Партыя БНФ
| Партыя БНФ | |
| Лідэр партыі | Аляксей Янукевіч |
|---|---|
| Дата заснаваньня | дэ-юрэ 30 траўня 1993, дэ-факта кастрычнік 1999 |
| Штаб-кватэра | 220012, Менск, Чарнышэўскага, 3-39 |
| Ідэалёгія | нацыяналізм, кансэрватызм, лібэралізм |
| Дэвіз | «Свабода, Незалежнасьць, Адраджэньне» |
| Афіцыйны сайт | http://narodny.org |
Партыя БНФ — палітычная партыя Беларусі. Старшынём партыі зьяўляецца Аляксей Янукевіч. Кіруючы орган — Сойм. Разам з КХП-БНФ, сучасная Партыя БНФ — адна з двух партый, якія фактычна ўтварыліся пасьля расколу Беларускага народнага фронту ў 1999 г.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Глядзі Беларускі Народны Фронт Адраджэньне
Сучасная Партыя БНФ утварылася ў якасьці самастойнага суб'екта пасьля раскола Беларускага Народнага Фронта ў другой палове 1999 г.
Пасьля расколу Партыя БНФ на чале з В. Вячоркам збліжаецца з АГП; гэтыя дзьве партыі найбольш актыўна працуюць у Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў (КРДС). У 2001 годзе структуры ПБНФ працуюць на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша, пасьля — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка. У 2006 годзе партыя разам зь іншымі дэмакратычнымі рухамі вылучае на пасаду прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча.
У 2000-х гадах партыя актывізуе міжнароную каапэрацыю, у 2005 г. робіцца назіральнікам пры Эўрапейскай народнай партыі, а ў 2007 годзе — асацыяваным чальцом Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу.
У сьнежні 2007 году старшынём БНФ «Адраджэньне» й Партыі БНФ быў абраны Лявон Баршчэўскі. Выбары суправадзіліся скандалам, зьвязаным з процістаяньнем паміж дзьвюма фракцыямі на чале з Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам. Пераважная частка унутрыпартыйнай дыскусіі вялася вакол супрацоўніцтва з Рухам «За Свабоду».
За публічную крытыку кіраўніцтва партыі, 14 чэрвеня 2008 году Міхалевіч рашэньнем Сойма Партыі БНФ быў пазбаўлены пасады намесьніка старшыні і выключаны з Партыі БНФ.
16 траўня 2009 году на паседжаньні сойма партыі было прынята рашэньне, што 5 і 6 верасьня 2009 году пройдзе 12-ы зьезд Партыі БНФ. На гэтым зьезьдзе быў абраны новы старшыня — 33-гадовы Аляксей Янукевіч. За яго прагаласавалі 174 дэлегаты, за Баршчэўскага — 144. Зьезд Партыі БНФ зацьвердзіў намесьнікамі старшыні Аляксея Янукевіча прапанаваныя ім кандыдатуры — Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова.
27 кастрычніка 2009 года Партыя БНФ робіцца сузаснавальнікам Беларускага незалежніцкага блёка, кааліцыі права-цэнтрысцкіх партый і рухаў, да якой таксама далучыліся Рух «За Свабоду», Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Малады Фронт і іншыя.
[рэдагаваць] Праграма
Праграма Партыі БНФ была прынятая VI-м Зьездам Партыi БНФ 1 сьнежня 2002 г.
[рэдагаваць] Дзяржаўны лад
- Партыя БНФ выступае за пераўтварэньне Беларусі ў парлямэнцкую рэспубліку і за зьмешаную (мажарытарна-прапарцыйную) сыстэму выбараў у парлямэнт.
- Пасада прэзыдэнта можа быць толькі прадстаўнічай. Кіраўніком выканаўчай улады павінен быць прэм’ер-міністар, якога прызначае парлямэнт.
- Увядзеньне судоў прысяжных.
