям’і было вельмі дрэннае, але, ня гледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню — закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасьля закрыцьця наваградзкай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградчане з розных клясаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газэты «Наша воля». Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газеты «Наша воля». Так упершыню быў надрукаваны яе верш «Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…»[1]
Пасьля пасьпяховай здачы выпускнога іспыту і выпускнога вечару, Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (тубэркулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэньне сястры, таму пра паступленьне ва ўнівэрсытэт не магло быць і размовы.
Восеньню яна прымае рашэньне пакінуць назаўседы родны дом, і другога верасьня выяжджае ў Вільню ў пошуках працы. Пасьля доўгіх, безвыніковых пошукаў, зьвяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Зьвярынца (па-летувіску: Žvėrynas), якія трэба было прывадзіць у парадак. У той час Ніна ўпершыню ўбачыла, у якім безвыходным становішчы яна апынулася. Надзеяў на атрыманьне нармальнай працы не было. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала зь сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступленьня на філялягічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступленьня, піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газеты «Наша воля» і «Попросту».
Увесну 1937 году, пасьля атрыманьня трывожнага паведамленьня ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Ніна разумела, что больш ніколі не пабачыць яе, таму прыняла рашэньне застацца дома. Прайшло лета, а восеньню сястры (Марыські) ня стала.
У Вільні пачаліся арэсты падпольшчыкаў, таму не ўдалося вярнуцца туды. Таксама, Ніне не ўдалося і паступіць ва ўнівэрсытэт.
Летам 1938 году выходзіць замуж за Федаровіча Янка і пераяжджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.
«Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А празь нейкі час пайшла працаваць у лідзкую газэту «Ўперад». Гэта была першая праца ў маім жыцці». «Пачалося новае, вольнае, поўнае захапленьня жыцьцё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газэце. Праца грамадзкая — мяне выбіраюць дэпутатам лідзкага гарадзкога Савету; прымаюць у члены ВЛКСМ — ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленьні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі», — пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас[1].
- Фота пэрыяду актыўнай дзейнасьці Ніны Тарас
У 1940 годзе выходзіць першы зборнік — «На ўсход ідучы». Ніну Тарас прымаюць у Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Вялікую Айчынную вайну сустрэла ў Лідзе. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Празь некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя ёй матэрыялы.
Пасьля вайны пераехала ў Менск. Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у рэдакцыі газэты «Піянер Беларусі». У пасьляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесьці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, які так і ня скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.
Творчасьць [рэдагаваць]
- «На ўсход ідучы…» (1940)
- «Суніцы» (1946)
- «Вершы» (1952)
- «Казкі пра абавязкі» (1955)
- «Кветка шчасьця» (1958)
- «Пад белым яварам» (1966)
- «Наш бор» (1968)
- «У тапаліную замець» (1976)
- «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981)
- «Празь вятры-завеі» (1986)
Крыніцы [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
Тэкст складзены па ўспамінах:
- роднай сястры Ніны — Фені Тарас;
- пляменьніцы — Галіны Семярнік.