Алаг
Алаг (па-арабску: الله
[ʔalˤːɑːh] ) — арабскае слова, якое азначае Бога. У ісламе слова Алаг традыцыйна выкарыстоўваецца ў любой мове, што азначае як уласна Бога, так і адно зь яго імёнаў.
Паводле веры мусульманаў, Алаг — стваральнік і кіраўнік усяго існага. Акрамя яго ніхто не валодае гэтымі якасьцямі. Існаваньне Алага зьяўляецца неабходным для сусьвету, а яго адсутнасьць немагчымая. У Алага няма роўных, і ў гэтым выяўляецца Яго абсалютнае адзінства.
Алаг — імя ўласнае, яно адпавядае сапраўднаму Богу, Творцу й Госпаду ўсяго існага, ўладальніку ўсіх выдатных імёнаў і якасьцяў, Цэламу, Адзінаму. Алаг вечны й ня мае пачатку й канца. Спасьціжэньне Яго чалавечым розумам немагчымае. Аднак некаторыя Яго атрыбутыўныя якасьці паддаюцца прыблізнаму апісаньню катэгорыямі чалавечага паняцьцевага апарата, г.зн., напрыклад, магчыма казаць пра Яго існаваньне або дасканаласьць.