Пераклады Бібліі на ўкраінскую мову

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Старонка Перасопніцкага Эвангельля.

Пераклады Бібліі на ўкраінскую мову (па-ўкраінску: Переклади Біблії українською мовою) — пераклады Бібліі, выкананыя ў розныя гістарычныя пэрыяды рознымі аўтарамі з мэтаю перакладу на ўкраінскую мову.

Першым украінскім перакладам біблійных тэкстаў ва ўкраінскай гістарыяграфіі лічацца пераклады Эвангельля (напрыклад Перасопніцкае Эвангельле ды іншыя) на канцылярскую мову часоў ВКЛ, што вынікае з таго, што гэтая мова ва ўкраінскай гістарыяграфіі пазначаецца тэрмінам стараўкраінская мова (па-ўкраінску: староукраїнська мова).

Пераклад Новага Запавету Піліпа Марачэўскага, выкананы ў 1860 годзе, але забаронены паводле Валуеўскага цыркуляра(uk), быў выдадзены ў 1906 годзе. Вядомыя таксама пераклады Эвангельля сьвятароў прафэсара Яраслава Лявіцкага (1921 год), Міхайла Краўчука (1937 год) ды Тэадосія Галушчынскага (1946 год).

Першы поўны пераклад Сьвятога Пісьма распачаў у 1860 годзе Панцеляймон Куліш, але рукапіс згарэў падчас пажару. Другога разу ён распачаў яго разам зь Іванам Пулюем (яму належыць пераклад Псалтыру) паводле грэцкага тэксту Novum Testamentum Graece, Coloniae Agrippinae 1866, typis W. Hassel. Ім дапамог Іван Нячуй-Лявіцкі, які пераклаў Кнігу Руты, першую ды другую Кнігу Параліпамэнон, Кнігі Эзры, Нэеміі, Эстэры ды Прарока Данііла. Пераклад выйшаў у сьвет у студзені 1904 року.

Другі поўны пераклад Бібліі належыць мітрапаліту Ілярыёну (Івану Агіенку). У пачатковай рэдакцыі пераклад чатырох Эвангельляў ён выканаў, пражываючы ў Галіччыне (19221926) у месьце Віньнікі (цяпер падпарадкаванае Львоўскай мескай радзе) ды Львове. Стары Запавет перакладзены з габрэйскага тэксту «Biblia Hebraica», а Новы — паводле грэцкага тэксту «Novum Testamentum Graece» пад рэдакцыяй Эбэргарда Нэстле. Поўны пераклад Бібліі скончаны ўлетку 1940 року (апублікаваны ў чэрвені 1962 году). Трэці пераклад належыць грэка-каталіку Івану Хамэнку, чацьвёрты — Рафаілу Турканяку.

Першыя пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз тое, што ва ўкраінскай гістарыяграфіі канцылярская мова часоў ВКЛ пазначаецца тэрмінам стараўкраінская мова, ва ўкраінскай гістарыяграфіі лічыцца, што першы пераклад выкананы ў валынскіх манастырох архімандрытам Рыгорам, гэта — Перасопніцкае Эвангельле (15561561 гады). Пазьнейшым часам датуюцца Эвангельлі: Цяпінскага (15701580), Жытомірскае (1571), Негалеўскага (1581), Літкаўскае (1595) ды іншыя. Зазначаныя пераклады базаваліся на лютэранскім тэксьце Новага Запавету Сэклюцыяна 1533 году, Сымона Буднага 1570 году ды іншых. Асобныя ўрыўкі пераклаў Янікі Галятоўскі (1688 год).

Адзін зь першых перакладаў асобных частак Бібліі сучаснай украінскай літаратурнай мовай быў зьдзейсьнены толькі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя. На гэтую надзвычай складаную працу адважыўся Піліп Марачэўскі — інспэктар Нежынскае гімназіі вышэйшых навукаў князя В. Безбародзькі.

