Панцеляймон Панамарэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Панцеляймон Панамарэнка
Старшыня Савету народных камісараў Беларускай ССР
7 лютага 1944 — 17 сакавіка 1948
Папярэднік: Іван Былінскі
Наступнік: Аляксей Кляшчоў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 9 жніўня 1902(1902-08-09)
Беларэчанскі раён, Краснадарскі край
Памёр: 18 студзеня 1984(1984-01-18)[1] (81 год)
Партыя:
Дзеці: Valery Ponomarenko[d] і Svetlana Ponomarenko[d]
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі ордэн Суворава ордэн Суворава I ступені ордэн Айчыннай вайны ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн «Знак Пашаны» мэдаль „Партызану Айчыннай вайны“ I ступені мэдаль „За абарону Масквы“ мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» ордэн Крыжа Грунвальду

Панцеляймо́н Кандра́тавіч Панамарэ́нка (9 жніўня 1902, Беларэчанскі раён, Краснадарскі край, Расейская імпэрыя — 18 студзеня 1984) — беларускі і савецкі партыйны й дзяржаўны дзеяч, генэрал-лейтэнант (1943). Старшыня Савету Народных Камісараў (Савету Міністраў) БССР (1944—1948), Першы сакратар ЦК КП Беларусі (1938—1947), начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху (1942—1944).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1918 быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны 1917—1922. З 1919 працаваў на нафтапромыслах, пасьля на чыгуначным транспарце. З 1922 на камсамольскай працы. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынэраў транспарту (1932). У 1932—1936 служыў у Чырвонай Арміі. З 1936 інжынэр Усесаюзнага электратэхнічнага інстытуту. З 1937 у апараце ЦК ВКП(б).

У 1938—1947 гадох першы сакратар ЦК КП(б)Б. Даваў згоду на арышт і асуджэньне дзяржаўных і партыйных работнікаў БССР. З 15 верасьня па 15 лістапада 1938 году ў якасьці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў[2].

21 лістапада 1938 падрыхтаваў справаздачу «О Белорусском языке, литературе и писателях». У ім Панцеляймон Кандратавіч дакладаў дзяржсакратару ЦК аб тым, што азнаёміўшыся зь беларускімі пісьменьнікамі і іх настроямі, ён зрабіў шэраг высноў, па рэалізацыі якіх жадаў параіцца са Сталінам. Спадар Панамарэнка для перадачы беларускай мовы скарыстоўваў расейскую транскрыпцыю (накшталт «щирых белорусов»), абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў сьмяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіраваных заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў (у тым ліку Янкам Купалам і Якубам Коласам[3])…» Панамарэнка ў сваёй справаздачы прапаноўвае:

«…Решительно очистить литературу от произведений с национал-фашистской контрабандой (кое-что мы в этом направлении уже сделали), поднять литературную, преданную молодежь, освежить литературу, укрепить руководство Союза писателей».

Затым піша, якія крокі ўжо былі праведзеныя ў бок Саюзу пісьменьнікаў, і дадае:

«По двум вопросам:

  • а) о предлагаемых мероприятиях в отношении белорусского языка — грамматики и литературы;
  • б) об отношении к писателям Янке Купале и Якубу Коласу, — я прошу Вас дать мне совет».[4]

Але ўжо літаральна празь месяц Панамарэнка просіць узнагародзіць разам зь іншымі пісьменьнікамі Якуба Коласа: «…У яскравых мастацкіх вобразах паказаў барацьбу беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў…»[3]

З пачатку 1939 удзельнічаў у выкрыцьці кіраўнікоў НКУС БССР, абвінавачаных у грубых парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці і злоўжываньнях уладай. З 1939 таксама сябра Ваеннага савету Беларускай ваеннай акругі, прымаў удзел у кіраўніцтве войскамі, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Менавіта Панамарэнка пераканаў Ёсіфа Сталіна ў тым, што Палесьсе зь Берасьцем і Пінскам мусяць быць менавіта ў складзе БССР[5].

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сябрам ваенных саветаў 3-й ударнай арміі, Заходняга, Цэнтральнага і Бранскага франтоў. У 1942—1944 гг. начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандаваньня. Непасрэдна пасьля вызваленьня БССР Сталін прад’явіў прапанову зьмяніць межы рэспублікі з РСФСР. У жніўні гатовы быў праект перадачы Расейскай Фэдэратыўнай Рэспубліцы Полацкай вобласьці. Дзякуючы настойлівым стараньням І сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, падмацаваным аргумэнтамі аб ахвярнасьці насельніцтва Беларусі ў барацьбе зь нямецкім акупантам, беларускім камуністам удалося абараніць усходнія межы рэспублікі[6][7].

У 1944—1948 гг. Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У 1948—1953 гг. сакратар ЦК ВКП(б), адначасова ў 1950—1953 гг. міністар нарыхтовак СССР. З 16 кастрычніка 1952 па 6 сакавіка 1953 сябра Палітбюро ЦК КПСС. У 1953—1954 гг. міністар культуры СССР. У 1954—1955 гг. першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстану.

З 1955 амбасадар у Польшчы. З 1957 у Індыі і Нэпале, з 1959 у Нідэрляндах.

Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Суворава I ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам «Знак Пашаны».

Папярэднік
Аляксей Волкаў
Першы сакратар ЦК КП(б)Б
1938—1947
Наступнік
Мікалай Гусараў

Кнігазбор[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Меў у асабістай бібліятэцы кнігазбор генэрала БНР Кастуся Езавітава[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Panteleimon K. Ponomarenko // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б Ціхан Чарнякевіч. Шэры кардынал літаратуры // Зьвязда : газэта. — 18 ліпеня 2013. — № 131 (27496). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б Кастусь Ліпскі. Як ордэр памянялі на ордэн(недаступная спасылка) // Газэта „Пагоня“, 2008-10
  4. ^ Дар’я Сацукевіч. No comments… Альбо пра тое, як мову прадаюць // Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
  5. ^ Пабачылі свет асабістыя дзённікі Панцеляймона Панамарэнкі(недаступная спасылка) // Народная Воля №123-124, 21.08.2008
  6. ^ VII. Уніфікацыя палітычнай і гаспадарчай сістэмы БССР (1944—1956) // Навейшая гісторыя Беларусі. — Беласток: Праграмная Рада Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы «Ніва», 1999
  7. ^ Уладзімер Арлоў. Мажвідас, Кант і Ваня зь піларамы // Наша Ніва, сакавік 2002 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]