Памідоры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Памідо́ры, Тама́ты (па-лацінску: Lycopersicon esculentum ці Solanum lycopersicum) — травяністая расьліна сямейства пасьлёнавых, адна з найбольш папулярных у сучаснай сусьветнай кулінарыі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расьліны


Радзіма — Паўднёвая і Цэнтральная Амэрыка, дзе вырошчваліся рознымі індзейскімі народамі, найперш, ацтэкамі, у мове якіх tomatl азначае “штосьці круглае, пухлае”. Ад заваяваньня Мэксыкі гішпанцамі ў першай трэці XVI стагодзьдзя трапілі ў Паўднёвую Эўропу, у тым ліку ў Італію, дзе іх памылкова асацыявалі з паўночнаафрыканскімі маўрамі, — адсюль назва pomi di Mori (“яблыкі маўраў”), якая трансфармавалася ў італьянскай мове ў pomodoro (“залаты яблык”), а ў францускай — у рomme d’amour (“яблык каханьня”). “Яблыкамі каханьня” называлі памідоры і ў магнацкіх колах Рэчы Паспалітай, на чые сталы яны трапілі ў другой палове XVIII стагодзьдзя. У той час іх не елі сырымі, а рабілі пасту з вараных сьпелых памідораў, якой запраўлялі некаторыя супы і соўсы, а з зялёных выраблялі розныя марынады. Шырокае распаўсюджаньне ў сьвеце атрымалі толькі ў канцы XIX, у Беларусі — з XX стагодзьдзя. У большасьці моў сьвету захавалася арыгінальная індзейская назва “таматы”.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягады

У ежу выкарыстоўваюцца плады — сочныя мясістыя ягады вагай ад 20 да 900 г. (і вышэй), шарападобныя, круглыя, пляскатыя, гладкія або рабрыстыя, ружовыя, чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя.

Памідоры ўтрымліваюць а 4 % цукроў, 0,4 – 0,8 % арганічных кіслот, мінеральныя солі, 25мг% вітаміну C, каратын, вітаміны B1, B2, PP. Гарманічнае спалучэньне цукроў і арганічных кіслот абумоўлівае прыемны смак. З памідораў гатуюць салаты, прыправы, соўсы (у тым ліку кетчуп), вырабляюць сокі, фаршыруюць, марынуюць, соляць, кансэрвуюць, дадаюць у першыя стравы (за 10 хвілін да заканчэньня варкі). З добра высьпелых вырабляюць таматнае пюрэ і таматную пасту.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Памідорысховішча мультымэдыйных матэрыялаў