Падступства і каханьне (п’еса)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Падступства й каханьне (п'еса)»)
Падступства й каханьне
Kabale und Liebe
Тытульны аркуш выданьня 1784 года
Жанр: драма
Аўтар: Фрыдрых Шылер
Мова арыгіналу: нямецкая
Год напісаньня: 1784
Публікацыя: 1784
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

Падступства й каханьне (ням. Kabale und Liebe) — трэцяя драма нямецкага драматурга Фрыдрыха Шылера, напісаная ў 1784 годзе. Вяршыня творчасьці драматурга пэрыяду «буры і націску». Адно з найлепшых твораў клясычнае нямецкае літаратуры. Гэта першая драма Шылера, у якой тэматыка твора ўзята непасрэдна зь нямецкай рэчаіснасьці.

«Падступства й каханьне» завяршае шцюрмэрскі пэрыяд ў творчасьці Фрыдрыха Шылера.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Задума і плян гэтае «мяшчанскае трагедыі» ўзьніклі ў Шылера напрыканцы чэрвеня або ў пачатку ліпеня 1782 г. у Штутгарце. Праца над ёй працягвалася ў Огэрсгайме, Баўэрбаху, Мангайме да студзеня 1784 г. Першапачаткова твор меў назву «Луіза Мілерава» (ням. Luise Millerin). Прэм'ера першага спэктакля паводле гэтае п'есы адбылася ў тэатры Франкфурце-на-Майне 13 красавіка 1784 г., а праз два дні ўбачыла сьвет і першая яе пастанова ў Мангаймскім тэатры. Праз некалькі тыдняў пасьля гэтага твор выйшаў з друку асобнае кнігай.

Пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўныя пэрсанажы п'есы:

  • Прэзідэнт фон Вальтэр, пры двары нямецкага герцага
  • Фэрдынанд, яго сын, маёр
  • Гофмаршалак фон Кальб
  • Лэдзі Мільфард, герцагава фаварытка
  • Вурм, асабісты сакратар прэзідэнта
  • Мілер, настаўнік музыкі
  • Луіза, яго дачка
  • Сафія, камэрыстка лэдзі

Некаторыя з асабовых імёнаў, якія фігуруюць у п'есе маюць гаворачы сэнс:

  • Гофмаршалак фон Кальб (ням. Kalb) — цялятка
  • сакратар Вурм (ням. Wurm) — чарвяк

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыдворна-арыстакратычны сьвет Фрыдрых Шылер меў магчымасьць вывучыць пад час свайго навучаньня ў Ваеннай акадэміі вюртэмбэргскага герцага Карла Яўгена. Вобразы прэзідэнта фон Вальтэра, гофмаршалка фон Кальба і лэдзі Мільфард былі мастацкім абагульненьнем рысаў рэальных асобаў з атачэньня герцага Карла Яўгена. Гісторыя ўзвышэньня прэзідэнта праз труп свайго папярэдніка, ёсьць ня што іншае, як біяграфія аднаго з дачасьнікаў вюртэмбэргскага герцага. Лэдзі Мільфрад сьпісаная з графіні Францішкі фон Хоэнхайм, любоўніцы Карла Яўгена. Прататыпам прэзыдэнта фон Вальтэра паслужыў граф Манмартэн.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Падступстве й каханьні» выяўленыя два супрацьлеглых лягера, якія варагуюць спаміжсобку як рэальныя прадстаўнікі двух грамадзянскіх клясаў: фэадальнага дваранства і бюргерства. Драматычная калізія паміж прадстаўнікамі грамадзянскіх лягераў удасканальваецца канфліктам у асяродзьдзі самое пануючай вярхушкі (канфлікт прэзыдэнта фон Вальтэра з сынам Фэрдынандам).

Сын прэзыдэнта фон Вальтэра, Фэрдынанд, улюбляецца ў дзяўчыну з простага народу — Луізу Мілер, дачку музыкі. Прэзыдэнт, у сваю чаргу, жадае выкарыстаць сына ў якасьці паслухмянае зброі для ўзмацненьня сваёй улады і уплыву пры двары і з гэтаю мэтай вырашае ажаніць Фэрдынанда на лэдзі Мільфард, любоўніцы герцага, але ён сутыкаецца на нечаканую нязгоду з боку сына. Вурм, сакратар прэзыдэнта, высьвятляе свайму гаспадзіну прычыну свавольнасьці Фэрдынанда: ён кахае дачку музыкі Мілера Луізу. Пры першае ж размове Фэрдынанд адмаўляецца ад рукі «прывілеяванае блудніцы» герцага.