- Органы мясцовага самакіраваньня й кіраўнікі мясцовай выканаўчай улады павінны непасрэдна выбірацца насельніцтвам і распараджацца рэальным бюджэтам.
[рэдагаваць] Эканоміка
Партыя БНФ выступае за разьвіцьцё свабоднай рынкавай эканомікі і правядзеньне рэформаў з мэтаю далучэньня Беларусі да ЭЗ. Праграма партыі прадугледжвае:
- Увядзеньне прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці й зямлю,
- Лібэралізацыю цэнаў, зьнешнеэканамічнай і валютнай палітыкі,
- Рэфармаваньне падатковай сыстэмы на карысьць вытворцаў i прадпрымальнiкаў.
- Увядзеньне беларускага талера з доўгатэрміновай мэтай уваходу ў зону эўра.
[рэдагаваць] Сацыяльная палiтыка
Партыя БНФ за адрасную сацыяльную палітыку, скіраваную на падтрымку неабароненых катэгорыяў насельніцтва за кошт сродкаў дзяржаўнага й мясцовых бюджэтаў пры агульнай скіраванасьці рэформаў на стварэньне новых эфэктыўных працоўных месцаў для працаздольных.
- Праграма партыі прадугледжвае пераход да сацыяльнага страхаваньня — у першую чаргу пэнсійнага, мэдычнага, на выпадак беспрацоўя.
- Дзяржава павінна гарантаваць роўны доступ грамадзян да адукацыі. Прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў парушае правы чалавека й павінна быць адмененае ў першачарговым парадку.
- Партыя БНФ выступае за мэдыцынскія льготы для пэнсіянэраў, падтрымку маладых сем’яў зь дзецьмі.
- Жыльлёвая палітыка павінна быць зарыентаваная пераважна на будаўніцтва індывідуальнага жыльля. Для забясьпячэньня фінансавых магчымасьцяў такога будаўніцтва павінны быць створаныя спэцыялізаваныя гіпатэчныя банкі.
- Праграма прадуледжвае фінансаваньне адраджэньня культуры, разьвіцьця нацыянальнае навукі, адукацыі, аховы здароўя.
[рэдагаваць] Гуманiтарная й культурная палiтыка
- Палітыка дзяржавы у навуковай сфэры павінна абмяжоўвацца функцыямі фінансавай падтрымкі вядучых навуковых школаў і кірункаў, што разьвіваюцца на канкурэнтаздольнай аснове. Зьмест і накіраванасьць навуковай дзейнасьці вызначаецца самой навуковай супольнасьцю.
- Партыя БНФ за вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай i заканадаўчае вызначэньне статусу моваў нацыянальных мяншыняў.
[рэдагаваць] Экалягiчная палiтыка
Партыя БНФ выступае за:
- вяртаньне да разгляду й ажыцьцяўленьня праграмы кампактнага перасяленьня людзей з раёнаў, забруджаных пасьля Чарнобыльскай катастрофы;
- вывад з сельскагаспадарчага карыстаньня усіх забруджаных радыяактыўнымі рэчывамі зямель, на якіх немагчыма атрымоўваць чыстую прадукцыю;
- хутчэйшае далучэньне Беларусі да экалягічных праграмаў Эўрапейскага Зьвязу.
[рэдагаваць] Зьнешняя палітыка
Партыя БНФ выступае за інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз і NАТО. Супраца з Расейскай Фэдэрацыяй паводле праграмы партыі павінна грунтававцца на падставе «безумоўнае павагі зь яе боку да права Беларусі быць незалежнаю эўрапейскаю дзяржаваю». «Палітыка Беларусі павінна весьці да зьмяншэньня яе манапольнай палітычнай, вайсковай, эканамічнай залежнасьці ад Расеі», гаворыцца ў праграме Партыі БНФ. Прыярытэтам на бліжэйшы час пасьля ўзнаўленьня дэмакратыі Партыя БНФ бачыць супрацу з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі — Украінай, Польшчай, Летувай, Латвіяй.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
| Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |