Павал Ян Сапега

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Ян Сапега
Павал Ян Сапега
Павал Ян Сапега

Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1609 або 1610
Памёр 30 сьнежня 1665
Ружаны, Слонімскі павет Наваградзкага ваяводзтва
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Ян Пётар Сапега
Соф’я з Вэйхераў
Жонка Соф’я зь Зяновічаў
Ганна Барбара з Копацяў
Дзеці ад 1-га шлюбу: Тэадора Аляксандра, Міхал
ад 2-га шлюбу: Казімер Ян, Бэнэдыкт Павал, Францішак Стэфан, Лявон Базыль, Кацярына Ганна, Канстанцыя, Соф’я, Тэрэза
Дзейнасьць дыплямат

Па́вал Ян Сапе́га (1609 або 1610 — 30 сьнежня 1665, Ружаны) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны вялікі літоўскі (1638—1645), падстолі вялікі літоўскі (1645—1646), ваявода віцебскі (1646—1656), гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі (з 1656)[1].

Быў старостам рослаўскім (з 1640) і зьдзітаўскім (з 1645)[1], у 1656 прыняў спадчыну памёрлага брата Казімера Лява — Ружаны, Косава, Ляхавічы, Быхаў, Чарэю і Мялешкавічы.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Яна Пятра, старосты ўсьвяцкага, і Соф’і з Вэйгераў. Па сьмерці бацькоў знаходзіўся пад апекаю брата Андрэя Станіслава, а з 1625 году — кузына бацькі Льва.

Навучаўся ў Бранаве (ці Барадэнбурзе), аднак з прычыны нястачы грошай мусіў спыніць атрыманьне адукацыі. Да сьмерці рабіў памылкі пры пісьме, як на лаціне, так і па-польску.

З 1633 годзе ў чыне гусарскага ротмістра пад Смаленскам распачаў вайсковую службу пад камандаю Крыштапа Радзівіла. 22 сакавіка 1634 году атрымаў цяжкае раненьне ў выніку выбуху міны пры аблозе крэпасьці Белай.

У 1635 годзе стаў каралеўскім дваранінам. Дзякуючы жонцы караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы — Цэцыліі Рэнаце 14 лютага 1638 году здабыў урад абознага вялікага літоўскага. У 1640 годзе атрымаў Рослаўскае староства. Абіраўся паслом на соймы 1640 і 1641 гадоў.

З 20 красавіка 1645 году — падстолі вялікі літоўскі. Па сьмерці Крыштапа Кішкі з 18 кастрычніка 1646 году — ваявода віцебскі. Пасол сойму 1647 году, дзе яго абралі да Скарбавага Трыбуналу на 1648 год.

У 1648 годзе заклікаў як найхутчэй распачаць баявыя дзеяньні супраць Хмяльніцкага, таксама падтрымліваў адданьне ўсёй вайсковай улады Ярэмію Вішнявецкаму, без прызначэньня яго гетманам.

У 1649 годзе пасол на сойме ў Кракаве, дзе ізноў абраны да Скарбавага Трыбуналу. У тым самым годзе стаў маршалкам Літоўскага Трыбуналу. У 1649—1650 гадох браў удзел у рэарганізацыі граніцы паміж Люблінскім і Падляскім ваяводзтвамі. На сойме 1650 году трэці раз абіраўся да Скарбовага Трыбуналу.

З 1651 году браў удзел у вайне з казакамі. У бітве пад Берасьцечкам камандаваў харугваю Казімера Льва Сапегі. Ня ўдзельнічаў у бітве пад Батогам, відавочна знаходзіўся ў абозе гетмана польнага кароннага Станіслава Лянцкаронскага. У канцы году ізноў абіраўся да Скарбавага Трыбуналу.

У жніўні 1653 году — намінаваны на ваяводу смаленскага, але не прыняў таго ўраду, бо не хацеў браць адказнасьць за смаленскую крэпасьць перад маскоўскаю пагрозаю.

У другой палове 1654 году стварыў прыватныя аддзелы за грошы К. Л. Сапегі, якія мусілі ўжывацца супраць Б. Хмяльніцкага. Пасварыўся з гетманам вялікім літоўскім Янушам Радзівілам і не злучыў свае аддзелы зь літоўскім войскам, змагаючыся сам.

П. Я. Сапега. Willatz, 1667 г.

Да паловы 1655 году быў прыхільнікам супрацы з швэдамі, дзеля перамогі над Маскоўскай дзяржавай, але ня прыняў швэдзкай пратэкцыі. У вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1655) застаўся прыхільнікам Уніі Літвы з Польшчай і ўзначаліў шляхту верную Яну Казімеру. Увосень 1655 году зьбіраў войска ВКЛ, для дапамогі польскаму войску. Прыпыніў гэтым наступ маскоўскага войска на чале з Урусавым, які здолеў некалькі разоў разьбіць войска П. Я. Сапегі. Гэта прымусіла яго ў канцы лістапада прыняць пратэкцыю швэдзкага караля Карла Густава. Таемна аднак працягваў стасункі з Польшчай. Яго паслы спаткаліся ў студзені 1656 году зь Янам Казімерам у Ланьцуце, дзе прызналіся ў вернасьці каралю.

Далейшыя вайсковыя дзеяньні праводзіў на ўласны розум. У пачатку сакавіка атрымаў булаву гетмана вялікага літоўскага і ваяводы віленскага, што значна ажывіла вайсковыя дзеяньні. 12 сакавіка 1656 году разьбіў пад Янавым Падляскім Багуслава Радзівіла. Потым накіраваўся на раку Сан, дзе быў разьбіты швэдзкім войскам. 12 красавіка заняў Люблін, а 24 красавіка стаяў пад Варшаваю. З прычыны адсутнасьці пяхоты і артылерыі ня мог рэальна пагражаць фартэцыі, арганізаваў блякаду гораду да падыходу войска караля 30 чэрвеня.

Па сваім прыбыцьці Ян Казімер Ваза пачаў палітыку падзелу літоўскага войска між двума гетманамі, выразна падтрымліваючы гетмана польнага Вінцэнта Гасеўскага. Гэта справакавала ахалоджаньне стасункаў з каралём і пасварыла з В. Гасеўскім. Аднак Я. П. Сапега ўзяў удзел у некаторых каляваршаўскіх бітвах. Па бітве адыйшоў да Берасьця, высылаючы адтуль пасольства да караля для абароны сваіх перавагаў перад гетманам польным. У канцы году даслаў частку свайго войска на дапамогу В. Гасеўскаму, які рушыў на Прусы. Падтрымаў фінансава дэлегацыі для замірэньня з Масквою.

На пачатку 1657 году абвастрыўся канфлікт з В. Гасеўскім. Па здабыцьці 27 студзеня Тыкоціна сапегаўскім войскам, тое заснавала канфэдэрацыю супраць караля, дамагаючыся аплаты, а таксама вяртаньня ўсіх паўнамаоцтваў вялікаму гетману. Ян Казімер залагодзіў сытуацыю перадаўшы П. Я. Сапегу Шавельскую эканомію. Калі ж кароль паспрабаваў аддзяліць часткі В. Гасеўскага зь літоўскага войска ў другой палове сакавіка дайшло да таго, што П. Я. Сапега на адмову нават пакінуў войсковыя дзеяньні і зьехаў. Кіраваць войскам застаўся ягоны кузын палкоўнік Крыштап Сапега.

У лістападзе склікаў у Берасьці літоўскую канвакацыю, на якой усе прысутныя літоўскія сэнатары і шляхта выразна выступілі супраць каралеўскай палітыкі адносна Літвы.

У сакавіку 1658 году прыбыў на загад караля ў Варшаву, на так званы «варшаўскі зьезд», дзе за кошт згоды з В. Гасеўскім атрымаў ўрэгуляваньне фінансавых справаў зь літоўскім войскам да 9 лістапада 1658 году. Горача дамагаўся падпісаньня замірэньня з Масквою, што супярэчыла палітыцы Кароны.

Павал Ян Сапега, 1709 г.

На сойме 1658 году не атрымаў поўнай кампэнсацыі за выдаткі на войска з асабістых зьберажэньняў у 1655 годзе — з належных больш за 1 млн яму вярнулі толькі 593 809 злотых.

На загад караля браў удзел у выправе на маскоўскае войска. На просьбу П. Я. Сапегі ўстрымацца, гетман польны В. Гасеўскі сам заатакаваў маскоўскае войска ў Бітве пад Веркамі, быў разьбіты і трапіў да няволі.

Намагаўся адбіць В. Гасеўскага, падзяліўшы сваё войска на дзьве часткі, адну пад уласнай камандай, другую пад кіраўніцтвам Самуэля Кміціча. Але гэта не дапамагло, а самога яго кароль зьвінаваціў у спрыяньні паразы В. Гасеўскага, што прывяло да далейшага ахалоджаньня з дваром.

Няволя В. Гасеўскага была зручнай для П. Я. Сапегі, каб атрымаць кіраўніцтва над усім літоўскім войскам. Аднак Ян Казімер прызначыў камандуючым левага крыла літоўскай арміі Самуэля Камароўскага. Запатрабаваў 730 тыс. злотых як дадатковую кампэнсацыю за грошы на войска з уласнага кошта пагражаючы не падпісаць Гадзяцкую дамову. Сварка скончылася перамогай П. Я. Сапегі — яму вярнулі грошы, а Ян Казімер першы раз заўважыў моц сапегаўскай апазыцыі на Літве. Акрамя таго даслаў паслоў у Вену, прапануючы падаць кандыдата на польскі сталец з дынастыі Габсбургаў.

