Пакінутыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пакінутыя
Left Behind
АўтарыТым ЛаГэй, Джэры Джэнкінс
Жанрыдэтэктыў, містыка, фантастыка
КраінаЗША
Мова арыгіналуангельская
Кнігі
  • Узыходжаньне
  • Рэжым
  • Узьнясеньне
  • Пакінутыя
  • Аддзел смутку
  • Мікалае
  • Жніво чалавекаў
  • Абадон
  • Адплата
  • Увасабленьне
  • Напісаньне
  • Апаганьваньне
  • Астача
  • Армагедон
  • Зьяўленьне ў славе
  • Няхай прыйдзе Валадарства
ВыдавецтваTyndale House
Выданьне19952007

«Пакі́нутыя» (па-ангельску: Left Behind) — нізка з 16 раманаў-бэстсэлераў пра канец сьвету амэрыканскіх аўтараў Тыма ЛаГэя і Джэры Джэнкінса. Цэнтральны канфлікт эпапеі — супрацьстаяньне сябраў Аддзелу смутку і сусьветнай супольнасьці на чале зь Мікалае Карпаці — уцелаўлёным Антыхрыстам. Сэрыя атрымала назву ад першага з выдадзеных раманаў.

Па матывах кніг студыя Cloud Ten Pictures зьняла 3 фільмы пад назовамі «Пакінутыя», «Пакінутыя-2: Аддзел смутку» і «Пакінутыя: Сьвет у вайне». Сэрыя таксама стала асновай для стварэньня кампутарнай гульні «Пакінутыя: Вечныя сілы» і працягаў «Пакінутыя: Аддзел смутку», «Пакінутыя 3: Паўстаньне Антыхрыста» і «Пакінутыя 4: Сьвет у вайне».

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адпаведнасьці з дыспэнсацыяналісцкім тлумачэньнем прароцтваў з Адкрыцьця Яна Багаслова, а таксама кніг Данііла, Ісаі й Езэкііля, раманы распавядаюць пра тое, што адбывацьмецца напрыканцы сьвету, пасьля таго, як справядлівых забралі на неба жывых, а на зямлі запанавала разруха і хаос. У момант, калі ўсе сутаргава намагаюцца разабрацца ў сытуацыі, зьяўляецца румынскі палітык Мікалае Джэцьці Карпаці, які неспадзявана робіцца генэральным сакратаром ААН ды абяцае аднавіць мір і супакой між народамі. Аднак большая частка людзей не ўсьведамляе, што Карпаці ня хто іншы, як прадказаны ў Бібліі Антыхрыст.

Галоўныя героі кнігі — Рэйфард Стыл, ягоная дачка Хлоя, іхні пастар Брус Барнз і малады журналіст Кэмэран «Бак» Ўільямз — займеўшы веру і ўсьведаміўшы праўду, ствараюць Аддзел смутку, каб дапамагчы пакінутым уратавацца і падрыхтавацца да часоў Смутку — сямі гадоў, цягам якіх Госпад зробіць ня зямлі разнастайныя кары.

Кнігі нізкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: Кнігі разьмешчаныя адпаведна храналёгіі разьвіцьця падзеяў. Пасьлядоўнасьць публікацыі пазначаная ў другім слупку.

Хран. парадак Парадак публік. Назва Дата публ.
1 13 Узыходжаньне: Нараджэньне Антыхрыста: Перш, чым яны былі пакінутыя 2005
2 14 Рэжым: Зло наступае: Перш, чым яны былі пакінутыя 2 2005
3 15 Узьнясеньне: У вокамгненьне: Адлік апошніх дзён Зямлі: Перш, чым яны былі пакінутыя 3 2006
4 1 Пакінутыя: Раман пра апошнія дні Зямлі 1995
5 2 Аддзел смутку: Працяг гісторыі пра пакінутых 1996
6 3 Мікалае: Паўстаньне Антыхрыста 1997
7 4 Жніво чалавекаў: Сьвет падзяліўся 1999
8 5 Абадон: Дэман-згубнік скінуў кайданы 1999
9 6 Адплата: Месца: Ерусалім Мэта: антыхрыст 1999
10 7 Увасабленьне: Зьвер запанаваў 2000
11 8 Напісаньне: Зьвер кіруе сьветам 2000
12 9 Апаганьваньне: Антыхрыст узышоў на сталец 2001
13 10 Астача: На парозе Армагедону 2002
14 11 Армагедон: Сусьветная бітва эпохаў 2003
15 12 Зьяўленьне ў славе: Апошнія дні 2004
16 16 Няхай прыйдзе Валадарства: Канчатковая перамога 2007

Працягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па кнігах сэрыі былі выдадзеныя коміксы, а па першых трох кнігах (у парадку публікацыі) канадзкая студыя Cloud Ten Pictures зьняла фільмы «Пакінутыя», «Пакінутыя-2: Аддзел смутку» і «Пакінутыя: Сьвет у вайне». «Пакінутыя» таксама сталі асновай для стварэньня сэрыі кампутарных гульняў: «Пакінутыя: Вечныя сілы», «Пакінутыя: Аддзел смутку», «Пакінутыя 3: Паўстаньне Антыхрыста» і «Пакінутыя 4: Сьвет у вайне».

Акрамя кніг асноўнае сэрыі, аўтары разам з Крысам Фэбры напісалі сэрыю для дзяцей пад назовам «Пакінутыя: Дзеці», якая складаецца з 40 кніг. Сюжэт падобны да ўласна «Пакінутых», за выняткам таго, што галоўнымі пратаганістамі зьяўляюцца дзеці.

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1998 року першыя чатыры кнігі сэрыі адначасна занялі ўсю вяршыню рэйтынгу бэстсэлераў «Нью-Ёрк Таймз», нягледзячы на тое, што ў ім ня ўлічваюцца продажы праз хрысьціянскія кнігарні. Дзясяты раман таксама стаў лідарам дадзенага рэйтынгу. Агулам было прададзена болей за 65 мільёнаў асобнікаў. Сем кніг з шаснаццаці ачольвалі рэйтынгі бэстсэлераў такіх выданьняў, як «New York Times», «USA Today» і «Publishers Weekly».

Прычынай папулярнасьці гэтай сэрыі часта называюць дынамічнасьць дзеяньня. Амэрыканская журналістка Мішэль Голдбэрг напісала: «„Пакінутыя“ захапляюць ня меней, чым творы Стывэна Кінга або Тома Клэнсі. Жывы сюжэт, адназначна зразумела, дзе дабро, дзе зло. Людзі зьнікаюць, і ўсё пайшло пад адхон». «Нью-Ёрк Таймз» таксама параўноўвала кнігі сэрыі з творчасьцю Клэнсі.

У 2007 року Асацыяцыя пратэстанцкіх выдаўцоў на шторочнай цырымоніі ўганараваньня ўзнагародамі АПІ і АБХ у Атланце (Джорджыя) ўзнагародзіла аўтараў сэрыі найвышэйшай прэміяй[1]. Старшыня АПІ Марк Кайпэр заявіў: «У значнай ступені дзякуючы гэтым кнігам хрысьціянская фантастыка стала важкай катэгорыяй у кніжным выдавецтве». Джэры Фалўэл выказаўся пра першую кнігу з сэрыі: «З пункту погляду ўплыву на хрысьціянства, верагодна, ніякая іншая кніга ў цяперашні час ня йдзе ў параўнаньне з гэтай, акрамя хіба што Бібліі».

Папулярнасьць гэтае сэрыі выйшла за межы абодвух Амэрык і ангельскамоўнага сьвету. Яна перакладзеная на мноства моваў.

Пазыцыя хрысьціянскіх канфэсіяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і некаторыя іншыя мастацкія творы пра канец сьвету, «Пакінутыя» адлюстроўваюць бачаньне Новага Запавету і жыцьця хрысьціяніна, крыху адрознае ад артадаксальнай пратэстанцкай дактрыны, якая адмаўляе эсхаталёгію як зьяву, у той час як менавіта яна палягае ў аснове сюжэту. Сярод тэолягаў мала дыспэнсацыяналістаў. Напрыклад, уяўленьні аміленарыстаў і постміленарыстаў пра пасьлядоўнасьць падзеяў Другога прышэсьця адрозьніваюцца ад прэміленарысцкіх. А прытэрысты ўвогуле не прызнаюць, што кніга Адкрыцьця прадказвае будучыя падзеі.

