Падагра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Падагра суставы вялікага пальца нагі

Падагра (стар.-грэц. ποδάγρα — нага ў пастцы) — адкладаньне соляў у суставах і тканках празь лішак мачавой кісьлі ад нястачы харчовых фэрмэнтаў для расшчапленьня ежы. Найчасьцей сустракаецца сярод людзей з высокім узроўнем жыцьця і закранае вялікі палец ступні і ныркі. Ускладненьне хваробы выклікае артрыт, пашкоджаньне нырак і вядзе да дэфармацыі суставаў і інваліднасьці[1].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хваробу прадухіляе штодзённае 6-разовае харчаваньне, піцьцё да 2,5 літру вады за суткі, ужыцьцё гароднінных, малочных і садавінных супоў, адвару шыпшыны, квасу, морсаў, сокаў (бярозавік) і лугавой мінэральнай вады, адмаўленьне прыёму алькаголю і ўніканьне ўжываньня солі. Таксама карысна есьці кавуны, суніцы, цытрусавыя і яблыкі ў сырым выглядзе, як і выкарыстоўваць у харчаваньні бульбу, крупы, хлеб і яйкі.

Зь ежы варта выключыць багатыя на пурын стравы (вэнджаная, салёная і тлустая рыба, вяндліна, грыбныя, курыныя, мясныя і рыбныя булёны, ікра, какава, ныркі, мазгі, мясныя і рыбныя кансэрвы, печань, тлустае мяса маладых жывёлаў, шакаляд і язык) і расьлінныя вырабы, што зьмяшчаюць мачавую кісьлю (сьвежыя бабовыя, квяцістая капуста, радыска, спаржа, шпінат і шчаўе). Гарбату дапушчальна піць нямоцнай зь лісьця брусьніцаў, каву — толькі з малаком. Таксама варта выключыць зь ежы здор і лой[2].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьвіцьцю хваробы спрыяе зьменлівы расклад харчаваньня, ужываньне алькаголю (найперш віно і піва, што зьмяшчаюць малібдэн), павышаны крывяны ціск, пашкоджаньне выдзяляльнай сыстэмы, лускаваты лішай, абязводжваньне, атручаньне волавам і кантакт з фарбавальнікамі. Таксама адмоўна ўплываюць цялесныя перагрузкі і хаджэньне ў цесным абутку.

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвароба выяўляецца праз боль, пачырваненьне і прыпуханьне суставы з наступным лушчэньнем скуры, ліхаманку да +40°С і дрыжыкі. Запаленьне суставы суправаджаецца ўтварэньнем сьвішчоў[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Два піва і… адну падагру // Зьвязда : Газэта. — 27 траўня 2004. — № 129 (25142). — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Вольга Шаўко. Нага ў пастцы // Зьвязда : Газэта. — 1 сакавіка 2005. — № 36 (25368). — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Вольга Цыбульская. Падагра — прыяцелька на ўсё жыцьцё // Краіна здароўя. — 10 ліпеня 2010. — № 33 (202). — С. 5.