Павал Севярынец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павел Севярынец
Сустаршыня БХД
2005 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 30 сьнежня 1976 (47 гадоў)
Ворша, Віцебская вобласьць БССР
Партыя: БХД
Бацька: Канстанцін Севярынец
Адукацыя: геаграфічны факультэт БДУ
Узнагароды:
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Севярынец.

Па́вел Канстанці́навіч Севяры́нец (нар. 30 сьнежня 1976, Ворша) — беларускі моладзевы хрысьціянскі палітык і публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту» і адроджанае «Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі», палітычны вязень.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павал Севярынец нарадзіўся ў Воршы ў сям’і журналіста Кастуся Севярынца[1] й школьнай настаўніцы Тацяны Севярынец. У 1994 годзе ён скончыў сярэднюю школу з залатым мэдалём, у 2000 годзе — геаграфічны факультэт БДУ.

У 1994—1999 гг. Павал Севярынец працаваў журналістам у шэрагу выданьняў. З 1998 г. пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.

Пачатак палітычнай дзейнасьці ў «Маладым Фронце» і БНФ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 г. Севярынец уступіў у БНФ «Адраджэньне». У лютым 1997 г. ён узначаліў Менскую моладзевую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 г. на Ўстаноўчым сойме быў абраны сустаршынём «Маладога Фронту». У 1997—2004 гг. Павал Севярынец стаў вядомы як ўдзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У рамках сваёй дзейнасьці ў «Маладым Фронце» Павал Севярынец быў заснавальнікам асьветніцкага праекту «Шоў Беларушчыны», курсаў «Ды-джэяў Адраджэньня», ініцыятарам стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных моладзевых арганізацыяў «Пераменаў!», а таксама міжканфэсійнае супольнасьці «Хрысьціянская ініцыятыва». У 1999—2003 гг. Павал Севярынец быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 — старшынём «Маладога Фронту». Севярынец быў адным з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. — чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь» (2004 г.)

Пазбаўленне волі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005 годзе Павал Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць балятаваньня Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, што адбываліся ў Менску пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Моладзевы лідэр быў асуджаны да 3-х гадоў абмежаваньня волі. Пакараньне ён адбываў на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён). У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Паўла Севярынца вязьнем сумленьня[2]. З улікам амністыі тэрмін зьняволеньня быў скарочаны да 2-х гадоў, у 2007 годзе Севярынец быў вызвалены. У зьняволеньні напісаў кнігу «Лісты зь лесу» (паводле апытаньня «Нашай Нівы» прызнаная найлепшай беларускай кнігай 2007 году).

У ноч Плошчы 20 сьнежня 2010 году быў узяты пад варту, асуджаны 16 траўня 2011 году судом Заводзкага раёну г. Менску па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх) да 3 гадоў абмежаваньня волі. Знаходзіўся ў ПУАТ-7 в. Куплін. Вызвалены 19 кастрычніка 2013 году[3]. У зьняволеньні напісаў кнігу эсэ «Беларуская глыбіня». Агулам па адміністрацыйных арыштах правёў у зьняволеньні 2 гады, на „хіміі“ — 4 гады, у месцах зьняволеньня — 1,5 гады.

25 траўня 2021 году Магілёўскі абласны суд (судзьдзя — Ірына Ланчава) вырак Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча да 7 гадоў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» 2020 году. Разам зь імі па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму атрымалі Павал Юхневіч, Максім Вінярскі й Зьміцер Казлоў. Ірыну Шчасную выраклі на 4 гады папраўчай калёніі агульнага рэжыму[4][5].

Дзейнасьць у БХД[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў над адраджэньнем палітычнай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», зьяўляўся сустаршынём яе арганізацыйнага камітэту. У БХД ад пачатку адказны за ідэалёгію, рэгіёны, інфармацыю і культуру. Рэдактар абедзьвюх партыйных праграмаў — 2009 г. і 2015 г. («Народная партыя з хрысьціянскім сэрцам»). Ініцыятар партыйных кампаніяў «Люблю Беларусь», «Хваля салідарнасьці», «У абарону касьцёла Святога Язэпа», «Урад для народа», «100 гадоў БХД» і іншых.

Як прадстаўнік БХД сустракаўся з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым, дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, старшынямі Эўрапарлямэнту Гансам-Гертам Пётэрынгам і Ежы Бузэкам, старшынём Эўрапейскай Народнай партыі Жазэфам Долем.

