Пан Тадэвуш
| Пан Тадэвуш | |
| Pan Tadeusz | |
| Першае парыскае выданьне | |
| Жанр: | эпічная паэма |
|---|---|
| Аўтар: | Адам Міцкевіч |
| Мова арыгіналу: | польская |
| Год напісаньня: | 1832—1834 |
| Публікацыя: | 1834 |
| Электронная вэрсія | |
«Пан Тадэ́вуш» (па-польску: Pan Tadeusz) — найбуйнейшы твор Адама Міцкевіча, эпічная паэма, якая пісалася ў 1832—1834 у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі, і выдадзеная там жа ў 1834 годзе. Складаецца з 12 «кнігаў» (амаль 10 тысячаў радкоў) і напісаная сылябічным 13-складнікам — польскім александрыйскім вершам.
Поўная назва — «Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1822 г. у дванаццаці быліцах вершам[1]» (Pan Tadeusz, czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem). «Заезд» (польск. zajazd) — старажытны славянскі тэрмін, які азначае форму выкананьня прысуду ў маёнткавых справах. Заезд быў формай грамадзянскага правасудзьдзя, часам — нават афіцыйна прызнанага законным[2][3].
Дзеяньне паэмы адбываецца на працягу 5 дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812 годзе на берагах Нёмана, «на Літве» (у мінулым Вялікім Княстве Літоўскім) перад нашэсьцем Напалеона на Расею. Галоўныя героі паэмы — Тадэвуш і Зося, прадстаўнікі дзвух узаемнаварожых шляхецкіх фаміліяў. Задума паэмы эвалюцыянавала з ідыліі (узорам для якой была ідылія Гётэ «Герман і Даратэя») у шырокую эпічную карціну, якая спалучае бытавую, ваенную, любоўную і патрыятычную лініі.
«Пан Тадэвуш» пачынаецца са знакамітага прызнаньня ў любові да Літвы:
|
У паэме створаны поўны настальгіі і гумару вобраз маляўнічых, але гістарычна асуджаных шляхецкіх нораваў. З самага пачатку паэма атрымала агромністую папулярнасьць сярод польскіх эмігрантаў. Лічыцца польскай нацыянальнай эпапеяй і шэдэўрам славеснага жывапісу. Клясычныя ілюстрацыі да паэмы стварыў Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Пан Тадэвуш» экранізаваны польскім рэжысэрам Анджэем Вайдай (1999).
Рукапіс паэмы з 1870-х гадоў захоўваўся ў бібліятэцы Асалінскіх у Львове разам са спэцыяльнай аздобленай шкатулкай для яго захоўваньня, з чырвонага дрэва й слановае косьці, якую замовіў Станіслаў Тарноўскі і зрабіў львоўскі майстра Юзэф Бжастоўскі. У 1946 годзе разам з асноўнымі фондамі бібліятэкі Асалінскіх рукапіс перавезены ва Ўроцлаў, дзе знаходзіцца дагэтуль.
Зьмест |
Перадумовы ўзьнікненьня твора [рэдагаваць]
Дзякуючы сябру Адама Міцкевіча Юзэфу Залескаму, задума «сельскае паэмы» нарадзілася ўжо ў 1831 годзе падчас знаходжаньня барда ў Вялікапольшчы. Паэт хацеў пачаць аповед з апісаньня шляхецкага двара. Згодна з гэтым, Юзэф Грабоўскі — уладальнік сяла Лукава — казаў пазьней, што гэта ў яго мясцовасьці Міцкевіч вырашыў напісаць Пана Тадэвуша. Аднак гэтыя факты дакладна невядомыя. Навукоўцы мяркуюць, што паэт напісаў каля 100—110 вершаў у якіх апісваеецца с. Сапліцава (па апошніх меркаваньнях гэты фрагмэнт сканчваецца на 174 вершы I кнігі). Аднак паэт, пасьля напісаньня гэтага фрагмэнту, не працягваў пісаць тэкст цягам некалькіх наступных месяцаў.
У пачатку сьнежня 1832 году (знаходзячыся ўжо ў Парыжы) Міцкевіч напісаў ліст да сябра, у якім распавядаў пра інтэнсіўную працу над паэмай. Тэкст твора пісаўся вельмі хутка — 12 студзеня 1833 году Міцкевіч паведамляў у лістах, што напісаў ужо «dwie wielkie piesni» (дзьве вялікія песьні). Пасьля паэт спыніў працу ажно да 6 траўня, калі нарадзілася наступная трэцяя песьня. Напрыканцы гэтага ж месяца была скончаная і чацьвёртая частка, пасьля якой ізноў адбыўся перапынак у некалькі месяцаў, спрычынёны хваробай паэта. Сёлета 13 лістапада Міцкевіч інфармаваў у лісьце, што скончыў пятую песьню. Адгэтуль праца над эпапеяй ішла ўжо бяз доўгіх перапынкаў: Міцкевіч на працягу трох месяцаў напісаў сем чарговых кнігаў. Заканчэньне творчай працы адбылося 13 лютага 1834 году. Рукапіс быў перададзены ў друк і выдадзены 17 чэрвеня 1834 году.