У 1853 годзе Марачэўскі падаў на разгляд Імпэратарскай акадэміі навук створаны ім на базе палтаўскага вымаўленьня «Словарь малороссийского языка». Працуючы над Слоўнікам, ён пераканаўся, што ўкраінская мова, амаль поўнасьцю выцісканая за тымі часамі са школы, мае практычна неабмежаваны запас словаў. Гэта падштурхнула Марачэўскага на думку перакласьці на ўкраінскую мову Новы Запавет — мова цалкам гэта дазваляла. Марачэўскі бярэцца за пераклад, разумеючы пры гэтым, што пасьля заканчэньня перакладу на яго чакаюць сур’ёзныя праблемы з выданьнем. Таму ён вырашыў атрымаць падтрымку ўплывовых людзей царквы загадзя, для чаго зьвярнуўся да Мітрапаліта Ісыдора: «…Пераклад на маларасейскую мову Эвангельля бессумнеўна прынёс бы даволі важную карысьць нашаму рэлігійнаму народу. З гэтаю мэтай я распачаў пераклад Эвангельля на маларасейскую мову, зьвяраючы славянскі тэкст з тэкстам расейскім, на лаціне, нямецкім, францускім і польскім…». Мітрапаліт Ісыдор адказаў Марачэўскаму катэгарычнай адмовай: «Пасьля нарады з Найсьвяцейшым Сынодам паведамляю вам, што пераклад Эвангельля, зроблены вамі ці кім-небудзь яшчэ, ня можа быць дапушчаны да друку». Але Піліп Марачэўскі працягваў працу, спадзеючыся цяпер толькі на цуд. Пераклад чатырох Эвангельляў Новага Запавету на ўкраінскую мову ён скончыў увосень 1861 году («Дзеяньні Апосталаў», «Апакаліпсыс», «Псалтыр» былі перакладзеныя пазьней).

Натхнёны надзеямі, Піліп Марачэўскі прадставіў свой пераклад на разгляд Акадэміі навук. Яго рэцэнзуюць вядомыя спэцыялісты-акадэмікі й робяць выснову: «Эвангельле, перакладзенае на маларасейскую мову Марачэўскім, ёсьць у вялікай ступені знамянальнай працай, як і з навукова-філялягічнага погляду, так і з рэлігійна-маральнага… Якасьць, характар словаў і якасьць словазлучэньняў украінскіх нідзе не скажае ані сутнасьці, ані зьместу думак… Без усялякага сумневу, пераклад Марачэўскага патрэбна з пазытыўным водгукам Акадэміі падаць на ўхваленьне Найсьвяцейшаму Сыноду ды прасіць яго дазволіць адправіць рукапіс да друку». Сынод, не давяраючы думцы Акадэміі, пасылае пераклад на дадатковае рэцэнзаваньне. Водгукі зноў пазытыўныя. Але насуперак усім станоўчым водгукам, друкаваньне перакладаў Марачэўскага ўлада катэгарычна забараніла.

Пра Піліпа Марачэўскага ўспомнілі толькі пасьля рэвалюцыі 1905 году(be), пасьмяротна. Тады Акадэмія навук вырашыла рэкамэндаваць да друку ў Маскоўскай сынадальнай друкарні «Чацьвёраэвангельле» на ўкраінскай мове. Увесну 1906 року пераклад выйшаў у сьвет, яго першы тыраж (5 000 экзэмпляраў) разышоўся імгненна і амаль адразу пачалося дадруковаўньне ў сотнях тысячаў экзэмпляраў. Аднак прозьвішча аўтара перакладу ў кнігах ня ўказвалася. «Чацьвёраэвангельле» выдавалася таксама ў 1914 і 1917 гадох і нават ужывалася (нетрывалы час) у службах Праваслаўнае царквы ва Ўкраіне. За мяжою пераклад быў выдадзены ў 1948 (Канада) і 1966 гадох (ЗША) — украінская дыяспара ацаніла пераклады Марачэўскага. У 1988 годзе новая, выпраўленая, рэдакцыя тэксту была выдадзеная ва Ўкраіне па бласлаўленьні Маскоўскага патрыярха Пімэна.

Агульная характарыстыка поўных перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гэты час існуе шэсьць поўных (якія ўлучаюць як Стары Запавет так і Новы Запавет) перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову. Гэта:

Розная колькасьць кнігаў у перакладзе Бібліі на ўкраінскую мову абумоўленая выкарыстаньнем розных Біблейскіх канонаў, якія выкарыстоўваліся тым ці іншым аўтарам падчас перакладу. Так, Біблія ў перакладзе Пантэлеймона Куліша, Івана Пулюя, Івана Нэчуй-Лэвыцкага, Біблія Івана Агіенкі, Біблія Аляксандра Гыжы адпавядае канону пратэстанцкіх цэркваў. Біблія ў перакладзе Івана Хамэнкі адпавядае канону Рыма-Каталіцкае царквы. Біблія ў перакладзе Філарэта адпавядае канону Праваслаўнае царквы. Біблія ў перакладзе Турканяка часткова адпавядае канону Праваслаўнае царквы (адсутная толькі адна кніга).

