Павал Сьцяцко

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Сьцяцко
Дата нараджэньня 5 сакавіка 1930(1930-03-05)[1]
Месца нараджэньня вёска Грабава, Ваўкавыскі павет, Беластоцкае ваяводзтва, Польская рэспубліка
Дата сьмерці 23 сакавіка 2020(2020-03-23)[2] (90 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы Гарадзенскі пэдагагічны інстытут (1953)
Занятак навуковец, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра Мовазнаўства
Месца працы
Вядомы як Адзін з стваральнікаў першага Факультэту беларускай філялёгіі
Навуковая ступень доктар філялягічных навук[d][1] (1980)
Узнагароды

Па́вал Уладзі́меравіч Сьцяцко́ (5 сакавіка 1930, в. Грабава, цяпер Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 23 сакавіка 2020, Азёры, Гарадзенская вобласьць, Беларусь) — беларускі мовазнавец і пэдагог. Доктар філялягічных навук (1980), прафэсар.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў літаратурны факультэт (аддзел беларускай мовы і літаратуры) Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Пазьней выкладнік, старэйшы выкладнік катэдры беларускай мовы і літаратуры.

21 сьнежня 1962 абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму лексыкі гаворак Зэльвенскага раёну. Выкладаў у Менскім пэдагагічным інстытуце на катэдры беларускай мовы. З 10 ліпеня 1980 кіраўнік катэдры расейскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Пазьней зноў у Гарадзенскім дзяржаўным ўнівэрсытэце, на катэдры польскай філялёгіі, зь ліпеня 1990 узначаліў катэдру беларускай культуры. Браў удзел у стварэньні першага ў Беларусі факультэту беларускай філялёгіі і культуры, пазьней узначаліў катэдру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства. Удасканальваў веды чэскай і польскай мовы ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе (1983) і Варшаўскім унівэрсытэце (1988).

28 чэрвеня 2016 пасьля заўвагі Міністэрства адукацыі адміністрацыі Гарадзенскаму ўнівэрсытэту сышоў на пэнсію[3][4].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэдактар навуковага альманаху «Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры», сябра рэдакцыйных калегіяў выданьняў «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», часопіса Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Роднае слова», «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта», «Białostocki Przegląd Kresowy», «Русский язык».

Уваходзіў у склад Камісіі ў словаўтварэньні Міжнароднага камітэту славістаў, у склад Міжнароднага Камітэту беларусістаў. Узначальваў Гарадзенскую філію Рэспубліканскай тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Удзельнічаў у працы ІХ Міжнароднага зьезду славістаў, І Міжнароднага Кангрэсу беларусістаў, у многіх міжнародных сымпозіюмах і канфэрэнцыях. Падрыхтаваў 15 кандыдатаў навук, зь якіх А. Рогалеў абараніў доктарскую дысэртацыю.

Мае больш за 600 апублікаваных працаў[3], у тым ліку больш за 30 кніг і 6 брашураў (зь іх 5 манаграфіяў, 5 слоўнікаў, 18 навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ і сярэдніх спэцыяльных вучэльняў). Асноўныя працы:

  • Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. Менск, 1969. (разам з М. С. Яўневічам)
  • Беларуская мова. Менск, 1970. (разам з М. Ц. Кавалёвай)
  • Народная лексіка. Менск, 1970.
  • Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны. Менск, 1970.
  • Народная лексіка і словаўтварэнне. Менск, 1972.
  • Беларускае народнае словаўтварэнне. Менск, 1977.
  • Беларуская граматыка. Ч. 1. 1985. (разьдзел «Словаўтварэнне» і частка «Марфалогіі»)
  • Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. Горадня, 1990.
  • Праблемы нормы, культуры мовы. Горадня, 1998.
  • Руска-беларускі фізічны слоўнік. Горадня, 1999. (разам з А. М. Каладзінскім і Д. М. Карацінскай)
  • Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны. Горадня, 1999
  • Культура мовы. Менск, 2002.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Прафесар Павел Уладзіміравіч Сцяцко / І. І Бубновіч, В. Л Варановіч, Ж. С. Сіплівеня. — Гродна: ГрДУ, 2000.
  • Грані роднага слова. Зборнік мовазнаўчых навуковых артыкулаў (да 80-годдзя прафесара П. У. Сцяцко). — Гродна: ГрДУ, 2010.
  • Бубновіч І. Знакаміты даследчык і педагог: да юбілею Паўла Сцяцко // «Роднае слова» № 2, 2010. С. 34―35.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]