Дзеючыя асобы [рэдагаваць]
Героямі паэмы зьяўляеецца ліцьвінская шляхта. Між іншым:
- Яцэк Сапліца (ксёндз Робак) — бацька Тадэвуша Сапліцы, забойца Стольніка, прымае аблічча манаха і плянуе арганізаваць паўстаньне супраць «маскалёў» (польск. Moskalom).
- Тадэвуш Сапліца — аднайменны герой эпапеі, дваццацігадовы юнак, сын Яцэка Сапліцы.
- Зося — дачка Евы Гарэшкі, закаханая ў Тадэвуша Сапліцу.
- Судзьдзя Сапліца — гаспадар Сапліцава, брат Яцэка, гарачы патрыёт.
- Талімэна — апякунка Зосі, жыхарка Пецярбурга.
- Храбя — кроўны Гарэшкаў, сапраўдны уладальнік замку.
- Гервазы Рэбайла — ключнік Гарэшкаў, служыў Стольніку.
- Пратазы — возны Сапліцы.
- Янкель — жыд.
Кнігі [рэдагаваць]
- Кніга I — Гаспадарка (Gospodarstwo; з прысьвячэньнем у пачатку)
- Кніга II — Замак (Zamek)
- Кніга III — Заляцаньні (Umizgi)
- Кніга IV — Дыпляматыка і ловы (Dyplomatyka i łowy)
- Кніга V — Звада (Kłótnia)
- Кніга VI — Засьценак (Zaścianek)
- Кніга VII — Нарада (Rada)
- Кніга VIII — Наезд (Zajazd)
- Кніга IX — Бітва (Bitwa)
- Кніга X — Эміграцыя. Яцэк (Emigracja. Jacek)
- Кніга XI — Год 1812 (Rok 1812)
- Кніга XII — Кахаймася (Kochajmy się)
- Эпілёг
Матывы апавяданьня [рэдагаваць]
- матыў каханьня Тадэвуша й Зосі — матыў, які разьвіваецца з пачатку твора, калі Тадэвуш заўважае маладую дзяўчыну. Потым Тадэвуш зьмяняе Зосю на Талімэну. Пасьля Тадэвуш распавядае свайму дзядзьку пра сваё каханьне да Зосі, а Зося са спачуваньнем адхіляе Тадэвуша. Гэты матыў разьвіваецца на працягу ўсяго твора й цягнецца аж да заручынаў Тадэвуша й Зосі.
- матыў Стольніка — Стольнік быў вялікім панам з роду Гарэшкаў, пра гэта распавядае Гервазы ў II кнізе. Было ў яго адзінае дзіця — дачка Эва Гарэшка, у якую пасьля закахаўся Яцэк Сапліца. Да заручынаў не дайшло, з-за розьніцы ў маёнткавай маёмасьці і адмоўнага стаўленьні яе бацькі да гэтага шлюбу. Асьцерагаючыся адмовы, Сапліца фармальна не прасіў рукі дачкі, і Гарэшка прыняў сватоў віцебскага кастэляна. Сапліца забіў Стольніка ў замку падчас нападу маскалёў. З гэтага моманту, Гервазы пакляўся сабе адпомсьціць на родзе Сапліцаў.
- матыў спрэчкі за замак — на працягу твора ідзе спрэчка за замак Гарэшкаў. Тэарэтычна ён належыць Сапліцам, якім ён быў аддадзены падчас кірмашовай канфэдэрацыі. Храбя, Гервазы — Ключнік і блізкая шляхта хочуць арганізаваць напад на Сапліцаў. На гэта іх падбухторвае Ключнік.
- матыў незалежнасьці — дзеяньне «Пана Тадэвуша» адбываецца ў часы напалеонаўскіх войнаў. Ксёндз Робак агітуе польскую шляхту да паўстаньня й бітвы на баку Напалеона. Яго спробы падрывае Ключнік, які выкарыстоўвае запал шляхты супраць Сапліцаў, вядучы іх да нападу. Аднак, калі зьяўляецца супольны вораг — расейцы, адбываецца пагадненьне ўсіх бакоў і яны сумесна ваююць супраць маскалёў.
Усе матывы ў паэме аб'яднаныя ў адзінае цэлае асобай апавядальніка, галоўным клопатам якога зьяўляецца аднаўленьне незалежнай і дэмакратычнай Польшчы[4].
Пераклады на замежныя мовы [рэдагаваць]
Ніжэй пададзеная табліца, у якой пазначаны поўныя пераклады «Пана Тадэвуша» на замежныя мовы[5]:
| Мова перакладу | Дата першага выданьня |
Перакладач(ы) | Заўвагі |
|---|---|---|---|
| ангельская | 1885 | Maude Ashurt Biggs, George Rappal Noyes, Watson Kirkconnell, Kenneth Mackenzie | |
| баўгарская | 1901 | Efrem Karanov, Christo Kessiakov, Błaga Dymitrowa | |
| беларуская | 1859 | Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч | |
| беларуская | 1929 | Браніслаў Тарашкевіч | |
| кітайская | 1955 | Сунь Юнь | пераклад з ангельскай мовы |
| харвацкая | 1893 | Tomislav Maretić | |
| чэская | 1882 | Элішка Краснагорская | |
| дацкая | 1958 | Вальдэмар Роэрдам | |
| эспэранта | 1918 | Антоні Грабоўскі | |
| фінская | 1921 | V. K. Trast | |
| француская | 1844 | Christien Ostrowski і E. Haag, Charles de Noir-Isle, Wacław Gasztowt, Paul Cazin | |
| грузінская | 1953–1955 | В. Угрэхелідзэ Угорскі | |
| Іўрыт | 1921 | Ёзаф Ліхтэнбаўм | |
| гішпанская | 1885 | Leon Medina | |
| японская | каля 1930 | Асадорі Като | празаічны пераклад з ангельскай мовы |
| летувіская | 1924 | Антонас Валаітыс, Konst. Šakenis | |
| латыская | 1964 | Jāzepo Osmanis | |
| нямецкая | 1836 | Richard Otto Spazier, Albert Weiss, Zygfryd Lipiner, Carl August von Pentz (Walter Panitz), Hermann Buddensieg, Engelbert Rehbronn (w formie dramatu) | |
| расейская | 1875 | М. Бэрг, У.Р. Бенядзіктаў, С. Мар, Муза Паўлава | |
| румынская | 1956 | Miron Pradu Paraschivescu | |
| сэрбскахарвацкая | 1951 | Dżordże Saula | |
| славацкая | 1962 | Rudolf Skukálek | |
| швэдзкая | 1898 | Alfred Jensen, Ellen Wester | |
| украінская | 1927 | Максім Рыльскі | |
| вугорская | 1957 | Ewa Sebök | |
| італьянская | 1871 | Arigo Boito, Clotilde Garosci | |
| Ідыш | 1939 | D. Königsberg |
Беларускія пераклады [рэдагаваць]
Першы пераклад «Пана Тадэвуша» на іншую славянскую мову зрабіў беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у Вільні ў 1859[6]. Аднак першыя дзьве апублікаваныя «быліцы» былі канфіскаваныя па загаду царскае цэнзуры і, паводле няпэўных зьвестак, спаленыя ўсім накладам[7]. Цяпер вядомыя чатыры ацалелыя паасобнікі кнігі, усе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі[8]. Другі беларускі пераклад быў зьдзейсьнены ў 1931—1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадзкім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам. Зроблены ім пераклад «Пана Тадэвуша», у выніку паўторнага арышту ўжо ў СССР, апынуўся ў нетрах падвалаў НКУС[7] і пазьней быў выдадзены асобным выданьнем.
Пераклад Браніслава Тарашкевіча [рэдагаваць]
Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова ня высьветлены[9]. У 1978 г. арыгінал адзінаццатай і дванаццатай быліцаў тарашкевічаўскага перакладу, знойдзеных у Вільні, і сем сшыткаў яго копіі, перададзеных яго жонкай Н.А. Тарашкевіч Дзяржаўнаму музэю БССР, паступілі ў адзьдзел рэдкае кнігі і рукапісаў Фундамэнтальнай бібліятэкі АН БССР. На выснове гэтых рукапісаў Інстытутам літаратуры АН БССР была падрыхтаваная першая поўная публікацыя твора на беларускай мове: Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш / Пер. з польскай Б. Тарашкевіча. Мн.: Навука і тэхніка, 1981[9].
У пачатку 1984 г. у Польшчы выйшла з друку яшчэ адно выданьне тарашкевічаўскага перакладу паэмы: Адам Міцкевіч. Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1822 г. у дванаццаці быліцах вершам / Пер. Б. Тарашкевіча. Ольштын: Поезежэ, 1984. Выданьне было падрыхтавана на падставе ксэаграфічнай копіі перакладу[9].
Беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў (кніг, або глаў). Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэньняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ»[9].