Пераклад Пантэлеймона Куліша, Івана Пулюя, Івана Нэчуй-Лэвыцкага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы поўны пераклад Бібліі на ўкраінскую мову ажыцьцявіў Пантэлеймон Куліш. Сваю працу ён распачаў у 60-х гадох ХІХ ст. Да яго далучыўся Іван Нэчуй-Лэвыцкі. У 1869 годзе яны прыцягнулі да перакладу Івана Пулюя, які быў вядомым навукоўцам-фізыкам і меў глыбокія веды па багаслоўі.

У 1881 годзе Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі публікуе ў Львове Новы Запавет паводле іхняга перакладу, праца над Старым Запавет яшчэ працягвалася. Між тым, падчас пажару на Кулішавым хутары Матраніўка ў 1885 годзе згарэў рукапіс перакладу Старога Запавету. Перакладчыкі зноў пачынаюць працаваць над перакладам Старога Запавету з самога пачатку. Пераклад быў скончаны Іванам Пулюем, ужо пасьля сьмерці Пантэлеймона Куліша.

Толькі ў 1903 годзе Брытанскае ды замежнае біблейскае таварыства выдае першую поўную ўкраінскую Біблію («Сьвятое пісьмо Старога й Новага Завету») у перакладзе П. Куліша, І. Нэчуя-Лэвыцкага ды І. Пулюя.

Біблія ў перакладзе Куліша, Пулюя ды Нэчуя-Лэвыцкага перавыдавалася ў 1912 годзе (у Вене), у 1921 ды 1930 гадох (у Бэрліне) ды ў 1947 годзе (у Нью-Ёрку й Лёндане). На тэрыторыі ЎкраіныКіеве) Кулішавы пераклад упершыню быў выдадзены толькі ў 2000 годзе.

Пераклад Івана Агіенкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кулішавы пераклад Сьвятога Пісьма быў першым, але не апошнім. Гістарычныя падзеі (Першая сусьветная вайна, падзеньне манархіі, рэвалюцыі) стварылі рэальныя перадумовы новага ўздыму нацыянальна-вызвольнага руху ва Ўкраіне, што надала ўкраінцам магчымасьць ня толькі паспрабаваць аднавіць сваю незалежнасьць, але й скарыстацца нагодаю, каб вольна размаўляць, разважаць ды тварыць на роднай мове. Ужо празь некалькі няпоўных дваццаць гадоў пасьля выхаду ў сьвет першае ўкраінскае Бібліі прафэсар Іван Агіенка, які зьяўляўся міністрам адукацыі ды веравызнаньняў УНР, распачаў другі пераклад. Беспасярэдняя праца над перакладам працягвалася з 1917 па 1940 год. Іван Агіенка адзначаў: «…Мы надзвычай патрабуем такога перакладу Бібліі, які быў бы зроблены на сучаснай літаратурнай усеўкраінскай мове. Перакласьці цэлую Біблію — а ў першую чаргу Новы Запавет трэба на такую літаратурную мову, якая стала б узорам бадай на першыя пяцьдзясят гадоў. Мусім мець пераклад, які стаў бы найлепшым падручнікам вывучэньня ўкраінскае мовы. Бяз гэтага нармальнае разьвіцьцё нашае літаратурнае мовы ня мецьме так ёй патрэбнага „краевугольнага каменя“, бо патрэбна, каб і сялянскія масы — галоўны чытач Сьв. Пісьма — прызвычайваліся да добрае літаратурнае мовы. Такі пераклад трэба выдаць з пазначэньнем націскаў — каб кожны мог чытаць яго насамрэч па-літаратурнаму».

Менавіта праз гэтую мэту Іван Агіенка паставіў перад сабою два самыя галоўныя заданьні: найбольш дакладна перадаць зьмест арыгіналу, клапоцячыся перадусім пра зьмястоўную дакладнасьць цэлага шэрагу шматзначных словаў, і забясьпечыць пераклад на сучасную літаратурную мову. Праца стала больш жвавай пасьля таго, як Брытанскае біблейскае таварыства склала пагадненьне зь перакладчыкам наконт выданьня кнігі ў 1936 годзе.

Першы, нязначны тыраж перакладзеных Агіенкам чатырох Эвангельляў (паводле Лукі, паводле Марка, паводле Мацьвея, паводле Яна) выйшаў у 1937 годзе ў Львове, у 1939 годзе, у Варшаве, дадрукаваны. Да гэтага выданьня была дададзеная яшчэ Кніга Псальмаў. Пераклад усёй Бібліі быў скончаны 11 ліпеня 1940 году, аднак праз абставіны вайсковага становішча яе не атрымалася запусьціць у працу да друкарні. Між тым праз два гады выйшла другая частка Бібліі — Новы Запавет, Кніга Псальмаў была дадрукаваная яшчэ раз. У гэтым разе ў Фінляндыі, дзякуючы захадам Стакгольмскага таварыства распаўсюджваньня Эвангельля ў Расеі.

У 1955 годзе Біблейскае таварыства прыняла рашэньне рыхтаваць да друку Агіенкаў пераклад Бібліі. Але гэтая праца была скончаная толькі празь сем гадоў. Том на 1529 старонак і з адцісьненым пазалотаю ўкраінскім загалоўкам выйшаў толькі ў 1962 годзе ў Лёндане. Адгэтуль менавіта гэты пераклады Івана Агіенкі стаў узорам для некалькіх пазьнейшых перавыданьняў, у прыватнасьці ў Маскве (1988 год), калі Маскоўскі патрыярхат прыняў рашэньне пра выданьне Бібліі на ўкраінскай мове ў гонар тысячагодзьдзя Хрышчэньня Русі.

Гэты пераклад шматразова перавыдаваўся ў Канадзе, ЗША, краінах Заходняе Эўропы. Ва Ўкраіне Біблія ў перакладзе паводле Івана Агіенкі ўпершыню была выдадзеная шматтысячным тыражом Украінскім Біблейскім Таварыствам у 1995 годзе. Біблія ў перакладзе паводле Івана Агіенкі зьяўляецца найбольш распаўсюджанай з усіх існых перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову.

Для лепшага разуменьня тэксту чытачом Іван Агіенка прапанаваў багаты апарат заўвагаў, спасылак, тлумачэньняў, што набіраліся асобным ад арыгінальнага тэксту шрыфтам (курсівам). Увесь лексычны шэраг падаецца з націскамі (паводле аналягаў зь нямецкімі, францускімі перавыданьнямі), што спрыяе ўдасканальваньню ведаў украінскае мовы. Яшчэ адной асаблівасьцю зьяўляецца падача тэксту Эвангельля не суцэльным фарматам, а зь перабіўкамі і загалоўкамі, аўтарства якіх належыць Агіенку. Напрыклад, загаловак «Родовід Ісуса Христа» злучае тэкст Сьвятога Пісьма ад пункта 1.1 да пункта 17. Далейшыя часткі тэксту падзеленыя па загалоўках:

  • «Мудреці сходу поклоняються Ісусові»
  • «Йосип та Марія втікають до Єгипту»
  • «Ірод побиває немовлят»
  • «Йосип та Марія вертаються до Назарету» і г. д.

Гэта ніяк нельга расцэньваць як вольнае зьвяртаньне з тэкстам. Дакладна прытрымліваючыся ягонай аўтэнтычнасьці, перакладчык прагнуў, абы як мага даступна зьмест кнігі ўспрымаў просты чытач, які, мажліва, упершыню брацьме ў рукі Сьвятое Пісаньне на роднай для сябе мове.

Пераклад Івана Хамэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці поўны пераклад Бібліі на ўкраінскую мову называюць «рымскім», паколькі перакладчык Іван Хамэнка (украінскі філёляг, сьвятар(be), біблеіст, знаўца клясычных ды сучасных моваў, доктар філязофіі ды багаслоўскіх навук) працаваў пераважна ў Рыме ды на высьпе Капры(be). Арганізацыя перакладу, падрыхтоўка тэксту і выданьне зьдзяйсьняліся пад эгідаю і беспасярэднім кантролем духоўнага кіраўніцтва Ўкраінскае Грэка-Каталіцкае царквы, якое знаходзілася за тымі часамі ў эміграцыі ў Італіі. Гэты пераклад выйшаў неўзабаве пасьля перакладу Івана Агіенкі (у 1963 годзе) у выдавецтве Айцоў Базылянаў у Рыме.

Пераклад Івана Хамэнкі абапіраўся на гэтак званыя масорэцкія («традыцыяналісцкія») тэксты. Гэта тэксты габрэйскіх перапісчыкаў Старога Запавету, якія ў сярэдзіне першага тысячагодзьдзя нашай эры дадалі да старажытнагабрэйскага альфабэту, што складаўся да гэтага з дваццаці зычных літараў, дзесяць галосных (датуль усе тэксты запісваліся толькі літарамі, што пазначаюць зычныя гукі) і, адпаведна, перапісалі ўвесь Стары Запавет. Масарэцкія тэксты вельмі спрасьцілі пераклад і зрабілі яго верагоднейшым. Другою крыніцай стала Біблія пад назвай «Сэптуагінта» — юдэйскі тэкст, перакладзены на грэцкую мову ў ІІ-ІІІ стагодзьдзях да н. э. на замову эгіпецкага (элінскага) цара Пталямэя Філядэльфа(be). У тыя часы гэты пераклад быў вельмі неабходным — тады габрэйская Эгіпту размаўляла пераважна на грэцкай мове. Сэптуагінта (пераклад «сямідзесяці тлумачоў») ва ўсе часы вельмі шанаваўся й шануецца сёньня біблеістамі ўсіх канфэсіяў. У прыватнасьці, гэтым грэцкім перакладам карыстаўся сьвяты Геранім, перакладаючы Стары Запавет на лацінуВульгата»). Таксама ў Сэптуагінце знаходзяцца кнігі Другога канону Бібліі, якія не прызнаюцца за межамі каталіцызму (гэта, у прыватнасьці, «Прамудрасьці Саламона», Прамудрасьці Ісуса, дзьве Кнігі Макавэйскіх ды іншыя). Калі вярнуцца да перакладу, значная частка працы Івана Хамэнкі заключалася ў тым, каб параўнаць тэксты розных крыніцаў, у прыватнасьці, параўнаць масарэцкія тэксты з Сэптуагінтай, якая была запісаная на шмат стагодзьдзяў раней за масарэцкія тэксты.

Што датычна Новага Запавету, то тут Іван Хамэнка выкарыстоўваў гэтак званыя крытычныя тэксты, рэканструяваныя на аснове супастаўленьняў з існымі найдаўнейшымі Эвангельлямі ды іншымі кнігамі Новага Запавету. За аснову ён узяў крытычны тэкст Новага Запавету, які ў шосты раз раз выдаў Папскі Біблейскі Інстытут. Усё гэта забясьпечвала высокі ўзровень перакладу.

Пераклад Філарэта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 верасьня 2004 году ва Ўкраінскай нацыянальнай інфармацыйнай агенцыі адбылося прадстаўленьне выданьня першага поўнага праваслаўнага перакладу Бібліі на ўкраінскую мову. Прадстаўляючы новы пераклад Бібліі Сьвяцейшы Патрыярх Філарэт быў падкрэсьліў, што гэта, зьдзейсьненае Кіеўскім Патрыярхатам, выданьне ёсьць першым поўным выданьнем Бібліі, якое ўлучае як кананічныя, так і некананічныя (другакананічныя) кнігі, а пераклад стаўся першым перакладам Бібліі на сучасную царкоўную літаратурную ўкраінскую мову.

Пераклад Новага Запавету, ажыцьцёўлены на пачатку сямідзясятых гадоў багаслоўскай камісіяй пад кіраўніцтвам тады яшчэ мітрапаліта Філарэта, упершыню быў выдадзены да Тысячагодзьдзя Хрышчэньня Русі-Ўкраіны ў 1988 годзе, а пазьней перавыдадзены Кіеўскім Патрыярхатам зь нязначнымі выпраўленьнямі тэксту, увайшоў у новае выданьне Бібліі ў нязьменым выглядзе, між тым пераклад Старога Запавету быў толькі фрагмэнтарным, бо падчас перакладу богаслужбовых кнігаў Сьвяцейшым Патрыярхам былі перакладзеныя толькі тыя яго часткі, якія ўжываюцца па Набажэнствах — Кніга Псальмаў ды асобныя разьдзелы зь Пяцікніжжа, прароцкіх ды іншых кнігаў. Як і пераклад Новага Запавету, пераклад старазаветных кнігаў быў зьдзейсьнены Патрыярхам Філарэтам з Сынадальнае Бібліі — перакладу Сьвятога Пісаньня на расейскую мову, які быў зьдзейсьнены ў другой палове ХІХ ст. чатырма Духоўнымі Акадэміямі й прызнанага Праваслаўнаю Царквой самым аўтарытэтным. Навогул праца па перакладзе была скончаная Патрыярхам у рэкордна кароткі тэрмін — пяць з паловаю месяцаў, да таго ж штодзень ён перакладаў па дзесяць частак Бібліі.

Пераклад Аляксандра Гыжы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклад Бібліі пісьменьнікам Аляксандрам Гыжам быў зьдзейсьнены ў пэрыяд 19972006 гадоў. Як адзначае сам аўтар перакладу, мова ўкраінскіх ды ня толькі ўкраінскіх Бібліяў наносіць значную шкоду і тэкстам Бібліі, і ўкраінскаму нацыянальнаму духу, які мусіў бы поўнасьцю прасякнуцца Божым Словам, але не сягае глыбіняў гэтае сьвятыні менавіта з прычынаў застарэлых выразных сродкаў, лексычных формаў ці канструкцыяў, словаў ды паняткаў, якія даўно ўжо ў пэўнай меры трансфармаваліся ў новыя словы-паняткі, або зьніклі ў нябыт.

Трапляліся ў згаданых перакладах (а таксама ў нязгаданых) выпадкі спрашчэньня сьвятых тэкстаў. З гэтае прычыны мусіў зьдзяйсьняць параўнальны аналіз-дасьледаваньне біблейскіх тэкстаў Сьвятога Пісаньня на мовах першакрыніцаў: на грэцкай — Стары й Новы Запаветы, на габрэйскай — Стары й Новы Запаветы, на ангельскай — гэтак званую Біблію караля Якуба пачатку XVII ст., на польскай — Новы Запавет. У працэсе працы над перакладам Бібліі на сучасную ўкраінскую мову пільна дасьледаваліся іншыя грэка-каталіцкія ўкраінамоўныя пераклады, у прыватнасьці, таксама завяршальная праца Пантэлеймона Куліша ў галіне перакладу Сьвятога Пісаньня, зьдзейсьненую Іванам Нэчуем-Лэвыцкім ды Іванам Пулюем.

Пераклад Рафаіла Турканяка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1975 годзе да Рафаіла Турканяка з просьбай стварыць пераклад Старога і Новага Запаветаў са славянскага тэксту зьвярнуўся Ёсіп (Сьліпы), а менавіта з Астроскае Бібліі. Праца над гэтым перакладам працягвалася больш за трыццаць гадоў. Пераклад Астроскае Бібліі выйшаў у 2006 годзе, за што ў 2007 годзе Рафаіл Турканяк быў уганараваны прысуджэньня Нацыянальнае прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі[1].

Думка пра неабходнасьць новага перакладу Бібліі (з арыгінальных грэцкіх тэкстаў, а не са славянскага тэксту, як гэта было з Астроскаю Бібліяй) на сучасную ўкраінскую мову ўзьнікла неўзабаве пасьля заснаваньня Ўкраінскага Біблейскага Таварыства — 1991 году, яе падаў першы прэзыдэнт Таварыства, доктар багаслоўскіх навук Якаў Духончанка, і горача падтрымалі тагачасны віцэ-прэзыдэнт УБТ, пісьменьнік Барыс Тымашэнка, генэральны сакратар УБТ Паўло Стаўнійчук і ўсе чальцы Цэнтральнага праўленьня УБТ першага складу. За ініцыятываю Праўленьня Таварыства зьвярнулася да кіраўнікоў усіх хрысьціянскіх Цэркваў, якія за тымі часамі ўваходзілі ў склад УБТ, за бласлаўленьнем на пераклад — першага Патрыярха Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы Кіеўскага Патрыярхату Мсьціслава (Скрыпныка), кіраўніка Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў-Баптыстаў Украіны, доктара багаслоўя Якава Духончанкі, старэйшага япіскапа Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскае Ўкраіны, пачэснага доктара багаслоўя Міколы Мэльныка, ды прэзыдэнта Царквы Хрысьціянаў Адвэнтыстаў Сёмага Дня ва Ўкраіне Міколы Жукалюка — і атрымала сардэчнае бласлаўленьне на пачатак новага поўнага ўкраінскага перакладу Бібліі з мовы арыгіналу.

