Павал I

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Павал I (расейскі імпэратар)»)
Павал I
 
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 верасьня (1 кастрычніка) 1754[1][2],
Памёр 11 (23) сакавіка 1801[2][4] (46 гадоў) або 12 (24) сакавіка 1801[4][2] (46 гадоў),
Пахаваны
Нашчадкі Аляксандар I Раманаў, Канстанцін Паўлавіч[d], Мікалай I, Аляксандра Паўлаўна[d], Алена Паўлаўна[d], Марыя Паўлаўна[d], Кацярына Паўлаўна[d], Вольга Паўлаўна[d], Ганна Паўлаўна Раманава[d], Міхаіл Паўлавіч[d], Сямён Афанасьевіч Вялікі[d], Марфа Паўлаўна Мусінава-Юр’ева[d] і неназваны сын Раманаў[d][5]
Дынастыя Гальштэйн-Готарп-Раманавы[d]
Сужэнец Натальля Аляксееўна[d] і Марыя Фёдараўна[d]
Бацька Пётар III
Маці Кацярына II
Узнагароды
ордэн Андрэя Першазванага ордэн сьвятога Ўладзімера 1-й ступені кавалер ордэна Сьвятога Аляксандра Неўскага ордэн сьвятой Ганны ордэн Чорнага арла Order of the Holy Spirit ордэн Сэрафімаў ордэн Белага арла ордэн Святога Януарыя Канстанцінаўскі ордэн Сьвятога Георгія ордэн Святога Фердынанда за заслугі ордэн сьвятога Яна Ерусалімскага
Подпіс Выява аўтографу

Павал Пятровіч (1 кастрычніка [ст. ст. 20 верасьня] 1754, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя — 24 сакавіка [ст. ст. 12 сакавіка] 1801, Санкт-Пецярбург) — імпэратар Расейскай імпэрыі (1796—1801) з дынастыі Раманавых, сын Пятра III Фёдаравіча і Кацярыны II Аляксееўны.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выхоўваўся ізалявана ад бацькоў пры двары сваёй бабулі Лізаветы, якая жадала зрабіць яго спадчыннікам замест Пятра III. Зь дзяцінства адрозьніваючыся слабым здароўем рос вельмі нэрвовым, уразьлівым і надмерна запальчывым, падазроным да навакольных яго людзям. З 1783 г. жыў у Гатчыне, дзе меў свой двор і невялікую армію. У 1794 г. Кацярына II вырашыла адхіліць свайго сына ад трона і перадаць яго старэйшаму ўнуку Аляксандру Паўлавічу, але сустрэла процідзеяньне з боку вышэйшых дзяржаўных саноўнікаў ды яе сьмерць 6 лістапада 1796 г. перашкодзіла гэтаму. У 1796 г. наведаў Койданаў. З гэтай нагоды ў сядзібным палацы магнатаў Радзівілаў быў дадзены ўрачысты абед.

Стаўшы імпэратарам пачаў з ломкі ўсіх парадкаў кацярынінскага праўленьня: пераймяноўваліся гарады, амніставаліся вязьні, у тым ліку удзельнікі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, скарачалася колькасьць губэрняў. Указам ад 12 сьнежня 1796 г. Полацкая і Магілёўская губэрні аб’ядноўваліся ў Беларускую з цэнтрам у Віцебску, а Віцебская і Слонімская ў Літоўскую з цэнтрам у Вільні. Пацьвердзіў кіраваньне і судаводзтва на былых землях ВКЛ на аснове Статуту ВКЛ 1588 году. З 1799 г. у Беларускай, Менскай ды Літоўскай губэрнях уводзілася пасада фіскалаў, якім ставілася ў абавязак «выведваць аб усялякіх злоўжываньнях улады і маўклівым уціску абывацеляў». Заканадаўча зацьвердзіў прынцып пераходу прастола па праве першародзтва па мужчынскай лініі. Праводзіў курс на ўзмацненьне рэжыму асабістай ўлады, а парадкі, заведзеныя ў Гатчыне, былі перанесеныя на ўсё расейскае войска. Асьцерагаючыся распаўсюджваньні ў Расеі ідэй Францускай рэвалюцыі забараніў выезд маладых людзей за мяжу на вучобу, быў цалкам забаронены імпарт кніг, ажна да нотаў, зачыненыя друкарні.

Быў прыхільнікам каталіцкай царквы і прыпыніў пачаты Кацярынай ІІ перавод уніятаў у праваслаўе ды нават прапанаваў рымскаму папу, зьневажанаму рэвалюцыянэрамі Францыі перасяліцца ў Расейскую імпэрыю. Даў прытулак у Расейскай імпэрыі Мальтыйскаму ордэну, прыняўшы статут Вялікага Магістра і пратэктары ордэна. Ордэнская сыстэма Расейскай імпэрыі ды Мальтыйскага Ордэна былі часткова інтэграваныя.

Зьнешняя палітыка адрозьнівалася непасьлядоўнасьцю. У 1798 г. Расейская імпэрыя ўвайшла ў антыфранцускую кааліцыю зь Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Турэччынай, Каралеўствам абедзьвюх Сыцыліяў. Па патрабаваньні саюзьнікаў галоўнакамандуючым расейскімі войскамі быў прызначаны А. Сувораў. Аднак ужо ў кастрычніку 1798 г. Расея разарвала зьвяз з Аўстрыяй ды адклікала свае войскі з Эўропы. У 1800 г. заключыў пагадненьне з Н. Банапартам, якога пасьля перавароту 18 брумэра 1799 г. не лічыў больш рэвалюцыянэрам.

Быў двойчы жанаты. У 1773, не дасягнуўшы і 20 гадоў, ажаніўся зь гесэн-дармштатскай прынцэсай Вільгельмінай (у праваслаўі — Натальлляй Аляксееўнай), але праз тры гады яна памерла падчас родаў, і ў тым жа 1776 Павел ажаніўся другасна, з прынцэсай Сафіяй-Дарацеяй (у праваслаўі — Марыяй Фёдараўнай), ад якой меў 4 сыноў і 6 дачак, зь якіх імпэратарамі былі Аляксандар I ды Мікалай I.

Быў задушаны ва ўласнай спальні ў выніку палацавага перавароту, а да ўлады прыведзены ягоны сын Аляксандар I.

Незадоўга перад сваім забойствам паслаў войска Данское ў паход на Індыю, які быў адменены адразу пасьля ягонай сьмерці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Павел I (рас.) // Русский биографический словарь / под ред. А. А. ПоловцовСПб: 1902. — Т. 13. — С. 4—64.
  2. ^ а б в г д е ё ж з Paul I. (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 20. — P. 957.
  3. ^ а б в г д е Павел I (российский император) // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  4. ^ а б в г д е ПАВЕЛ I // Большая российская энциклопедия (рас.)Москва: Большая российская энциклопедия, 2004. — Т. 25. — С. 11—14.
  5. ^ Lundy D. R. Pavel I Petrovich Romanov, Tsar of Russia // The Peerage (анг.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Павел І. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VII. Мінск. 1973. С. 586—587.
  • Пазняк С. Павел І. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1999. С. 363.
  • Павел І. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000. С. 463.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.