Выказваўся за вядзеньне вайны на адзін фронт — замірэньня з Масквой, заканчэньня вайны са Швэдамі і толькі потым накіраваньня ўсіх сілаў супраць Масквы. У траўні 1659 году адмовіўся ад камандваньня спасылаючыся на слабы стан здароўя, а ў сапраўднасьці празь нязгоду з каралём.

У канцы 1659 — пачатку 1660 году спрабаваў спыніць наступ князя Івана Хаванскага. У гэтай кампаніі выявіліся ўсе хібы П. Я. Сапегі — ня здолеў ня толькі арганізаваць абарону, але і ня выявіў ініцыятывы, апрача спробаў адцягнуць вайсковыя сілы занятых вайной са швэдамі з Жамойці і Польшчы.

Кароль зьвінаваціў П. Я. Сапегу ў няздатнасьці і перадаў усю вайсковую ўладу Аляксандру Палубінскаму. У красавіку 1660 году пры згодзе П. Я. Сапегі ўтварылася Літоўская канфэдэрацыя, якая спрабавала прыцягнуць увагу ўлады Кароны да Вялікага Княства. Канфэдэрацыя была распушчаная ў траўні таго ж году па вяртаньні П. Я. Сапегу ўсіх правоў.

У чэрвені 1660 году рушыў разам з кароннай дывізіяй Стэфана Чарнецкага на маскоўскае войска. Аб’яднаныя сілы разграмілі войска Хаванскага ў Бітве пад Палонкай, а потым вызвалілі значную частку Беларусі. Па злучэньні з дывізіяй левага крыла Паца правялі бітву на Басі з арміяй князя Далгарукага. Пазьней стомпленае, нешматлікае літоўскае войска, якому неплацілі шмат год прымусіла П. Я. Сапегу да перапынку ў вайсковых дзеяньняў. Гэта прывяло да ягонага канфлікту з С. Чарнецкім, які хацеў паскорыць марш, падганяемы Янам Казімерам. У студзені 1661 году, адазваны каралём, мусіў вызваліць Вільню, але гэта ў яго не атрымалася.

На сойме 1661 году склаў лічбу сваіх вайсковых дзеяў, прыклаўшы між іншым 120 здабытых харугваў, што на малы час дазволіла зблізіцца з каралеўскім дваром. Аднак неўзабаве, губляючы свае пазыцыі ў бунтуючым літоўскім войску, пачаў збліжацца з Е. Любамірскім як гарантам шляхецкіх вольнасьцяў.

Эпітафія Паўлу Яну Сапегу ў Барозаўскім кляштары, 1680 г.

Хваляваньні ў літоўскім войску прывялі да забойства ў лістападзе 1662 году маршалка зьвязу літоўскага Крыштафа Жэромскага і гетмана польнага В. Гасеўскага, віну за што ўсклалі на П. Я. Сапегу. Гэта не дазволіла яму перадаць булаву палявога гетмана свайму прыхільніку.

Праводзіў перамовы з узбунтавалым літоўскім войскам, што прывяло да разьвязаньня канфэдэрацыі ў жніўні 1663 году. Браў удзел у зімовай кампаніі 1663/1664 гадоў супраць Масквы. Але празь яе маруднасьць перадаў камандваньне свайму гетману польнаму Міхаілу Казімеру Пацу. Улетку 1664 году склікаў літоўскае паспалітае рушэньне, каб прымусіць Яна Казімера падпісаць замірэньне з Маскоўскай дзяржавай.

Браў удзел у сойме 1665 году, ня вынес выраку Е. Любамірскаму, не пагадзіўся таксама на выкарыстаньне супраць яго літоўскага войска. Увесь 1665 год праводзіў прыдворныя інтрыгі, то адмаўляючы складзены супраць караля Vivente rege, то пераходзячы ў апазыцыю да яго. Увесь час намагаўся атрымаць бэнэфікацыю для свай сям’і. Ян Казімер спрабаваў зьменшыць уплыў Сапегаў на Літве, падтрымліваючы Пацаў. Сьмерць Паўла Яна Сапегі стала вялікай палёгкай для двара.

Памёр па цяжкай хваробе ў Ружанах. Пахавалі гетмана ў Бярозе ў касьцёле картэзіянаў.

Упершыню ажаніўся з Соф’яй Зяновіч (шлюб у 1636 або 1637 годзе), зь якой меў сына Міхала і дачку Тэадору Аляксандру. Другі раз пабраўся шлюбам з Соф’яй Барбарай Копаць (у 1640 або 1641 годзе), зь якой меў сыноў Казімера Яна, Бэнэдыкта Паўла, Францішка Стэфана і Лявона Базыля, а таксама дачок Соф’ю, Канстанцыю, Тэрэзу і Кацярыну Ганну. Пахавалі П. Я. Сапегу ў касьцёле картузаў у Бярозе Картускай[2].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэднік
Януш Радзівіл
Гетман вялікі літоўскі
1656—1665
Наступнік
Міхал Казімер Пац

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
  2. ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 57.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]