Паплаўшчына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паплаўшчына
трансьліт. Paplaŭščyna
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Магілёўскі
Сельсавет: Заводзкаслабодзкі
Насельніцтва: 37 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 222
Паштовы індэкс: 213137[1]
СААТА: 7244864136
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°41′20″ пн. ш. 30°2′50″ у. д. / 53.68889° пн. ш. 30.04722° у. д. / 53.68889; 30.04722Каардынаты: 53°41′20″ пн. ш. 30°2′50″ у. д. / 53.68889° пн. ш. 30.04722° у. д. / 53.68889; 30.04722
Паплаўшчына на мапе Беларусі ±
Паплаўшчына
Паплаўшчына
Паплаўшчына
Паплаўшчына
Паплаўшчына
Паплаўшчына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Папла́ўшчына[2] — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Заводзкаслабодзкага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас Рэчы Паспалітай — шляхецкая каталіцкая аколіца. Магчыма калісьці зьяўлялася маёмасьцю шляхцічаў Паплаўскіх, бо жыхары з такім прозьвішчам жылі там прынамсі да 1746 году. Сярод карэнных жыхароў тых часоў — Кубліцкія, Залескія, Грынкевічы. У інвэнтары 1692 году ў Паплаўшчыне ўпершыню ўзгадваецца прозьвішча Аношка, а дакладней — Ян сын Флярыяна Аношка і яго жонка з роду Вастравухаў. Ян Флярыянаў Аношка — прамы патомак Хведара Аношкі — заможнага баярына ВКЛ, выхадца з украінскай Валыні. Маці Хведара Аношкі, князёўна Ганна дачка Юрыя Чацьвярцінскага і яе муж Аношка (ягоны бацька Пятро Аношка напрыканцы XV стагодзьдзя служыў гараднічым у Менску і валодаў значнай маёмасьцю) былі выгнаны польскім каралём Казімерам IV (гады праўленьня 1447—1492) з Валыні за карысьлівае гвалтоўнае забойства брата Ганны — князя Вацлава Чацьвярцінскага. Хведар Аношка разам зь ягоным братам Яцынам ня толькі пастаўлялі людзей і коней да войска ВКЛ, але самі бралі ўдзел у бітвах. За храбрасьць кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст у 1547 годзе надаў роду Аношка ўласны герб Яцына і шмат маёмасьці нерухомай у розных частках тагачаснай Літвы.

20 студзеня 1791 году жыхары Паплаўшчыны з роду Аношка рашэньнем Магілёўскага дваранскага сабраньня былі прыняты да расейскага дваранства. Гэта рашэньне зацьверджана Расейскай Герольдыяй у 1811 годзе.

Ад 1842 да 1865 гадоў расейскія ўлады рабілі спробы вымусіць шляхту Паплаўшчыны да прыняцьця праваслаўя, але дарэмна. Аколіца засталася каталіцкай.

29 жніўня 1911 году ў Паплаўшчыне адбылося закладаньне і асьвячэньне краевугольнага каменя касьцёлу. У 1913 годзе ў вёсцы быў пабудаваны каталіцкі касьцёл Маці Божай Шкаплернай і сьв. Мікалая ў нэагатычным стылі (20 аршынаў у даўжыню, 12 — у шырыню). Падчас наступу атэістычнай кампаніі ў СССР касьцёл быў у 1929 г. зачынены і перароблены пасьля ў склад. Сёньня ад храму засталіся толькі падмуркі. Вядома, што ў гэтым касьцёле ў пачатку Другой сусьветнай вайны хрысьціў мясцовых людзей ураджэнец Паплаўшчыны сьвятар Вацлаў Аношка, які на той час служыў у каталіцкай парафіі бізантыйскага абраду ў в. Далятычы на Наваградчыне і зьяўляўся сябрам Рады Беларускага экзархату Грэка-каталіцкай царквы.

Жыхары Паплаўшчыны моцна пацярпелі ў час бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Па «палітычных» артыкулах у пэрыяд з 1930 па 1938 былі расстраляныя ці сасланыя ў лягеры каля двух дзясяткаў чалавек.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1999 год — 42 чалавекі
  • 2010 год — 37 чалавек

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік ксяндзу Яну Аношку на могілках Паплаўшчыны

Сярод ураджэнцаў Паплаўшчыны найперш вылучаюцца каталіцкія сьвятары:

