Паўночна-каўкаскі імамат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
إِمامة قفقاز
Месцазнаходжаньне Паўночна-каўкаскага імамату
Афіцыйная мова Арабская мова
Сталіца Ахульго, Дарго, Ведзяно
Урад
Імам
Тэакратыя
Газы-Магамэд, Гамзат-бэк, Шаміль
Насельніцтва
 - Агульнае
0,5-1 млн.
Незалежнасьць
1828-1859

Паўночна-Каўкаскі імамат (па-арабску إِمامة قفقاز) - ісламская дзяржава, што існавала на тэрыторыі Дагестану й Чачэніі ў 1829-1859. Заваяваная й паглынутая Расейскай Імпэрыяй. Найбольшае разьвіцьцё атрымала ў гады кіраваньня імама Шаміля (1834-1859).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадумовай стварэньня імамату быў рух шэйха Мансура ў 1785-1791, якога часам завуць першым імамам Каўказу. Асноўнымі сваімі мэтамі Мансур ставіў змаганьне з рабствам, фэадаламі, крэўнай помстай, і ў цэлым, замену горскіх адатаў на мусульманскія законы шарыяту.

Шэйх Мансур і ягоныя пасьлядоўнікі аказвалі супраціў спробам Расеі заваяваць Паўночны Каўказ, што ў выніку вылілася ў войны 1785-1791 і 1817-1864 (так званая Вялікая Каўкаская вайна).

Падчас першае вайны царскімі войскамі быў запалонены Мансур, аднак у цэлым вайна скончылася перамогай горцаў, бо імі была адваяваная Чачэнія, частка Дагестану і Чаркесіі.

Пасьля некаторага зацішку, у 1817 вайсковыя дзеяньні аднавіліся з новай сілай. Царскім намесьнікам на Каўказе быў прызначаны генэрал Ярмолаў, які адрозьніваўся калянасьцю ў мэтодах вайны. Аб'яднаўшыся ў абароне ад Расеі, розныя народы горцаў склалі спачатку некалькі вайсковых зьвязаў, а затым і зусім стварылі адзіную дзяржаву - Імамат. Першым імамам новае дзяржавы стаў Газы-Магамэд (1829-1832), затым Гамзат-бэк (1832-1834), потым Шаміль (1834-1859).

Сталіцай імамату пры Шамілю была крэпасьць Ахульго, затым паселішча Дарго, а пасьля яго разбурэньня расейцамі - аул Ведзяно. У склад Каўкаскага Імамату ўваходзіла вялікая частка тэрыторыяў Чачэніі, Дагестану, а пасьля 1841-1842 і Адыгеі. Колькасьць насельніцтва, па розных адзнаках, складала ад 500 тыс. да 1 мільёна чалавек. Агулам, Каўкаскі Імамат праіснаваў 30 гадоў, ад 1829 да 1859.

Здача Шаміля ў ауле Гуніб

У 1877-1878, падчас Расейска-турэцкае вайны, новым імамам Каўказу быў абвешчаны Алібэк-Хаджы. Ён распачаў спробу аднавіць імамат, але паўстаньне чачэнцаў было задушанае й у 1878 Алібэк-Хаджы быў павешаны ў Грозным.

Нізам Шаміля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нізам (ад араб. - дысцыпліна) - збор законаў у Паўночна-Каўкаскім Імамаце, што рэгулявалі практычна ўсе сфэры грамадзкага жыцьця: вайсковую, адміністрацыйную, судовую, фінансавую. Нізам засноўваўся на мусульманскім праве - шарыяце, асобныя часткі якога Шаміль разьвіў і ўдакладніў у дачыненьні да патрабаў дзяржавы й яе грамадзянаў. Усе астатнія законы й адаты, што супярэчылі нізаму, былі скасаваныя.

Нізам быў кадыфікаваны й зацьверджаны ў якасьці асноўнага закону Паўночна-Каўкаскага Імамату пры імаме Шамілю ў 1839-1841. Да таго часу ўсе судовыя й адміністрацыйныя рашэньні прымаліся мясцовымі судзьдзямі непасрэдна на падставе Кур’ану й Суны.

Кіраваньне імаматам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На чале дзяржавы стаяў імам - духоўны кіраўнік абшчыны, амір аль-муміні ("кіраўнік прававерных"), галоўнакамандуючы войскам, вярхоўны судзьдзя. Найважныя справы дзяржавы абмяркоўваў заснаваны Шамілём у 1841 Дыван-хана (Дзяржаўная рада). "Шаноўнымі чальцамі" рады былі мулы, алімы (знаўцы ісламу), аўтарытэтныя наібы. Лік сталых чальцоў складаў 6 (па іншых дадзеных 2) чалавек. Максымум - 32.

Імам кіраваў дзяржавай пры дапамозе наібаў (намесьнікаў). Іх функцыі складаліся ў мабілізацыі войскаў, арганізацыі вайсковых паходаў, у будаўніцтве й утрыманьні абарончых будынкаў і дарогаў, у судовым разглядзе важных справаў (аднак сьмяротныя прысуды наібаў падлягалі сьцьвярджэньню самім імамам). Разбор справаў, зьвязаных з шарыятам, ажыцьцяўляўся муфтэямі й падпарадкаванымі ім кадыямі. Муфтэі, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся галоўнаму кадыю, які быў першым пасьля імама рэлігійным аўтарытэтам. Наібствы карысталіся шырокай аўтаноміяй, а самі наібы валодалі велізарнай уладай. Аднак яна не была бязьмежнай: калі людзі былі незадаволеныя пастаўленым над імі наібам або, калі наіб трываў сур'ёзную паразу ў бітве, то імам звычайна ссоўваў яго з пасады. Пад кіраўніцтвам наібаў знаходзіліся пятісотнявыя, сотнявыя й дзясяцкія - камандзіры ў ваенны час і нізавыя адміністратары ў мірны. Найболей аўтарытэтныя наібы мелі званьне мудыр і кіравалі іншымі наібамі. Мудырами былі такія вядомыя наібы як Хаджы-Мурат, Ташу-Хаджы, Кібіт-Мухамэд і інш.

Войска Імамату[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры Шамілю было створанае падабенства рэгулярнага войска - муртазэкі (коньніца) і нізамі (пяхота). У звычайны час колькасьць войскаў Імамату складала да 15 тыс. чалавек, максымальная колькасьць пры татальным зборы - 40 тыс. Артылерыя Імамату налічвала 50 гарматаў, вялікая частка якіх былі трафэйнымі (з цягам часу горцы стварылі ўласныя заводы па вытворчасьці гарматаў і снарадаў якія, праўда, саступалі прадукцыі эўрапейскае й расейскае прадукцыі).

Унутраная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імам Шаміль увёў эфэктыўную падатковую сыстэму, сістэму аплаты службоўцаў і кантролю над іхнай дзейнасьцю. Былі ў Імамаце сакрэтная служба (таемная паліцыя), і асабістая ахова імама. Былі сыстэма ўзнагародаў і сыстэма пакараньняў - ад штрафу і знакаў ганьбы да пакараньня сьмерцю. Існавала й уласная "Сыбір" - "аул бяз сонца" Чэтль у горным Дагестане. Таксама неабходна адзначыць, што Шаміль і яго папярэднікі надавалі вялікае значэньне разьвіцьцю адукацыі. Па загадзе імама ў кожным ауле павінна было быць мэдрэсэ. Commons-logo.svg  Паўночна-каўкаскі імаматсховішча мультымэдыйных матэрыялаў