Палякі ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Польская меншасьць у Беларусі афіцыйна налічвае 396 тысяч прадстаўнікоў і складае другую па колькасьці нацыянальную меншасьць у краіне пасьля расейцаў. Пераважная большасьць беларускіх палякаў пражывае ў заходніх рэгіёнах краіны (у тым ліку 294 тысяч — у Гарадзенскай вобласьці).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З канца Х ст. захад сучаснага беларускага Панямоньня пачынае калянізавацца славянамі, пры гэтым ва ўмовах перавагі ўсходнеславянскіх плямёнаў у працэсе гэтай калянізацыі акрэсьліваецца пэўная прысутнасьць заходніх славянаў, што ўдзельнічалі ў тым ліку ў этнагенэзе польскага этнасу [1]. Пазьнейшыя гістарычныя зьвесткі паказваюць на практычна поўную адсутнасьць палякаў як карэннай этнічнай групы на тэрыторыях сучаснай Беларусі.

Польская этнічная і культурніцкая прысутнасьць на землях сёньняшняй Беларусі пачала фармавацца ў часы Рэчы Паспалітае збольшага ў выглядзе працэсаў добраахвотнай палянізацыі. Большасьць беларускіх палякаў зьяўляюцца нашчадкамі беларускага (літвінскага) сялянства і шляхты рыма-каталіцкага веравызнаньня, якія добраахвотна прымалі польскую ідэнтычнасьць збольшага ў пэрыяд XVII-ХІХ ст. У час Расейскае імпэрыі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва зямель сучаснай Беларусі фармальна і нефармальна клясыфікавалася як «польскае» альбо «расейскае». Разам з тым, перапіс насельніцтва Расеі за 1897 год, а таксама статыстычная інфармацыя акупацыйнай адміністрацыі Нямецкай імпэрыі сьведчаць на карысьць прысутнасьці палякаў у Беларусі як відавочнай этнічнай меншасьці ў тым ліку на заходнім памежжы Паўночна-Заходніх губэрняў; перапіс насельніцтва Расеі 1897 вызначаў нацыянальную прыналежнасьць асобы паводле крытэру роднае мовы.

У той жа час, цягам некалькіх гадоў польская мова мела дзяржаўны статус у раньняй у БССР, разам зь беларускай, расейскай і ідыш. Ва Ўсходняй Беларусі дзейнічалі арганізацыі польскай меншасьці, Чырвоны касьцёл у Менску быў польскім нацыянальным тэатрам. У рамках палітыкі арганізацыі была разгорнутая сетка адукацыйных установаў для патрэбаў польскае меншасьці, у рэгіёнах прыкметнай прысутнасьці польскай меншасьці дзейнічалі нацыянальныя органы мясцовага самакіраваньня (некалькі дзясяткаў польскіх сельсаветаў і раён).

У пачатку 1930-х большасьць польскіх арганізацыяў ва Ўсходняй Беларусі былі ліквідаваныя савецкімі ўладамі, а іх кіраўніцтва — рэпрэсаванае, распушчаныя нацыянальныя органы мясцовага самакіраваньня. У той жа час польскія статыстычныя справаздачы пэрыяду знаходжаньня ў складзе Польшчы захаду беларускага этнічнага арэалу паказваюць неабгрунтаваны рэзкі рост адсоткавае дзелі этнічных палякаў у Віленскім, Беластоцкім, Наваградзкім і, у меншай ступені, Палескім ваяводзтвах.

Пасьля савецкага нападу на Польшчу ў 1939 годзе, Заходняя Беларусь была далучаная да БССР. Многія прадстаўнікі польскай меншасьці былі рэпрэсаваныя, адбыліся масавыя дэпартацыі палякаў па ўсходнія часткі СССР — у Расею, Казахстан, Узбэкістан.

У час Другой Сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі атрады Арміі Краёвай, у якой, аднак, значную частку байцоў складалі беларусы, у тым ліку праваслаўныя.

Пасьля вайны, многія жыхары Беларусі, якія заявілі пра сваю польскую нацыянальнасьць, у 1944—1946 былі пераселеныя ў Польшчу ў рамках савецка-польскага абмену насельніцтвам. Узамен адбылося перасяленьне ў Беларусь этнічных беларусаў з перадаванай Сталіным Польшчы заходняй часткі Беластоцкай вобласьці.

Пры канцы існаваньня СССР на фоне палітыкі перабудовы абмяркоўвалі мажлівасьць стварэньня Ўсходняпольскай ССР, якая праектавалася як шаснаццатая савецкая рэспубліка, складзеная з тэрыторыяў Віленшчыны й Гарадзеншчыны.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палякі ў Беларусі(2009)
Палякі ў Беларусі(2009)

На сёньняшні дзень лічыцца, што ва ўмовах беларусізацыі і дэ-палянізацыі беларускага Касьцёла маецца тэндэнцыя да асыміляцыі палякаў.

Найбольшая польская арганізацыя ў Беларусі — Зьвяз палякаў на Беларусі (па-польску: Związek Polaków na Białorusi), які у сярэдзіне 90-х гадоў 20 стагодзьдзя меў каля 20 тысячаў сяброў. Аднак пасьля ануляваньня з боку ўладаў вынікаў VI зьезду арганізацыі, які адбыўся ў сакавіку 2005 году, унутры ЗПБ адбыўся раскол. Большая частка сяброў арганізацыі засталася на баку новаабранай старшыні арганізацыі Анджалікі Борыс. У той жа час пэўная частка членаў ЗПБ пасьля правядзеньня ў жніўні таго ж году паўторнага зьезду і абраньня сваім старшынём Юзэфа Лучніка ўтварыла ЗПБ, цалкам кантраляваны ўладамі Беларусі. Цягам апошніх гадоў арганізацыя на чале якой стаіць Анджаліка Борыс зазнае рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. Арганізацыя выдае часопіс Magazyn Polski і газэту Głos znad Niemna.

Увядзеньне Карты паляка ў 2007 годзе дало магчымасьць тысячам жыхароў Беларусі атрымаць яе, пацьвердзіўшы сваю прыналежнасьць да польскага народу ў польскім кансуляце ў Менску, Горадні або Берасьці. Увядзеньне карты выклікала пратэсты з боку афіцыйных уладаў Беларусі. У беларускіх дзяржаўных СМІ неаднаразова праходзілі кампаніі, скіраваныя супраць Карты Паляка і супраць Польшчы. Апошні выпадак — жнівень 2009 году, калі ў газэце «Звязда» зьявіўся артыкул пад назваю «Карта паляка: хто маўчыць, а хто і крычыць»[2], прыкладна ў гэты ж час на тэлеканалах ОНТ і СТВ зьявіліся відэарэпартажы падобнага зьместу.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]