Паходжаньне Сонечнай сыстэмы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Утварэньне Сонечнай сыстэмы хвалявала шматлікіх навукоўцаў. У першапачатковым выглядзе тэорыю ўтварэньня сонечнай сыстэмы, прынятую сёньня, сфармулявалі францускі фізык і матэматык П’ер-Сымон Ляпляс і нямецкі філёзаф Імануіл Кант.

Цяпер лічыцца, што ўтварэньне Сонечнай сыстэмы адбывалася каля 5 млрд гадоў таму і праходзіла наступным чынам:

Протасонца й протаплянэты ў прадстаўленьні мастака
  • Першапачатковае газапылавое воблака дасягнула прыкметнай шчыльнасьці і пачало сьціскацца пад дзеяньнем гравітацыйных сілаў. У склад гэтага воблака ўжо ўваходзілі ня толькі першасныя вадарод і гель, але й шматлікія цяжкія элемэнты (мэталы). Наяўнасьць апошніх сьведчыць пра тое, што ў воблака ўваходзіла рэчыва ад рэшткаў звышновай зоркі, што выбухнула да ўтварэньня Сонечнай сыстэмы. Гэта зьвязана з тым, што напачатку ў Сусьвеце цяжкіх элемэнтаў не было. Акрамя таго, воблака мела некаторы пачатковы момант імпульсу.
  • З памяншэньнем памераў газапылавога воблака ў адпаведнасьці з законам захаваньня кутняга моманту, расла хуткасьць кручэньня воблака. З-за кручэньня хуткасьць сьцісканьня воблака у плоскасьці перпендыкулярнай восі кручэньня і на самой восі адрозьніваліся, што прывяло да павелічэньня шчыльнасьці воблака і фармаваньню характэрнай кружэлкі.
  • Пры дасягненьні некаторай парогавай шчыльнасьці, часціцы пылу пачалі сутыкацца адна з адной, і такім чынам павялічвалася кінэтычная энэргія газапылавога воблака, што прывяло да росту тэмпэратуры. Найбольш моцна награваліся цэнтральныя вобласьці.
  • Пры дасягненьні тэмпэратуры ў некалькі тысячаў кельвінаў, у цэнтральнай вобласьці воблака пачала сьвяціцца протазорка. Рэчыва воблака працягвала падаць на пратазорку, павялічваючы ціск і тэмпэратуру у цэнтры. Вонкавыя ж вобласьці кружэлкі заставаліся адносна халоднымі. За кошт гідрадынамічных няўстойлівасьцяў, у іх сталі разьвівацца асобныя згушчэньні — протаплянэты.
  • Калі тэмпэратура ў цэнтры пратазоркі дасягнула мільёнаў кельвінаў, у цэнтральнай вобласьці пачалася тэрмаядзерная рэакцыя гарэньня вадароду. Пратазорка ператварылася ў звычайную зорку галоўнай пасьлядоўнасьці. У вонкавай вобласьці кружэлкі буйныя згушчэньні ўтварылі плянэты, якія верцяцца вакол цэнтральнага сьвяціла прыкладна ў адной плоскасьці й у адным кірунку.

Тэорыя Джэймза Джынза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангельскі навуковец Джэймз Гопўуд Джынз (па-ангельску: James Hopwood Jeans) правёў аналіз гравітацыі першапачатковага газапылавога воблака, прапанаванага Ляплясам. Ён прыйшоў да высновы, што тэорыя Ляпляса была памылковай. У замен ён прапанаваў сваю тэорыю, згодна зь якой матэрыял для плянэт і малых целаў Сонечнай сыстэмы быў вырваны з Сонца пасьля праходу непадалёк іншай зоркі. Сёньня тэорыя Джынза не прынятая большасьцю навукоўцаў.