Парыс Бардонэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Парыс Бардонэ
"Вэнэра й Марс з Купідонам", 1559—1560 гг.
"Вэнэра й Марс з Купідонам", 15591560 гг.
Імя пры нараджэньні: Paris Bordone
Нарадзіўся: хрышчоны 5 ліпеня 1500
Трэзіва, Італія
Памёр: 19 студзеня 1570
Вэнэцыя, Італія
Нацыянальнасьць: італьянец
Грамадзянства: Італія
Заняткі: жывапіс
Вучоба: Тыцыян
Плынь: маньерызм; вэнэцыянская школа жывапісу

Парыс Бардонэ (па-італьянску: Paris Bordone) (1500, хрышчоны 5 ліпеня, Трэвіза19 студзеня 1570, Вэнэцыя) — італьянскі мастак вэнэцыянскае школы, прадстаўнік маньерызму.

Біяґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1516 па 1518 Бардонэ працуе ў майстэрні Тыцыяна. У 1538 годзе Парыс Бардонэ паступае на службу да францускага караля Францыска І у Фантэнбло, дзе піша партрэты караля й прыдворных. На жаль, ніводнага зь іх у францускіх калекцыях знайсьці не атрымалася. У 1540 г. мастак пераязджае ў Аўгсбург, дзе працуе над размалёўкамі палацу Фугэраў (не захаваліся). Вярнуўся ў Вэнэцыю, дзе памёр 19 студзеня 1570 г.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Уручэньне пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу» (1534, Вэнэцыя, галерэі Акадэміі)

Пэрыядам найбольшага творчага росквіту Бардонэ былі 15201530 гг.

У 1520-х Бардонэ рапрацоўвае адзін з улюбёных матываў раньняга Тыцыяна, трактуючы традыцыйныя тэмы: «Багародзіца са сьвятымі», «Сьвятая сям'я», як ідылічныя сцэны павольнага адпачынку й ціхай гутаркі на фоне букалічнага пэйзажу з зялёнымі лугамі, круглявымі кронамі дрэў, далёкімі ўзгоркамі («Сьв. Сямейства са сьв. Кацярынай», Санкт-Пецярбург, Дзярж. Эрмітаж; «Багародзіца са сьвятымі», Глазга, Мастацкая галерэя; «Багародзіца з сьв. Георгам і Іаанам Прадцечай», Масква, Дзярж. музэй выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна). Прыгажосьць пэйзажа й рамантычныя інтанацыі вызначаюць характар альтарнае кампазіцыі «Бітва сьв. Георга з драконам» (каля 1525, Ватыкан, Пінакатэка).

Лепшай і найбольш вядомай працай Бардонэ з'яўляецца манумэнтальнае палатно «Уручэньне пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу» (1534, Вэнэцыя, галерэі Акадэміі), прысьвечанае адной з гістарычных легенд Вэнэцыі - перадачы рыбаком пярсьцёнка вэнэцыянскаму дожу, якое той атрымаў ад Сьв. Марка.

Абапіраючыся на традыцыі гістарычных і апавядальных кампазыцыяў майстраў XV стагодзьдзя, мастак стварае гістарычную кампазыцыю новага тыпу. Вялізарную ролю ў карціне грае цудоўная архітэктура, якая стварае атмасфэру сьвяточнага трыюмфу, вызначаючы вобразны пачатак усёй кампазыцыі. Насычаныя кантрасты сьвятла й глыбокіх ценяў падкрэсьліваюць грандыёзнасьць і стракатасьць архітэктурных формаў адчыненага павільёна, дзе сядзіць дож і яго набліжаныя, магутнасьць каласальнае аркі, у пралёце якой адчыняецца цудоўная панарама ўходячых у глыбіню мармуравых палацаў.

«Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніо», Музэй правінцыі Бары «К. Джаквінта» (Італія)

Сярод папулярных і характэрных для творчасьці жывапісцаў матываў — выяўленьне Багародзіцы зь немаўлём і сьвятымі, вядомы як «Sacra Conversazione» («Сьвятая гутарка»). Менавіта гэты сюжэт і прадстаўляецца ў кампазыцыі «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё».

Карціна Парыса Бардонэ адлюстроўвае Багародзіцу зь немаўлём Езусам, якая сядзіць на мармуравым прыступкавым троне. Справа, у біскупавым адзеньні сьвяты Энрыка Упсальскі, злева — у адзеньні францысканскага ордэна — сьвяты Антоні Падуанскі. Традыцыйна для Бардонэ — выяўленьне сцэны на фоне ўзгорыстага пэйзажу, асьветленага пяшчотным залацістым сьвятлом.

Першапачаткова малюнак «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніо» знаходзілася ў капліцы Боскага Цела катэдральнага сабору Бары, пазьней перайменаванага ў капліцу сьвятых Энрыка й Антонія. У 1536 годзе капліцу выкупілі Габрыель і Галеаца Танцы, якія замовілі альтарную карціну некалькі год пасьля. Намаляваны на парт'еры герб, хутчэй за ўсё, з'явіўся ў XVIII ст.

Браты Танцы прысьвяцілі гэтую карціну сьвятому Энрыка з Упсалы, выказваючы пашану свайму дзядулі - Энрыка Танцы, які памёр за два гады да гэтага й, верагодна, пераехаў зь Міляна ў Бары ўсьлед за Ізабэлай Арагонскай, маці каралевы Боны Сфорца.

Карціна «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё» зьяўляецца шэдэўрам сталага Бардонэ — аднаго з найвытанчанейшых прадстаўнікоў вэнэцыянскага жывапісу XVI ст.[1]

У 15501560-х Бардонэ стварае шэраг алегарычных кампазыцыяў («Двое закаханых у вобразе Марса й Вэнэры, увенчаных Перамогай», каля 1560, Вена, Музэй гісторыі мастацтва) і сэрыю жаночых партрэтаў, т. зв. куртызанак (Лёндан, Нац. галерэя; Вена, Музэй гісторыі мастацтва) халодных і ўражлівых, з дбайна выпісанымі мудрагелістымі прычоскамі й зіхаткімі складкамі стракатых адзеньняў.

Выставы ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 кастрычніка 2009 пры садзейнічаньні Амбасады Італіі ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрылася выстава карціны «Мадона зь немаўлём паміж сьвятым Энрыка з Упсалы й сьвятым Антоніё». Выстава арганізаваная ў рамках мерапрыемства «Італьянскае адраджэньне ў Беларусі».[2]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Парыс Бардонэсховішча мультымэдыйных матэрыялаў