Перамяненьне Панскае

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Перамяненьне Гасподняе — летняе Гасподняе сьвята, якое адзначаецца хрысьціянамі 6 жніўня:

Усходняя традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перамяненьне Гасподняе, 1648 г. Маларыцкі майстар

Сьвята Перамяненьня Гасподняга адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. Першыя пачалі сьвяткаваць яго цэрквы ў Палестыне, адкуль яно пашырылася па ўсім хрысціянскім Усходзе, дзе яно было добра вядомае не пазьней як у канцы 5га ст. У 8м ст сьвятыя Косма і Ян Дамаскін напісалі каноны ў гонар Перамяненьня. На Захадзе гэтае сьвята было афіцыйна ўстаноўленае толькі ў 1457г папам Калістам ІІІ і ніколі не атрымала такога значэньня як на Ўсходзе.[1]

Сьвята зьвязана з наступнай эвангельскай падзеяй. Незадоўга да Сваёй мýкі Ісус Хрыстос узяў трох найбліжэйшых вучняў — Пятра, Якава і Яна і ўзышоў зь імі памаліцца на гару Табор. Зрабіў Ён гэта дзеля таго, каб раскрыць ім Сваю Божую славу і падтрымаць у іх веру, калі ўбачаць яны зь цягам часу Ягоныя пакуты. Пакуль Ісус маліўся, вучні, стаміўшыся, паснулі. Калі ж яны прачнуліся, то ўбачылі Хрыста, што Ён перамяніўся: твар Ягоны зьзяў, як сонца, а вопратка стала белая й зіхатлівая. У гэты час зьявіліся да яго два прарокі, Майсей і Ільля, і гутарылі зь ім аб пакутах і сьмерці, якія Яму належыла зазнаць у Ерусаліме. Раптам сьветлае воблака агарнула вучняў, і яны пачулі голас Бога Айца: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце!» (Мц 17:5). Вучні ў страху кінуліся долу, Ісус Хрыстос падышоў да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся», пасьля чаго яны ўбачылі Яго ў звычайным выглядзе. Сыходзячы з гары, Ісус Хрыстос загадаў вучням не расказваць пра тое, што яны бачылі, да часу Яго ўваскрасеньня зь мёртвых. Сьвята гэтае ў народзе называецца «Другім Спасам», ці «Спасам Яблычным», бо ў гэты дзень у храмы прыносяць для асьвячэньня яблыкі і іншую садавіну новага ўраджаю.

Перамяненьне мае шмат супольнага са сьвятам Хрышчэньня. У абодвух выпадках Хрыстос паказаў сябе тым кім ён ёсьць - спрадвечным Богам, і Ягоная Боскасьць была падцьверджана голасам з гары. Хрышчэньне Хрыста адбылося на пачатку Ягонага публічнага служэньня, перамяненьне - незадоўга да Ягоных мукаў і крыжовай сьмерці. У перамяненьні Хрыстос адкрыў вучням вечную і непрамінальную рэальнасьць, што пераўзыходзіць бачную рэальнасьць гэтага сьвету. Гэтым Ён умацаваў іхнюю веру перад часам выпрабаваньняў.[1]

У Перамяненьні Госпад паказаў красу чалавечае прыроды, злучанай з Боствам, робячы Сваё перамяненьне і нашым перамяненьнем.[1]

Літургічныя сьпевы ў гонар сьвята[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй пададзеныя асноўныя літургічныя сьпевы на сьвята Перамяненьня Гасподняга ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ і ў перакладзе а. Аляксандра Надсана (БГКЦ).

Трапар сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7

Праабразіўся Ты на гары,Хрысьце Божа,
паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, наколькі было ім магчыма.
Няхай і нам, грэшным, зазьзяе сьвятло Тваё вечнае,
па малітвах Багародзіцы, Сьвятладаўца, слава Табе.

Кандак сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7

На гары праабразіўся Ты,
і вучні Твае бачылі славу Тваю, Хрысьце́ Божа, наколькі маглі ўспрыня́ць яе,
каб, убачыўшы Цябе расьпінаемага,
зразумелі, што мукі Твае дабравольныя,
і сьвету прапаведалі,
што Ты сапраўды ёсьць Ойчае зьзяньне.

Задастойнік сьвята Праабражэньня Гасподняга

Велічай, душа мая, Госпада, які праабразіўся на Фаворы. Нараджэньне зь Цябе было цнатлівым: Бог выйшаў з Твайго ўлоньня, зьявіўся на зямлі ў плоці і жыў зь людзьмі. Таму Цябе, Багародзіца, мы ўсе велічаем.


Трапар сьвята Перамяненьня Гасподняга (тон 7).

Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, наколькі яны маглі ўспрыняць. Хай зазьзяе і нам, грэшным, сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы. Сьветладаўча, слава Табе!

Кандак сьвята Перамяненьня Гасподняга (тон 7).

Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець дабравольныя Твае цярпеньні і сьвету аб’явіць, што Ты – сапраўды зьзяньне Айца.

Задастойнік сьвята Перамяненьня Гасподняга

Блаславі, душа мая, Госпада, які перамяніўся на гары.
Ірмас (тон 4). Тваё сынараджэньне нятленным было: Бог выйшаў з улоньня Твайго і, зьявіўшыся на зямлі як чалавек, пажыў сярод людзей. Дзеля гэтага мы ўсе, Багародзіца, Цябе ўзьвялічваем.[2]

Рыма-каталіцкая традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Рыма-Каталіцкім касьцёле сьвята ўсталяванае ў 1456 годзе папам Калістам ІІІ у гонар перамогі хрысьціянскай (праваслаўна-каталіцкай) кааліцыі над туркамі пад Бялградам у 1456 годзе. У сучасным рыма-каталіцкім календары сьвяту надаецца меншае значэньне, але яно шырока сьвяткуецца ў праваслаўных Цэрквах (19 жніўня), у армянскай Царкве і ва ўсходніх каталіцкіх Цэрквах.

  1. ^ а б в а. Аляксандар Надсан "Выбраныя Сьвяточныя Службы. Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Усьпеньне Найсьіяцейшае Багародзіцы" Выдавецтва "Божым Шляхам" 1996, ст. 4
  2. ^ а. Аляксандар Надсан "Выбраныя Сьвяточныя Службы. Перамяненьне Госпада, Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста. Усьпеньне Найсьіяцейшае Багародзіцы" Выдавецтва "Божым Шляхам" 1996