Пераклады Бібліі на польскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аркуш з Флярыянскай псалтыры (XIV стагодзьдзе)
Аркуш з каталіцкай Бібліі каралевы Соф’і (1455)
Старонка з пратэстанцкай Берасьцейскай Бібліі (1563)
Тытульная старонка каталіцкай Бібліі Якуба Вуйка (1599)
Тытульная старонка пратэстанцкай Гданьскай Бібліі (1632)
Разварот сучаснага выданьня пратэстанцкай Гданьскай Бібліі (1959)
Пераклады Бібліі Чэслава Мілаша (19771989)

По́льскія перакла́ды Бі́бліі, як і ў іншых хрысьціянскіх краінах, былі адной з найістотнейшых галінаў пісьменства.

Першыя вядомыя спробы перакладу біблійных тэкстаў на польскую мову адносяцца да XIII стагодзьдзя, а поўны пераклад зьдзейсьнены ў XVI стагодзьдзі.

У цяперашні час афіцыйным і найбольш папулярным перакладам у Польшчы зьяўляецца Біблія тысячагодзьдзя, падрыхтаваная да тысячагодзьдзя хрышчэньня Польшчы (966).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднявечныя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскія пераклады поўнае Бібліі зьявіліся параўнальна позна, і да нашых часоў не дайшоў ніводзін з рукапісаў перакладу Бібліі або Новага Запавету. Аднак засталіся сьляды існаваньня польскіх перакладаў, датаваных ужо XIII стагодзьдзем — сярод іх між іншага пераказ пра «Псалтыр» 1280 року, перакладзеную для каралевы Кінгі, які, аднак, не захаваўся[1][2].

Тэкст гэтае Псалтыры цягам двух з паловай стагодзьдзяў згадваўся ў асабістых сьпісах, пастаянна прыстасоўваўся да практычнага ўжытку і выпраўляўся. Найстарэйшы пераклад, што захаваўся — «Псалтыр каралевы Ядвігі» (каля 13951405) — лічыцца сьпісам (копіяй) «Псалтыры сьвятой Кінгі». Рукапіс таксама называны «Флярыянскай псалтырай» паводле месца свайго стварэньня — манастыр сьвятога Флярыяна ля Лінцу[1][3][4].

Вядома яшчэ некалькі сьпісаў «Псалтыры сьвятой Кінгі»: «Пулаўская псалтыр» 2-й паловы XV стагодзьдзя і «Кракаўская псалтыр», званая таксама «Псалтырай Ветара» 1470 року, пазьней двойчы перавыдадзеная ў Кракаве Геранімам Ветарам у 1532 і 1535. Фрагмэнты перакладзеных на польскую мову або парафразаваных псальмаў таксама знойдзеныя ў «Карце Сьвідзінскага», «Малітвах Вацлава» ці «Вігіліях за памерлых людзей».

Захаваліся шмат фрагмэнтаў, якія дазваляюць меркаваць, што прынамсі Эвангельлі мусілі быць перакладзеныя на польскую мову ўжо ў XV стагодзьдзі, што адкрыў прафэсар Аляксандар Брукнэр. Гэтую тэзу таксама пацьвярджаюць гэтак званы «Эвангеляж» са збораў Бібліятэкі ардынацыі Замойскіх у Варшаве, «Эвангеляж Яна Сандэцкага», надрукаваны праўдападобна ў 15261527 роках, «Пшэмыскія разважаньні» XVXVI стагодзьдзяў, рукапіс якіх амаль цалкам зьмяшчае Эвангельле паводле Мацьвея, злучанае зь іншымі Эвангельлямі. Пра існаваньне сярэднявечнага перакладу Новага Запавету ўскосна сьведчыць таксама выдадзены ў 1556 і 1558 роках у кракаўскай афіцыне Шафэнбэрга гэтак званы «Новы Запавет Шафэнбэрга», у тэксьце якога бачныя ўплывы сярэднявечнага ананімнага перакладніка. Польскі мовазнаўца Ян Янаў вылучыў тэзу пра існаваньне прынамсі двух сярэднявечных перакладаў Эвангельля. Аднак ніводзін з перакладаў не дайшоў да цяперашняга часу, і захаваліся толькі ўрывак Эвангельля паводле Лукі (1,45—51) і фрагмэнт Эвангельля паводле Мацьвея (разьдзел 25), датаваныя прыкладна 1450 рокам.