Заснавальнік і прадусэр сэрыі музычных альбомаў беларускамоўнай хрысьціянскай музыкі «Беларускі хрысьціянскі хіт» (2008—2015, выйшла 7 альбомаў). Займаўся літаратурнай дзейнасьцю.

Разам з Максімам Гацаком і Анатолем Шырвелем у 2014 годзе заснаваў хрысьціянскі інфармацыйны партал «Крыніца.інфа»[6].

Ініцыятар стварэньня «Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай» (2014), «Камітэту абароны прадпрымальніцтва» (2016), адзін з каардынатараў стала дзеючага форума «Свабоду палітвязьням!» (2015). Актыўны ўдзельнік пратэсных акцыяў вясны 2017 году.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ўдзельнічаў у пікетах па зборы подпісаў Сьвятланы Ціханоўскай. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасьля гэтага ў дачыненьні да яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама ў Паўла Севярынца на той час засталіся неадбытымі 30 сутак арышту за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяю[7]. Міжнародная арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня[8]. Меркавалася, што ён выйдзе на волю 21 жніўня, па адбыцьці 75 сутак. Але са Сьледчага камітэту паведамілі, што ёсьць непасрэдна ўзьніклае падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства і ён затрыманы на 72 гадзіны й знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна[9]. 20 жніўня на палітвязьня завялі крымінальную справу «за падрыхтоўку масавых беспарадкаў»[10].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Ды-джэй Адраджэньня» (1998)
  • «Пакаленьне Маладога Фронту» (2002)
  • «Нацыянальная ідэя» (2005)
  • «Лісты зь лесу» (2007)
  • «Брату» (2007)
  • «Маладафронтаўцы» (сумесна з Настай Палажанкай) (2009)
  • «Беларуская глыбіня» (2015)
  • «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя: 1917—2017» (2017)
  • «Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (2017)
  • «Беларусалім. Золак» (2017)

Беларусалім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раман-трылёгія. Пакуль выйшлі дзьве кнігі: „Беларусалім. Золак“ (2017) і „Беларусалім. Сэрца сьвятла“ (2020). У першай частцы вядзецца пра краіну, якая прачынаецца ў цемры. Карпарацыя „Непагасны сьвет“ распрацоўвае пульт ад чалавека і выбірае сваёй штаб-кватэрай Менск, а сваім сымбалем — чорны квадрат. Высьвятляецца: з успышкай Беларусі пачынаецца канец сьвету, а Беларусь робіцца эпіцэнтрам сусьветных падзеяў. Праца над раманам вялася 12 гадоў. Павал Севярынец пісаў яго ў „Амэрыканцы“, падчас адміністрацыйнага арышту на Акрэсьціна[прыбраць шаблён], у ссылках у Малым Сітне ды Купліне, у СІЗА на Валадарцы.

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Павал Севярынец — ляўрэат літаратурнае прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя А. Адамовіча, прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Таварыства беларускай мовы, Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Асабістае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 студзеня 2014 году ажаніўся з Вольгай Шылак[11]. Вянчаньне адбывалася ў менскім катэдральным касьцёле Панны Марыі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ БТ давяло тату Севярынца да інфаркту, Наша Ніва, 3 кастрычніка 2009
  2. ^ Беларусь: узмацненьне ціску на іншадумцаў
  3. ^ Вызвалены палітвязень Павел Севярынец, ПЭН-цэнтр
  4. ^ Севярынец і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў атрымалі да 7 гадоў калёніі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2021 г. Праверана 26 траўня 2021 г.
  5. ^ Ад 4 да 7 гадоў калоніі. У Магілёве вынеслі прысуды Севярынцу, блогеру Казлову і актывістам "Еўрапейскай Беларусі" (бел.). ВяснаПраверана 2021-07-26 г.
  6. ^ https://web.archive.org/web/20171223075359/http://krynica.info/be/
  7. ^ Спіс палітычных вязняў. ВяснаПраверана 3-7-2020 г. Архіўная копія ад 3-7-2020 г.
  8. ^ Белорусского узника совести Павла Северинца держат в одиночке в ужасных условиях. Помогите нам его освободить! (рас.). eurasia.amnesty.org.
  9. ^ nn.by
  10. ^ «Цяпер бачу поўную карціну Берасця» (be, ru) // Брестская газета : газэта. — № 42 (931). — С. 18.
  11. ^ Студзінская, Іна (11 студзеня 2014) Севярынец ажаніўся Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 26 сьнежня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]