Пераклады Бібліі на славенскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тытульны аркуш Далмацінавай Бібліі

Першыя перакла́ды Бі́бліі на славе́нскую мо́ву зьявіліся ў XVI стагодзьдзі. Першым перакладнікам стаў першадрукар Прымаж Трубар, які пераклаў Новы Запавет. У 1584 року выйшаў першы пераклад поўнай Бібліі. З тае пары зьявілася мноства іншых перакладаў, сьпярша пратэстанцкіх, пазьней каталіцкіх, а за імі й экумэнічных.

Крайнаўскі рэфарматар Прымаж Трубар пачаў свае пераклады выданьнем у 1555 року ў нямецкім Ройтлінгене «Эвангельля паводле Мацьвея». У 1557 у Тубінгене выйшла першая частка Новага Запавету, у 1560 — другая, у 1566 року былі надрукаваныя Псальмы, у 1577 — рэшта Новага Запавету. Цалкам Новы Запавет быў перавыдадзены ў 1582. Пераклады Трубара прызначаліся для пратэстанцкіх вернікаў.

Вучань Трубара Юры Далмацін пераклаў Стары Запавет і ў 1584 року ў Вітэнбэргу выдаў поўную Біблію на славенскай мове.

У 1771 Штэван Кюзьміч надрукаваў у Гале-на-Заале Новы Запавет(sl) на прэкмурскай гаворцы для вугорскіх славенцаў. У 1796 Міклаш Кюзьміч выдаў каталіцкую вэрсію Бібліі («Szvéti evangyeliomi, Summa sztároga i nouvoga testamentoma szvéte histórie»(sl)). На прэкмурскую мову асобныя кнігі Бібліі перакладалі таксама Аляксандар Тэрплан(sl), Янаш Кардаш(hu), Штэван Сэлмар(sl), Пэтэр Колар(sl) ды Янаш Слэпэц(sl).

У 1784 у Любляне выйшаў пераклад асобных кнігаў Новага Запавету для выкарыстаньня ў каталіцкай царкве, зьдзейсьнены з Вульгаты рознымі асобамі. Другая частка Новага Запавету выйшла ў 1786, у 1791—1802 быў выдадзены каталіцкі Стары Запавет.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады Бібліі на славенскую мовусховішча мультымэдыйных матэрыялаў