Палеаазіяцкія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Па́леаазія́цкія мовы (у заходняй літаратуры: па́леасыбі́рскія) — сукупны, умоўны тэрмін, які выкарыстоўваецца ў лінгвістыцы для пазначэньня шэрагу няроднасных моўных сем'яў і асобных моваў (моваў-ізалятаў), распаўсюджаных у Сыбіры (Расея), а таксама (часам) шэрагу моваў Паўночнай Амэрыкі[1].

Моўныя сем'і й мовы, што абагульняюцца пад тэрмінам палеаазіяцкія, ня маюць даведзенай роднасьці між сабою, а таксама зь іншымі мовамі Сыбіры, якія не ўключаюцца ў паняцьце палеаазіяцкіх (цюрскія мовы Сыбіры ды тунгуса-маньчжурскія мовы). Носьбіты ўсіх палеаазіяцкіх моваў, як правіла, у гістарычным дачыненьні зьяўляюцца больш старажытнымі насельнікамі Сыбіры ў адрозьненьне ад цюрак і тунгуса-маньчжураў, праз што й атрымалі сваю назву (ад грэц. Παλαιοσ — «старажытны»). Зборная назва гэтых народаў, у сваю чаргу, паслужыла крыніцаю для абагульненага найменьня моваў гэтых народаў.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У складзе палеаазіяцкіх моваў традыцыйна разумеюць 3 моўныя сям'і і 2 мовы-ізаляты (мовы, якія не ўваходзяць у якую-кольвек моўную сям'ю або ня маюць даведзенай клясыфікацыі). Тры моўныя сям'і, якія ўваходзяць у панятак палеаазіяцкіх моваў, маюць роднасныя сувязі між мовамі, што ўваходзяць у гэтыя моўныя сем'і, але ня маюць іх між сабою або з мовамі-ізалятамі.

  1. Чукоцка-камчацкая сям'я. Шэраг роднасных моваў поўначы Далёкага Ўсходу Расеі, а менавіта чукоцкая, карацкая, алюторская, керэцкая ды ітэльменская мовы. Зь іх мёртвай мовай зьяўляецца керэцкая, колькасьць носьбітаў алюторскай — менш за 100 чалавек пажылога ўзросту, колькасьць носьбітаў астатніх налічвае некалькі тысячаў чалавек.
  2. Юкагірская сям'я. Дзьве жывыя й дзьве мёртвыя мовы, прынамсі дзьве зь іх — неўзаемназразумелыя. Уключае ў сябе паўночнаюкагірскую, паўднёваюкагірскую, амоцкую, чуванскую мову, апошнія дзьве зь іх — мёртвыя. Гістарычны арэал — паўночны ўсход Якутыі і захад Чукоткі, цяпер — дзьве невялікія незьвязаныя між сабою тэрыторыі на паўночным усходзе Якутыі. Некаторымі лінгвістамі разглядаюцца гіпотэзы пра роднасьць моваў сям'і з уральскімі (урала-юкагірская гіпотэза) або адначасова з уральскімі, эскімоска-алеуцкімі ды чукоцка-камчацкімі (урала-сыбірская гіпотэза).
  3. Енісейская сям'я. На цяперашні час мае адзіную жывую мову — кецкую, астатнія мовы вымерлі ў пэрыяд з XVIII па канец ХХ ст. Гістарычна распаўсюджаныя на захадзе й поўдні сучаснага Краснаярскага краю Расеі. Існуе гіпотэза роднасьці енісейскіх моваў з мовамі на-дэнэ, распаўсюджанымі на захадзе Канады й ЗША[2]. Ставіліся спробы зьвязаць мову з сына-тыбэцкімі, паўночнакаўкаскімі мовамі і мовай бурушаскі (сына-каўкаская гіпотэза).
  4. Эскімоска-алеуцкая сям'я. У расейскай літаратуры, як правіла, прынятая традыцыя пра ўключэньне ў панятак палеаазіяцкіх эскімоска-алеуцкіх моваў, што, аднак, не прымаецца ў амэрыканскай літаратуры[3].
  5. Ніўская мова — мова ніўхаў, якія жывуць у ніжнім басэйне ракі Амур і на поўначы востраву Сахалін. Зьяўляецца моваю-ізалятам — яе ўваходжаньне ў будзь-якую моўную сям'ю не даведзенае.
  6. Айнская мова — мова айнаў, распаўсюджаная серад невялікай колькасьці носьбітаў у Японіі (Хакайда, дзе мае рухі па адраджэньні мовы). Гістарычны арэал — значная частка поўначы Японіі, Хакайда, поўдзень Сахаліну, Курыльскія выспы, паўднёвы ўскраек Камчаткі. Зьяўляецца моваю-ізалятам (нягледзячы на шэраг гіпотэзаў, у тым ліку гіпотэзу айнскай сям'і, адзінай жывой мовай якой зьяўляецца айнская). Тым ня менш, дадаецца ў сукупнасьць палеаазіяцкіх моваў толькі часам, не зьяўляючыся ў строгім дачыненьні мовай Сыбіры.

У межах палеаазіяцкіх моваў часам разглядаецца субстратная лексыкаў народаў Крайняй Поўначы (дасаамскі субстрат, гіпатэтычная лексыка сірця ў ненецкай мове ды інш.)

Мовы, што аб'ядноўваюцца ў межах палеаазіяцкіх моваў, на думку некаторых дасьледчыкаў могуць мець сувязі зь сям'ёю на-дэнэ і эскімоска-алеуцкай моўнай сям'ёй, якія распаўсюджаныя на Алясцы і ў Канадзе. Гэтыя гіпотэзы, у сваю чаргу, служаць на карысьць вэрсіяў пра міграцыю некаторых даэўрапейскіх народаў Паўночнай Амэрыкі з тэрыторыі Азіі падчас наяўнасьці між імі сухапутнай сувязі ў пэрыяд апошняга ледавіковага пэрыяду.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вернер Г. К. Палеоазиатские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: СЭ, 190.
  2. ^ Alaska Native Language Center. Dene-Yeniseian Languages. — Унівэрсытэт Фэрбанксу.
  3. ^ Н. Б. Вахтин. Эскимосско-алеутские языки // Языки мира. Палеоазиатские языки. — М.: 1997. — С. 72-75.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]