Прадстаўнік Постмадэрнісцкае царквы Браян Макларэн параўноўваў «Пакінутых» і «Код да Вінчы»: «Гэта як у „Пакінутых“, аўтары прыцягваюць Пісаньне да нейкай тэалягічнай і палітычнай ідэі, вось і Дэн Браўн выкарыстоўвае Пісаньне ва ўласных мэтах, толькі ідэі мае іншыя. Але, у рэшце рэшт, адрозьненьне заключаецца ў тым, што я ня веру, што Браўн мае якія-кольвек справы да багаслоўя». Джон Дарт, які піша для «Christian Century», сказаў пра гэтыя кнігі: «Уратуй Госпадзе ад такога багаслоўя».

Кнігі напісаныя з пункту погляду пратэстанцкага трактаваньня хрысьціянства. Таму ёсьць меркаваньне, што кніга мае антыкаталіцкі характар, напрыклад, таму што яна згадвае, што шматлікія каталікі не былі ўзятыя на неба. Джымі Эйкін, адзін з аўтараў «Каталіцтва ў адказах», назваў усю сэрыю антыкаталіцкай, і гэты пункт погляду падзялілі шматлікія іншыя каталікі.

Гвалт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя хрысьціянскія вернікі і нават не хрысьціяне выказвалі заклапочанасьць з прычыны таго, што пэрспэктывы разьвіцьця грамадзтва, апісаныя ў «Пакінутых», ствараюць нездаровую сэнсацыю са сьмерці і масавага гвалту. Гарві Кокс, выкладчык тэалёгіі ў Гарвардзе, сказаў, што прывабнасьць кнігі ў значнай ступені заснаваная на «пажадлівасьці крыві». Тэоляг Барбара Росінг, аўтарка кнігі «Тыя, каго ўзялі на неба: Кніга адкрыцьця дае нам надзею», лічыць, што ў сэрыі ўзьвялічваецца гвалт. Цытуючы часопіс «Тайм», «уся боязь ядзернай вайны, напрыклад, ва „Ўсіх страхах сьвету“ Тома Клэнсі несупастаўляльная нават з адным разьдзелам „Пакінутых“».

Пол Нюхтэрлейн абвінаваціў аўтараў у рэсакралізацыі гвалту, сказаўшы, што «мы, людзі, схільныя верыць пераможнай сіле. Аднак у гэтых раманах чыста чалавечы і д’ябальскі гвалт ізноў прыпісваюць Богу». У кнізе Ісус проста гаворыць, у той час як целы ягоных ворагаў разрываюцца на часткі, таму вернікі вымушаныя перасоўвацца абярэжна, каб не «сутыкнуцца з скажанымі ці пачлянованымі целамі мужчынаў, жанчынаў і коней».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ The ECPA Pinnacle Award (анг.). Evangelical Christian Publishers Association. Праверана 25 сакавіка 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • DeMar, Gary. Left Behind: Separating Fact from Fiction. — Georgia: Powder Springs, 2009. — ISBN 0-915815-38-9
  • Rapture, Revelation, and the End Times: Exploring the Left Behind Series / Forbes, Bruce David and Jeanne Halgren Kilde (eds.). — New York: Palgrave Macmillan, 2004. — ISBN 1-4039-6525-0
  • Frykholm, Amy Johnson. Rapture Culture: Left Behind in Evangelical America. — Oxford University Press, 2004. — ISBN 0-19-515983-7
  • Reed, David A. LEFT BEHIND Answered Verse by Verse. — Morrisville, NC: Lulu.com, 2008. — ISBN 1-4357-0873-3
  • Shuck, Glenn W. Marks Of The Beast: The Left Behind Novels And The Struggle For Evangelical Identity. — New York University Press, 2004. — ISBN 0-8147-4005-7
  • Snow Flesher, LeAnn. Left Behind? The Facts Behind the Fiction. — Valley Forge: Judson Press, 2006. — ISBN 0-8170-1490-X

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]