Пераклады Бібліі на эспэранта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пераклад поўнае Бібліі на эспэранта, зьдзейсьнены каталіцкімі і пратэстанцкімі эспэрантыстамі (2006)

Зьяўленьне перакла́даў Бі́бліі на эспэра́нта мела вялікае значэньне дзеля прызнаньня гэтае мовы жывою. Наяўнасьць на эспэранта такое грунтоўнае працы, як пераклад Бібліі, надало ёй статус дамінуючай штучнай мовы ў параўнаньні зь іншымі. Добры пераклад Бібліі дапамог ня толькі ў пашырэньні зацікаўленьня ў эспэранта, але й пацьвердзіў патэнцыял мовы ў экспрэсыўнасьці. І вядома ж, пераклад Бібліі на эспэранта ўжываецца ў набажэнствах на гэтай мове.

Заснавальнік эспэранта Людвік Замэнгоф пераклаў на яе ўсю юдэйскую Біблію. Ягоны пераклад быў высока ацэнэны эспэрантыстамі і лічыцца прыкладам для іншых перакладнікаў і аўтараў на эспэранта. Пазьней зьявіліся пераклады Новага Запавету і апокрыфаў.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля перакладу Новага Запавету была створаная камісія на чале з брытанскім сьвятаром і двума навукоўцамі. Пераклад быў завершаны ў 1910 і выдадзены ў 1912 року. У аснову перакладу ўзятая Біблія караля Якуба, таму Новы Запавет на эспэранта бліжэй да Textus Receptus, чымся да больш сучасных тэкстаў, заснаваных на раней невядомых старажытнагрэцкіх рукапісах.

Таксама камісія займалася рэдагаваньнем замэнгофавага перакладу юдэйскае Бібліі для перавыданьня Брытанскім і замежным біблійным таварыствам.

Стары Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да сакавіка 1915 Замэнгоф пераклаў на эспэранта ўсю мазарэцкую Біблію (Стары Запавет). Лічыцца, што ён карыстаўся нямецкім перакладам Пяцікніжжа 1783 року і камэнтарам Мозэса Мэндэльсона, дзе нямецкія словы былі запісаныя гэбрайскімі літарамі, а таксама Расейскім сынадальным перакладам[1], які характарызуецца архаічнаю лексыкай і царкоўнаславянскай граматыкай.

Аднак Людвік Замэнгоф ня стаў адсылаць свой рукапіс у брытанскую Біблійную камісію, паколькі цэнзура не прапусьціла б тэксту, напісанага на эспэранта, пра што і паведаміў у сваім лісьце па-француску прэзыдэнту камітэту, эспэрантысту Джону Кіпрыяну Расту. Ягоны пераклад трапіў у Брытанію толькі па сканчэньні вайны, ужо праз два гады па сьмерці перакладніка.

Лёнданская Біблія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1919—1926 Біблійная камісія вычытвала і выпраўляла тэкст, прыстасоўваючы мову Новага Запавету да старазапаветнае (з пункту гледжаньня пратэстанцкае царквы). Фінансавую падтрымку аказалі дзьве квакеркі, сёстры Прысцыла (1833—1931) і Альгерыне Пэковэры (1841—1927). Пераклад Бібліі паводле пратэстанцкага канону, вядомы на эспэранта як Londona Biblio, быў выдадзены ў 1926.

Сучасныя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваная ў 1960-я рокі эспэрантысцкая арганізацыя «Internacia Asocio de Bibliistoj kaj Orientalistoj», якая займаецца біблеістыкай і ўсходазнаўствам, зладзіла спробу стварыць новы, экумэнічны пераклад Бібліі. Аднак у выніку выйшла толькі адна кніга Лічбаў у перакладзе Герыта Бэрвэлінга («Nombroj», 1999). Тым ня меней, доктар Бэрвэлінг, багаслоў Нідэрляндзкай вольнай царквы і мовазнаўца, пераклаў большую частку Новага Запавету, адышоўшы ад сынтаксычна звышлітаральных ухілаў вэрсіі Брытанскага і замежнага біблійнага таварыства.

Чатыры Дабравесьці ў перакладзе Бэрвэлінга былі выдадзеныя ў Бразыліі ў 1992 року ў чатырох тамох пад агульным назовам «La bona mesaĝo de Jesuo» («Добрая вестка Ісуса»); у чацьверты том уключаная сымфонія да ўсіх чатырох Дабравесьцяў. Выдавец таксама пачаў выданьне ўсяго перакладу Бэрвэлінга, у 2004 апублікаваўшы першую кнігу «Leteroj de Paŭlo kaj lia skolo» («Пасланьні Паўла і ягоная школа»), куды ўвайшлі ўсе пасланьні Паўла. Астатнія кнігі выдаў ужо сам Герыт Бэвэрлінг у сваім уласным выдавецтве ў Нідэрляндах пад агульнай назваю «Flanke je Jesuo» («На баку Ісуса», 2010).

Другакананічныя кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 2001 Бэрвэлінг пераклаў на эспэранта і выдаў тры тамы другакананічных кніг («La duakanonaj libroj»). Тэксты зь першых двух тамоў, прызнаваныя ў праваслаўнай, каталіцкай і лютэранскай цэрквах, былі ўключаныя ў выдадзеную праз два гады эспэранцкую Біблію.

Усходне-заходняя сэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 экумэнічная камісія Міжнароднага зьвязу каталіцкіх эспэрантыстаў (IKUE) і Міжнародная ліга хрысьціянскіх эспэрантыстаў (KELI) выдала новую рэдакцыю перакладу Бібліі з лацінскае Вульгаты, якая цяпер увайшла ў «Serio Oriento-Okcidento» Сусьветнай асацыяцыі эспэранта, сэрыі з прыкладна 50 твораў на эспэранта, запачаткаваных як частка праекту ЮНЭСКО па ўзаемапаразуменьні ўсходніх і заходніх культурніцкіх вартасьцяў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Arieh ben Guni, «Recenzo: La Esperanta traduko de la Malnova Testamento» («Review: The Esperanto translation of the Old Testament») in La nica literatura revuo no. 5, pp. 194—197. Accessed 20 October 2012.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]