Пасьля прагляду кандыдатураў мажлівых перакладчыкаў, Цэнтральнае праўленьне зацьвердзіла перакладчыкам сьвятара, доктара багаслоўя, прафэсара Рафаіла Турканяка, які ў сьнежні 1992 году распачаў працу над перакладам. У чэрвені 1995 году ім быў поўнасьцю скончаны даслоўны пераклад Новага Запавету, а ў ліпені 1997 году — Старога Запавету. Аднак наперадзе была велізарная праца па праверцы, рэдагаваньні ды ўдасканаленьні тэксту новага перакладу Бібліі.

З 1994 да 2003 году перакладніцкі напрамак дзейнасьці УБТ узначальваў другі віцэ-прэзыдэнт Таварыства, доктар філязофіі і багаслоўя, прафэсар Дзьмітры Стэпавык, які за даручэньнем Цэнтральнага праўленьня і тагачаснага прэзыдэнта УБТ Міколы Мэльныка прыцягнуў да праверкі ды рэдагаваньня новага перакладу знаўца старажытных клясычных моваў, у прыватнасьці старажытнагрэцкай, доктара філялягічных навук, прафэсара Лесю Звонскую-Дэнысюк, а таксама спэцыялістаў з Нацыянальнай Акадэміі навук ды ўнівэрсытэтаў Украіны.

Зь 2003 году праца над удасканаленьнем тэксту зьдзяйсьнялася ў Львове ў цесным супрацоўніцтве з а. Рафаілам Турканякам пад кіраўніцтвам наступных прэзыдэнтаў УБТ д-ра Анатоля Глухоўскага і д-ра Рыгора Камэнданта, а таксама генэральных сакратароў УБТ Рамана Воўка й Аляксандра Бабійчука. Беспасярэднюю адказнасьць за куратарства над перакладам зь 2003 году і да моманту выхаду яго ў сьвет узяў на сябе трэці віцэ-прэзыдэнт УБТ а. Васіль (Луцышын), які прыклаў усе намаганьні, абы гэтая праца зьдзяйсьнялася ў адпаведнасьці да найвышэйшых стандартаў якасьці й багаслоўскае дакладнасьці.

Зь 2000 году і да апошняга подыху гэтай справе прысьвяціў сваё жыцьцё галоўны рэдактар перакладу д-р Багдан Качмар (1949—2010), які самааддана й бяспынна працаваў над тым, каб кожнае перакладзенае слова як мага лепей перадавала арыгінальнае значэньне. Важны ўнёсак у рэдагаваньне ўнёс памочнік галоўнага рэдактара Паўло Смук. Актыўны ўдзел у рэдагаваньні бралі прафэсар Роджэр Кавасіні ды пачэсны чалец Праўленьня УБТ Мікола Жукалюк.

Значную кансультацыйную, куратарскую ды матэрыяльную дапамогу надавалі Аб’яднаныя Біблейскія Таварыствы. У прыватнасьці іхнія кансультанты — дасьведчаныя перакладчыкі Бібліі — д-р Дэвід Кларк, д-р Энтані Абэла і д-р Кіс дэ Блюа прыклалі значныя намаганьні да таго, каб пераклад быў ухвалены сусьветнай супольнасьцю і адпавядаў міжнародным стандартам па перакладзе Бібліі.

Навогул, да пасьпяховага ажыцьцяўленьня гэтага перакладу прыклаліся без вынятку ўсе хрысьціянскія цэрквы Ўкраіны. Чальцы Цэнтральнага праўленьня УБТ бралі ўдзел у кожным этапе падрыхтоўкі й рэдагаваньня перакладу. Нарэшце, кожны працоўнік і валянтэр УБТ сваёю самаадданай працай паспрыяў пасьпяховаму ажыцьцяўленьню гэтае надзвычай адказнае й пачэснае справы.

Толькі 21 чэрвеня 2011 году ў Кіеве адбылася прэзэнтацыя новага перакладу Бібліі на ўкраінскую мову са старажытнагрэцкай. Такім чынам, праца над новым перакладам Бібліі працягвалася прыблізна дваццаць гадоў[2].

Параўнаньне перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклад Пантэлеймона Куліша, Івана Пулюя, Івана Нэчуй-Лэвыцкага Пераклад Івана Агіенкі Пераклад Івана Хамэнкі Пераклад Філарэта Пераклад Аляксандра Гыжы Пераклад Рафаіла Турканяка
Буття 1

1. У початку сотворив Бог небо та землю.

Буття 1

1. На початку Бог створив Небо та землю.

Буття 1

1 На початку сотворив Бог небо й землю.

Буття 1

1. На початку створив Бог небо і землю.

Буття 1

1. На початку утворив Бог небо і землю.

Буття 1

1. На початку сотворив Бог небо і землю.

2. Земля ж була пуста і пустошня, і темрява лежала над безоднею; і дух Божий ширяв понад водами. 2. А земля була пуста та порожня, і темрява була над безоднею, і Дух Божий ширяв над поверхнею води. 2. Земля ж була пуста й порожня та й темрява була над безоднею, а дух Божий ширяв над водами. 2. Земля ж була безвидна і порожня, і темрява була над безоднею, і Дух Божий носився над водою. 2. А земля була невидна і пустельна, і морок на поверхні безодні; і Дух Божий ширяв над водою. 2. Земля ж була без вигляду і невпорядкована і темрява (була) над пропастю, і дух божий носився над водою.
3. І рече Бог: Настань, сьвіте! І настав сьвіт. 3. І сказав Бог: Хай станеться світло! І сталося світло. 3. І сказав Бог: Нехай буде світло! І настало світло. 3. І сказав Бог: нехай буде світло. І стало світло. 3. І сказав Бог: Нехай буде світло. І вчинилося світло. 3. І сказав Бог: Хай буде світло. І повстало світло.
4. І бачив Бог сьвіт, що воно добре; та й розлучив сьвіт із темрявою. 4. І побачив Бог світло, що добре воно, і Бог відділив світло від темряви. 4. І побачив Бог світло, що воно добре та й відділив Бог світло від темряви. 4. І побачив Бог світло, що воно добре, і відокремив Бог світло від темряви. 4. І побачив Бог світло, що воно гарне; і відділив Бог світло від пітьми. 4. І побачив Бог світло, що добре. І розділив Бог між світлом і між темрявою.
5. І назве Бог сьвіт день, а темряву назве ніч. І був вечір, і був ранок; день первий. 5. І Бог назвав світло: День, а темряву назвав: Ніч. І був вечір, і був ранок, день перший. 5. Назвав же Бог світло — день, а темряву назвав ніч. І був вечір і був ранок — день перший. 5. І назвав Бог світло днем, темряву ніччю. І був вечір, і був ранок: день перший. 5. І назвав Бог світло днем, а пітьму ніччю. І був вечір, і був ранок: день перший. 5. І назвав Бог світло днем і темряву назвав ніччю. І був вечір і був ранок, день перший.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Бібліі ў перакладзе Хамэнкі, як правіла, маюць вокладку барвовага колеру, ды называюцца «Святе Письмо».
  • Чын Базыля Вялікага зьяўляецца юрыдычным уласьнікам (мае аўтарскія правы) Бібліі Хамэнкі.
  • Пераклад Рафаіла Турканяка шмат хто лічыць чацьвертым, паколькі пераклад Патрыярха Філарэта быў зьдзейсьнены з Сынадальнае Бібліі — перакладу Сьвятога Пісаньня на расейскую мову, а не з арыгінальных грэцкіх ды габрэйскіх тэкстаў, а пераклад Аляксандра Гыжы так і ня ўбачыў сьвет.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гэты пераклад быў выкананы з расейскамоўнага сынадальнага перакладу, зьдзейсьненага пад эгідаю мітрапаліта Маскоўскага Філарэта (Драздова) 1876 году. Предстоятель Української Церкви: Патріарх — перекладач Біблії, богослужбової, житійної й морально-повчальної літератури українською мовою
  2. ^ Пры перакладзе гэтага тэксту было зьдзейсьнена параўнаньне арыгіналу з украінскімі, ангельскім ды польскім перакладамі.
  3. ^ Гэта пераклад «Астроскае Бібліі», то бок ён быў зьдзейсьнены з царкоўнаславянскае мовы, а не з арыгіналу.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Білокінь С. І. Біблії переклади українською мовою // Енциклопедія історії України / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. НАН України. — Київ: Наукова думка, 2003. — Т.1
  • Іларіон. Новий переклад Біблії: Історичний нарис // Віра й культура. — 1962 р. — № 10-11
  • Костів К. Нове видання української Біблії // Віра й культура. — 1962 р. — № 12

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]