  • Ян Грынкевіч (31 студзеня 1766 — 12 красавіка 1846) — сьвятар-езуіт, архівіст, прафэсар расейскай мовы і грамадзкага права ў Полацкім калегіюме ў 1797—1799. Пасьля забароны езуітам працаваць у Расеі служыў у касьцёлах у Галіцыі.
  • Ян сын Амброзія Аношка-Яцына (1765 — 1 кастрычніка 1848) — ксёндз, прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, выкладчык маральнай тэалёгіі, доктар багаслоўя. Канонік луцкі, магілёўскі, пралат архікатэдры Магілеўскай. Рэктар Галоўнай сэмінарыі ў Варшаве да 1836 г. Ганаровы член Урадавай камісіі рэлігійных ведаў і грамадзкай адукацыі, член Вялікага капітула, кавалер ордэнаў сьв. Анны і сьв. Станіслава. Пасьля сьмерці ўсю сваю грашовую і нерухомую маёмасьць завяшчаў жыхарам Паплаўшчыны з роду Аношка (усе яны без выключэньня былі яго сваякамі). У выніку да пачатку ХХ стагодзьдзя амаль кожны жыхар аколіцы калі ня сам насіў прозьвішча Аношка, дык меў маці ці бабулю з тым прозьвішчам. Гэтаму ўчынку сьвятара прысьвечаны артыкул кс. Баляслава Парафяновіча «Абразкі Белай Русі. 1911 год. Паплаўшчызна», зьмешчаны ў польскай прэсе. На могілках Паплаўшчыны захаваўся гранітны помнік ксяндзу Яну Аношку, пастаўлены сваякамі ў 1875 годзе.
  • Габрыель сын Вінцэнта Аношка (6 траўня 1822 — 16 лістапада 1899) — ксёндз, стрыечны пляменьнік ксяндза Яна Аношкі. З 1848 па 1856 прапаведваў у парафіі Ула на Полаччыне. З 1857 году — член каталіцкага Ціраспальскага капітула ў Саратаве на Паволжы, магістар тэалёгіі, асэсар Ціраспальскай кансысторыі, канонік. Апроч таго, Габрыель Аношка выкладаў у адчыненай дыяцэзіяй духоўнай сэмінарыі, бо ані сваіх каталіцкіх сьвятароў, ані кадраў для іх падрыхтоўкі на Паволжы не было. Ксёндз Габрыель спрабаваў ахвяраваць на карысьць сваякоў з Паплаўшчыны грошы, але з-за бюракратычных перашкодаў яго намер ня быў рэалізаваны. Габрыель Аношка пахаваны на каталіцкіх (польскіх) могілках у Магілеве.
  • Вацлаў сын Якуба і Каміліі Аношка (14 сакавіка 1899 — 18 лютага 1966) — беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага і бізантыйскага абрадаў, прыхільнік Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, вядомы дзеяч руху за адраджэньне Уніі ў Заходняй Беларусі. Падчас вайны Савецкай Расеі з Польшчай (1918—1920), рызыкуючы жыцьцём, зьбег празь мяжу з мэтай вывучыцца на сьвятара. Ніякіх дакумэнтаў з сабой ня браў, акрамя выпіскі з атэстату аб гімназічнай адукацыі з адбіткам пячаткі, якую ён схаваў пад вусьцілку бота. За гэты ўчынак яго сям’я ў 1930-я была жорстка пакарана: бацька быў расстраляны ў Менску як «удзельнік шпіёнскай дывэрсійнай рэзыдэнтуры», а малодшы брат Аляксандар звар’яцеў у засьценках КДБ. Абедзьве сястры вымушаны былі пісьмова адрачыся брата.
  • Ураджэнец Паплаўшчыны Адам сын Антона і Адэлі Аношка, кадравы ваенны, афіцэр Чырвонай Арміі, рэпрэсаваны ў 1938 г., але праз паўтара гады вызвалены з арышту за недахопам доказаў. У 1943 годзе за асабістую мужнасьць узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. У 1944 годзе загінуў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алфавитный список улиц по Поплавщина (рас.) zip.belspost.by. БелпоштаПраверана 31 сакавіка 2012 г.
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu). С. 248

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. Том ХIII. Акты Главного Литовского Трибунала. Вильно 1886;
  • Газэта «Rozwój», Лодзь 14.10.1911;
  • «Gazeta Warszawska», лістапад 1827 г., 1834 г.;
  • Матэрыялы Дзяржаўнага гістарычнага архіва РБ: фонд 2545, 1781, 2066;
  • Пушкін І. А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20-30-я годы ХХ ст.): дакументы і матэрыялы. Смаленск «Росич» 2008;
  • HERBARZ POLSKI Kaspra Niesieckiego S. J. tom IV, Lipsk 1839;
  • Bogdan JAŃSKI. «DZIENNIK 1830—1839». Rzym, 2001;
  • Алесь Сімакоў. У імкненні служыць Алясцы. Незвычайны лёс «настаўніка індзейцаў» Мікалая Грынкевіча. Часопіс «Дзеяслоў» №5(48), верасень-кастрычнік, 2010.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паплаўшчынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў