Пагоня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пагоня ў якасьці беларускага дзяржаўнага сымбалю ў 1991—1995 гг.

«Пагоня» — герб Вялікага Княства Літоўскага[1], які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжаньня Вітаўта Вялікага[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (19181919) і Рэспублікі Беларусь (19911995). Варыянт «Пагоні» («Віціс») зьяўляецца дзяржаўным гербам Летувы.

Уяўляе сабою выяву ўзброенага вершніка на белым кані на чырвоным шчыце. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны альбо сіні шчыт з залатым шасьціканцовым крыжом. Зь левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла зьвісае трохканцовая вупраж (у розныя часы яна мяняла свой колер зь сіняга да залаціста-жоўтага[4]).

З 2000-х гадоў герб «Пагоня» ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[5].

Вытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Пагоня» з надмагільля Ягайлы (XV ст.) — адна з найстаражытнейшых выяваў, найбольш выразны і каштоўны выяўленчы аўтэнтык эпохі[6]

На ўзьнікненьне гербу «Пагоня» і замацаваньне яго на старажытных землях Вялікага Княства Літоўскага паўплываў шэраг чыньнікаў, кожны зь якіх паасобку ня быў вырашальным[7]:

  • Пэўныя ўплывы агульнаэўрапейскай геральдычнай традыцыі адлюстраваньня князя-правадыра на пячатках фэўдальных герархаў (Польшча, Чэхія[8], рыцарскі ордэн тампліераў, конныя пячаткі наўгародзкага князя Аляксандра Неўскага і інш.)
  • Атаясамленьне гербу «Пагоня» з постацьцю абаронцы Айчыны і адлюстраваньне жыцьця тагачасных насельнікаў краю, што знаходзіліся пад заўсёднай ваеннай пагрозай.
  • Уплыў грэка-хрысьціянскіх культаў — сьв. Дзімітрыя Салунскага і Георгія Пераможцы, адаптацыя апошніх да мясцовай традыцыі і фармаваньне культу ўласных заступнікаў.
  • Спалучэньне і пэрсанафікацыя ў гербе постацяў сьв. Барыса і Глеба з блізкага мінулага і паганскага Ярылы з больш глыбокіх пластоў.

У Сярэднявеччы вершнік лічыўся ўвасабленьнем вялікага князя літоўскага, а таксама азначаў «Пагоню» — вайсковае рушэньне, калі пасьля адбіцьця аблогі гораду, усе войскі і жыхарства зямлі гналася за адыходзячым ворагам. Адсюль герб атрымаў сваю назву. Вялікі князь літоўскі Ягайла ў сваёй (лацінскай) грамаце ад 20 лютага 1387 году пісаў: «…паводле старажытнага звычаю, перасьлед ворага ёсьць абавязкам кожнага мужчыны ў нашым краі; гэткае паспалітае рушэньне дзеля выгнаньня ворага з нашае Літоўскае зямлі па-народнаму завецца „погоня“ (pogonia)»[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Пагоня» з рукапіснага гербоўніка Эразма Комніна (1575)

Першы пісьмовы ўспамін пра герб «Пагоня» сустракаецца ў літоўскіх (беларускіх) летапісах пад 1278 годам у зьвязку з князем Нарымонтам (якога можна атаясаміць з братам або сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня):


« Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня». »

—Хроніка Літоўская і Жамойцкая[10][11]

Густынскі летапіс кажа пра ўзьнікненьне гербу «Пагоня» за часамі вялікага князя літоўскага Віценя (12941316):


« А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. »

Густынскі летапіс[12]

Выява «Пагоні» зь віленскага выданьня Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1614)[13]

«Пагоня» ўпершыню зьяўляецца[14] на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедыміна (13161341)[15]. Выява гербу крыху адрозьнівалася ад звычайнай: коньнік трымае ў руцэ дзіду, а ня меч. Гэтая пячатка захоўваецца цяпер у гістарычным музэі Вільні. Таксама выява «Пагоні» ёсьць на пячатцы полацкага князя Глеба (Нарымонта), датаванай 1330[16][17] годам. Была «Пагоня» і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімерам 1366 году (вакол «Пагоні» — рускі надпіс)[18]. Сымбаль сьпярша належаў выключна вялікім князям.

У XIV стагодзьдзі выява вершніка разьмясьцілася на шчыце і пачала выкарыстоўвацца як герб на пячатках Ягайлы (1386 і 1387) і Вітаўта (1401). Адылі «Пагоня» зрабілася дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. Напрыканцы XIV стагодзьдзя «Пагоня» таксама ўжывалася як сымбаль пінскіх і друцкіх князёў.

Выгляд гербу «Пагоня» ня быў аднолькавым: сьпярша вершнік глядзеў у левы (геральдычны) бок, але пачынаючы зь першае паловы XV стагодзьдзя, паводле правілаў эўрапейскай геральдыкі, ён павярнуўся ў правы бок.

Першая выява «Пагоні» з шасьціканцовым крыжом, ідэнтычным крыжу Эўфрасіньні Полацкай — сьвятыні Полацкай зямлі, зьявілася на гербавай тарчы надмагільля вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы[17]. Хоць пра вытокі гэтага крыжа (так званага «патрыяршага») і выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі, ён адназначна мае хрысьціянскае (бізантыйскае) паходжаньне. Тым часам тлумачэньне крыжа з «Пагоні» як сымбаля паганскага бога Ярылы трэба прызнаць ня толькі бяздовадным, але і сутнасна немагчымым[2].

Згодна з Статутамі Вялікага Княства Літоўскага, усе месты і мястэчкі Літвы мусілі мець пячатку з выявай «Пагоні», якой змацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) позвы да абывацеляў (на Жамойць гэта правіла не пашыралася). Ніякія іншыя дакумэнты, апрача вялікакняскіх позваў, не маглі змацоўвацца пячаткай з «Пагоняй»:

Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня», малюнак XVIII ст. з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі[16]


« Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы. »

—АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

На працягу XVXVIII стагодзьдзяў «Пагоню» зьмяшчалі на брамах беларускіх местаў і замкаў[17]. Гэта знайшло адлюстраваньне ў мескай геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама «Пагоня» ўваходзіла ў склад гербаў Беластоку, Дрысы, Лепелю, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суражу.

Розныя вэрсіі «Пагоні» сталіся гербамі шэрагу ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасьцейскага, Новагародзкага, Амсьціслаўскага, Полацкага і іншых (акрамя Жамойці). Пры гэтым выявы «Пагоні» прыпадаюць толькі на этнічную тэрыторыю беларусаў, усе суседнія землі маюць іншыя гербы[19].

Увогуле, існавалі пяць варыянтаў[20] сярэднявечнай «Пагоні»:

«Малая Пагоня» на гістарычным гербе Амсьціслава
  1. Клясычная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясьніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
  2. Такі ж яздок, але ва ўзьдзетай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць у ворага.
  3. Голы (без засьцерагальнага ўзбраеньня) яздок на кані безь сядла, уздымае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянту не сустракаецца, але вядомая падобная вэрсія XVII ст. Маскоўскага гербу.
  4. Г. зв. «Малая Пагоня»: на шчыце толькі асноўная дэталь гербу — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Існуе дзьве адметныя вэрсіі «Малой Пагоні».
  5. «Татарская Пагоня»: у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх сьцігачоў.

Зь мінімальнымі стылістычнымі зьменамі «Пагоня» была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай гербу Рэчы Паспалітае да 1795 году, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі.

Пад Расейскай уладай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ротны сьцяг Беларускай гусарскай харугвы

Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй (1772) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі зь Беларускай губэрні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе шчыт падзелены на два полі: у горным, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з узьдзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасьці гербу на баявы сьцяг расьсечаны шчыт: у правым залатым полі выява паловы чорнага расейскага арла, у левай, чырвонай, — «Пагоня». Згодна з указам ад 19 верасьня 1827 году «Пагоняй» упрыгожваліся сьцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палку.

Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраваньне ня толькі на штандарах вайсковых частак, што фармаваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесьніцтва, Магілёўскае намесьніцтва, Віцебская губэрня) ды «літоўскіх» (Гарадзенская губэрня і Віленская губэрня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расейскай імпэрыі.

«Беларуская» частка (Полацак, Віцебск, Амсьціслаў) вялікага гербу Расейскай імпэрыі, 1857 г.

Апроч таго, колішні агульнадзяржаўны сымбаль увайшоў у склад гербаў шэрагу ўсходніх беларускіх местаў (Віцебск, Вяліж, Гарадок, Дзьвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацак, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расейскімі ўладамі гербаў шчыт падзяляўся на дзьве часткі: у верхняй, паводле геральдычных паняцьцях «панаванай», разьмяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — «Пагоня».

У канцы 1850-х гадоў «Пагоню» зьмясьцілі на дзяржаўным гербе Расейскай імпэрыі як сымбаль колішніх зямель Вялікага Княства Літоўскага.

У час паўстаньня 1863—1864 гадоў герб «Пагоня» ў спалучэньні з польскім «Арлом Белым» зрабіўся сымбалем нацыянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадзтва. Кіраўнік задушэньнем паўстаньня Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэньне аб забароне нашэньня жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак зь белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.

Такім чынам, герб «Пагоня» ў XIX ст. з аднаго боку зьяўляўся афіцыйным сымбалем, а зь іншага — неафіцыйным, рэвалюцына-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[21].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая картка часоў БНР зь дзяржаўным гербам і гербам беларускіх ваяводзтваў.

У пач. XX ст. герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртаньня да гістарычна дзяржаўнага сымбалю ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 году напісаў верш «Пагоня».

У 1918 годзе «Пагоню» абвясьцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява разьмяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных установаў. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сымболіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920).

У 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага — «Віціс». Такім чынам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак у 19201930-я гады шмат якія дзяржаўныя дзеячы Летувы паказвалі на неадпаведнасьць гэтага гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай рэспублікі пан Тубаліс афіцыйна прызнаў не-летувіскае паходжаньне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэньні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[22][23].

У міжваенны час «Пагоня» ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляскага і Наваградзкага ваяводзтваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб «Пагоня» ніяк не выкарыстоўваўся.

У Другую сусьветную вайну герб «Пагоня» разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Але, як сьведчыць распараджэньне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[24], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкае акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газэце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца «Пагоняй» побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці», апынулася, па выніках пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[22]

У паваенны час беларускую нацыянальную сымболіку, у тым ліку і «Пагоню», выкарыстоўвала беларуская эміграцыя. А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб «Пагоня» разам зь бел-чырвона-белым сьцягам зрабіліся сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Вяртаньню беларускай нацыянальнай сымболікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднаньні і клюбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і інш.)[25].

Афіцыйнае прызнаньне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі (1990). Пад гэтай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія забастоўкі працоўных Беларусі 1991 году, якія адыгралі сваю ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[25]. А 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Беларусі зрабіўся старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сьцягам Беларусі — Бела-чырвона-белы сьцяг[25].

Аднак у 1995 годзе прэзыдэнт А. Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум, у выніку якога «Пагоню» пазбавілі статусу дзяржаўнага гербу і яна трапіла пад негалосную забарону.

У 2000-я гады герб «Пагоня» быў улучаны ў дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, а ў 2009 годзе «Пагоня» зрабілася афіцыйным гербам Віцебскай вобласьці.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час «Пагоняй» як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазыцыйныя беларускія арганізацыі. Апроч таго, герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўвацца ў спартовых і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.

Сёньня «Пагоня» ёсьць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў:

Выява «Пагоні» часоў ВКЛ на пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне

«Пагоню» маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:

Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць «Пагоню» ў складзе сваіх гербаў:

Таксама вэрсія «Пагоні» ёсьць гербам Летувы.

Апроч гэтага, стылізаваная выява «Пагоні» як гербу Вялікага Княства Літоўскага прысутнічае на найвялікшым у сьвеце парцалянавым пано «Шэсьце князёў» у Дрэздэне.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксей Шаланда. Пагоня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 382.
  2. ^ а б Насевіч В. Сімвал Вялікага княства // «Чырвоная Змена» № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
  3. ^ М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 391.
  4. ^ Дайнюс Разаўскас. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS №2. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja» / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Мн.: 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 ас.
  5. ^ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей»
  6. ^ Сьцяг і герб // «Мастацтва» №8, 1992.
  7. ^ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 98.
  8. ^ А. Л. Хорошкевич. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
  9. ^ Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. К. Шчарбакоў, K. I. Кернажыцкі, Д. I. Даўгяла. Т. 1. — Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936.
  10. ^ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  11. ^ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
  12. ^ Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
  13. ^ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 106.
  14. ^ У. А. Юргенсон. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі i нумізматыкі // «Беларускі гістарычны часопіс» №8, 2003.
  15. ^ Аляксей Шаланда. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // «Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne» №16.
  16. ^ а б Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 99.
  17. ^ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 392.
  18. ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
  19. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 25—26.
  20. ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 144.
  21. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 36.
  22. ^ а б Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  23. ^ Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» // Радыё Свабода, 31 студзеня 2008.
  24. ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  25. ^ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 393.
  26. ^ Пагоня // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 547.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  73БЛ000004

Commons-logo.svg  Пагонясховішча мультымэдыйных матэрыялаў