Гісторык Станіслаў Сарніцкі (15321595) паведамляў, што ў Польшчы даўней Біблія мелася толькі ў трох месцах: у караля, у арцыбіскупа і ў доме Астрарогаў. Адзіны вядомы рукапіс, верагодна цэлай Бібліі, датаваны II паловай XV стагодзьдзя, носіць назву «Біблія каралевы Соф’і» або «Шарошпатацкая Біблія». Вядомыя таксама некалькі іншых фрагмэнтаў польскіх перакладаў, да якіх залічаныя фрагмэнт Кнігі Роду, Кнігі Выхаду і Сьвятарскай кнігі, а таксама гэтак званая «Эвангельская гармонія».

Поўныя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя поўныя пераклады Бібліі на польскую мову зьявіліся ў часы Рэфармацыі. Гэта былі непасрэдныя пераклады з арыгінальных моваў: іўрыту, арамэйскай і грэцкай. Імі сталі кальвінская «Берасьцейская Біблія» (таксама вядомая як Радзівілаўская) 1563 року (першы пераклад поўнай Бібліі з арыгінальных моваў), арыянская «Нясьвіская Біблія» 15701572 і лютаранска-кальвінская «Гданьская Біблія» (1632). Першы поўны пераклад у каталіцкай традыцыі (з лацінскага перакладу XV стагодзьдзя) завецца «Бібліяй Леапаліты» ці Шафэнбэргаўскай (1561).

Да нядаўняга часу шматвекавой папулярнасьцю карысталіся каталіцкая «Біблія ксяндза Вуйка» (Новы Запавет — 1593, Псальмы — 1596, цалкам выдадзеная ў 1599) і пратэстанцкая «Гданьская Біблія».

На пераломе XIXXX стагодзьдзяў зьявіўся новы пераклад Торы і большасьці кніг Старога Запавету, перакладзены з арыгінальных моваў Ісаакам Цылкавым. Да Цылкава ў 1891 року ў Вене быў выдадзены пераклад юдэйскай Бібліі «Сьвятое Пісаньне ўсяго Старога Запавету жыдоўскае і польскае».

Сучасныя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каталіцкія пераклады, выканананыя з арыгінальных моваў, зьявіліся толькі ў другой палове XX стагодзьдзя. Першым зь іх была «Біблія тысячагодзьдзя», якая перакладалася пад кіраўніцтвам бэнэдыктынцаў з Тынцу. Першае выданьне гэтага перакладу зьявілася ў 1965 року.

У 1975 зьявіўся новы пераклад Бібліі, выдадзены Брытанскім і замежным Біблійным таварыствам. Гэты пераклад вядомы як «Варшаўская Біблія», цяпер гэта найпапулярнейшая Біблія ў эвангельскіх і эвангелісцкіх колах.

Таксама ў 1975 зьявілася поўнае выданьне Познанскай Бібліі.

У перакладзе Бібліі спрабавалі свае сілы некаторыя літаратары, сярод якіх Артур Сандаўэр (пераклаў Кнігу Роду), Чэслаў Мілаш (Псальмы, Песьня песьняў, Кніга Ёва) і Раман Брандштэтэр (Кніга Ёва, Псальмы).

Вядзецца праца над першым на польскай мове экумэнічным перакладам Сьвятога Пісаньня: Экумэнічнай Бібліяй. У працы бяруць удзел дваццаць перакладнікаў з сямі цэркваў, а кансультуюць агулам адзінаццаць цэркваў. Пакуль выдадзены Новы Запавет і Псалтыр.

У 2006 року скончаны першы паваенны юдэйскі пераклад Торы, зьдзейсьнены рабінам доктарам Сахам Пэцарыцам.

У 2008 року выйшаў падрыхтаваны Таварыствам Сьвятога Паўла пераклад, вядомы як Біблія паўлітаў.

Існуюць адаптацыі Новага Запавету на рэгіянальныя гаворкі або пэўныя жаргоны мовы:

Рада польскай мовы падвяргае адаптацыі гэтых тыпаў рэзкай крытыцы. Падкрэсьліваецца, што ў дадзеных выпадках тэрмін «пераклад» не адпавядае тэрміналёгіі, прынятай у Каталіцкай царкве, якая паводле рашэньня Другога Ватыканскага сабору называе такімі толькі пераклады з арыгінальных моваў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Witold Taszycki. Najdawniejsze zabytki języka polskiego. — Zakł. Narod. im. Ossolińskich, 1975. — С. 61.
  2. ^ Polskie tłumaczenia Biblii (пол.) Biblia.Wortale.net Праверана 24 лютага 2013 г.
  3. ^ James Hastings. A Dictionary Of The Bible: Supplement — Articles. — The Minerva Group, Inc., 2004. — С. 418. — ISBN 978-1-4102-1730-1
  4. ^ Bernard Wodecki. Polish Translations of Bible // Interpretation der Bibel / Jože Krašovec. — Continuum International Publishing Group, 1998. — С. 1232. — ISBN 978-1-85075-969-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]