Бачачы, што з-за зацятасьці сына ўсё ягоныя пляны мусяць рухнуць, прэзыдэнт фон Вальтэр вырашае арыштаваць музыку Мілера, а Луізу і яе маць паставіць ля ганебнага слупа, разьлічваючы, што пасьля гэтага Фэрдынанд адмовіцца ад сваёй зганьбаванай каханай. Але, калі прэзыдэнт разам з паліцэйскімі ўрываецца ў дом Мілера, каб зьдзейсьніць свой намер, Фэрдынанд прымушае бацьку саступіць, пагражаючы, што, у той час калі Луіза будзе стаяць каля ганебнага слупа, ён распавядзе ўсёй сталіцы гісторыю аб тым, як становяцца прэзыдэнтамі, то бок выкрые злачынаства, зьдзейсьненае фон Вальтэрам з мэтай дамагчыся ўлады.

Пасьля гэтае няўдачы сакратар Вурм раіць прэзыдэнту прымусіць Луізу падпісаць цыдулку да трэцяга ліца з прызнаньнем у каханьні і падсунуць гэтую цыдулку Фэрдынанду. Ён раіць фон Вальтэру арыштаваць музыку і яго жонку, прыстрашыўшы іх эшафотам альбо пажыцьцёвым зьняволеньнем, і паставіць дачцэ адзінае ўмовай іх вызваленьня патрабуемую цыдулку. Прэзыдэнт, вельмі задаволены гэткі плянам, абірае ў якасьці «аблюбёнца» Луізы, якому павінны быць адрасаваная любоўная цыдулка, нікчэмнага і пустога пашляка гофмаршалка фон Кальба. Плян Вурма хутка зьдзяйсьняецца. Музыка з жонкай арыштаваныя. Ліст падтрыхтаваны. На наступны дзень гофмаршалак на парадзе раптоўна раняе ліст Луізы, а Фэрдынанд падымае яго. Ён у шаленстве. Упэўнены ў здрадзе Луізы, Фэрдынанд вырашае атруціць яе і сябе. Толькі пасьля таго, як оба ўжо выпіла ліманад з атрутай, высьвятляецца падступства Вурма і прэзыдэнта, а таксама невінаватасьць Луізы. Фэрдынанд кідае ў твар прэзыдэнту словы, поўны агіды. Раптам зьяўляецца Мілер у суправаджэньні народа і паліцэйскіх. Зараз, калі ўвесь падступны плян высьветлены, прэзыдэнт спрабуе скласьці віну зь сябе на Вурма, але сакратар пагражае распавесьці жудасныя гісторыі, якія ашаломяць народ. Усьведамляючы жахлівую катастрофу, якая адбылася па яго віне, прэзыдэнт фон Вальтэр каецца ва ўсім і просіць прабачэньня ў сына, які паміраючы, працягвае яму руку. Пасьля гэтага фон Вальтэр аддае сябе ў рукі паліцэйскіх.

Пастаноўкі на Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Беларусі першыя пастановы п'есы ставіліся на расейскай і польскай мовах вядомыя з 40—50-х гадоў XIX ст. У савецкія часы п'еса ставілася:

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пераклад трагедыі на беларускую зрабіў Кузьма Чорны пад назвай «Каварства і любоў». У 1993 для адмысловага выданьня твораў Шылера ў сэрыі «Скарбы сусветнай літаратуры» пераклад п'есы зрабіў Мікола Ермалаеў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А. В. Сабалеўскі Беларускі трэці дзяржаўны тэатр // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 140—143. — 568 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955
  • Шылер Ф. Вершы і балады. Драмы: З ням. / Уклад., прадм. і камент. Л. Баршчэўскага.— Мн.: Маст. літ., 1993.— 653 с ISBN 5-340-00954-8
  • Либинзон З. «Коварство и любовь» Шиллера. М., 1969.

Падступства і каханьне (п’еса)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў