Пастаялка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пастая́лка — сьвежае пастаялае каровячае малако.

Гістарычна вылучэньне паняцьця «пастаялка» зьвязана з тым, што ў старажытнасьці сьвежае цёплае малако (сырадой) як прадукт харчаваньня не спажывалася. І цяпер у некаторых вёсках сырадой п’юць толькі як лекавы сродак. Цёплае, толькі што выдаенае малако зьліваюць з даёнкі ў гладышы або слоікі, бляшанкі і ставяць у халоднае месца. Празь некалькі (5—6) гадзін яно ўжо называлася пастаялкай. Яе даюць піць дзецям, ядуць з хлебам, кашай, ёю забельваюць крупнік. Пры такім спажываньні пастаялку перабоўтваюць, каб тлусты вяршок быў перамяшаны з усім малаком.

Паколькі нават за вельмі працяглы час знаходжаньня ў халодным месцы на версе малака ў гладышы (слоіку, бляшанцы) адстойваецца тлустая частка малака, то ў некаторых заходніх і цэнтральных мясьцінах Беларусі пастаялкай называецца якраз вяршок, салодкая сьмятанка. Тады пастаялку зьліваюць асобна. Яе п’юць, ёю забельваюць стравы, квасяць на сьмятану. Тут скажуць: «Зьлі пастаялку, а астатняе аддай парасяці». Мажліва, сувязь слова пастаялка зь першым або другім значэньнем зьвязана з заможнасьцю гаспадарак, колькасьцю малака і мэтамі яго спажываньня.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Галіна Вештарт, праект «Наша ежа»