Павал Шарамет
Павал Шарамет (па-расейску: Павел Шеремет) — беларускі і расейскі журналіст, супрацоўнік Першага каналу расейскай тэлевізіі, адзін з арганізатараў вэбсайту «Беларускі партызан», аўтар (сумесна са Сьвятланай Калінкінай) кнігі «Случайный президент». Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «1991 — апошні год імпэрыі», «Апошняя вышыня генэрала Лебедзя», «Карэйскі капкан», «Споведзь ката», «СНІД. Сьмерць з адкрытай датай».
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносінаў Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная праца — афшорны бізнэс. Вольна валодае ангельскай мовай.
У 1994—1995 гадох быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспэкт» на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлевізійны журналіст Беларусі.
У жніўні 1995 — жніўні 1996 — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты».
Зь верасьня 1996 — супрацоўнік тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік Беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намесьнік дырэктара Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Зь ліпеня 1999 па сакавік 2000 быў вядучым аналітычнай праграмы «Время» ОРТ. У цяперашні час — кіраўнік аддзелу спэцыяльных праектаў Дырэкцыі дакумэнтальнага кіно расейскага Першага каналу.
У 1998 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за ўнёсак у разьвіцьцё свабоды слова.
Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскай тэлевізіі як «найлепшы рэпартэр» 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 ў намінацыі «журналісцкае расьсьледаваньне» за фільм «Дзікае паляваньне».
У 2002 годзе атрымаў прэмію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю».
У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы.
Жанаты, мае двух дзяцей.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Форум з Паўлам Шараметам Радыё «Свабода», 9 лютага 2006