У перакладзе Б. Тарашкевіча назіраецца вялікая колькасьць фанэтыка-артаграфічных дублетаў, якія зьвязаны з розным месцам націску ў слове і вынікаючым адсюль характарам аканьня. Магчыма заўважць поўнае або скарочанае у/ў і і/й незалежна ад характару іх гукавога акружэньня, а таксама скарачэньні канцовых, сярэдніх або (найбольш рэдка) пачатковых частак слоў, узятых аўтарам перакладу з гутарковай мовы[9].
Замест трынаццаціскладовага верша, якім пісаў Міцкевіч «Пана Тадэвуша», ён прыняў для беларускага перакладу іншую, чым у польскім тэксьце, даўжыню радка — пятнаццаціскладовую. Дастасаваньне радка, даўжэйшага на два склады, давала перакладчыку магчымасьць зрабіць лепшыя, больш дакладныя ў адносінах да арыгінала выбар і адбор лексыкі і лексычных структураў з нагоды неадпаведнасьці ў памерах больш кароткіх і сьцягнутых польскіх формаў у параўнаньні з несьцягнутымі, больш доўгімі канчаткамі ў беларускай мове[9].
У выкарыстаных Тарашкевічам сродках вершаскладаньня назіраецца сьвядомы паралелізм з паэтыкай польскага арыгінала. З гэтай мэтай перакладчы выкарыстоўвае багаты арсэнал дублетных граматычных формаў, выразаў з гутарковай мовы, дыялектызмаў, а таксама ўтвораных ім нэалягізмаў. Дзеля большай даступнасьці твору і рэалізацыі пэўных перадспасылак стылю Браніслаў Тарашкевіч сьвядома ўводзіць у тэкст формы не ўласьцівыя літаратурнай мове. Вялікай разнастайнасьцю адзначаюцца часта сустракаемыя ў тэксьце памяншальныя формы, якія зьяўляюцца галоўным стылістычным сродкам у народнай паэзіі[9].
Для беларускай лексыкі перакладу Б. Тарашкевіча характэрны запазычаньні перш за ўсё з польскай і часткова з расейскай моў. Пры лексычнай аднолькавасьці пэўных тэрмінаў у абедзьвух мовах Тарашкевіч уводзіць часамі сынанімічную і лексычную разнастайнасьць для адных і тых жа паняцьцяў, зьмешчаных у польскім арыгінале. Перакладчык шырока выкарыстоўвае словаўтваральныя і граматычныя варыянты абедзьвух моў або пераносіць іх элемэнты з адной граматычнай сыстэмы ў другую[9].
Да ўплываў расейскай мовы ў перакладзе трэба аднесьці шэраг лексычных запазычаньняў, якія ўзбагачаюць слоўнікавы запас у галіне сынанімікі, сродкаў экпрэсыўнага выражэньня і выкарыстоўваюцца галоўным чынам у мэтах вершаскладаньня[9].
Пра польскія і расейскія ўплывы на беларускую мову перакладу Б. Тарашкевіча можа сьведчыць таксама разнароднасьць фанэтычнай і графічнай перадачы іншамоўных запазычаньняў: іншамоўныя запазычаньні з ł сярэднім у беларускім тэксьце перадаюцца праз л мяккае. Таксама, мова перакладу Тарашкевіча мае шмат дыялектных рысаў, уласьцівых для заходнебеларускай тэрыторыі, зь якой паходзіў перакладчык[9].
Выкарыстаньне багатых запасаў лексыкі беларускай літаратурнае мовы пэрыяду «Нашай Нівы» і сьвядомае ўжываньне рэгіянальных дыялектызмаў глыбока перадаюць задуму Міцкевіча, адрасаванай самым шырокім масам чытачоў[9].
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
- Пан Тадэвуш (Юльюш Славацкі) — аднайменная паэма Юльюша Славацкага
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Цытуецца паводле ольштынзкага выданьня перакладу Браніслава Тарашкевіча
- ^ zajazd // Internetowa encyklopedia PWN (пол.)
- ^ Zajazd // Encyklopedia WIEM (пол.)
- ^ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С. 140 (рас.)
- ^ Wstęp. W: Pan Tadeusz. Stanisław Pigoń. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1980, ss. CXXXI-CXXXII. ISBN 83-04-00446-1(пол.)
- ^ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С.147.(рас.)
- ^ а б Міцкевіч. «Пан Тадэвуш». З прадмовы «Наваградзкая Іліяда» Язэпа Янушкевіча да юбілейнага выданьня «Пан Тадэвуш» (Менск, 1998).
- ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Архівы Беларусі
- ^ а б в г д е ё ж з і к Вячаслаў Вярэніч. «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Б. Тарашкевіча на беларускую мову // XIX стагоддзе: Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — 320 с.: іл. ISBN 985-6419-06-9
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Пан Тадэвуш — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў